За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Але аднойчы i Саміні дастаў з-за пазухі скрутак.
— Гэта вершы Рабіі,— сказаў ён,— першай суфійкі, рабыні, што нарадзілася ў Басры тры з паловай стагоддзі назад. Яна адкрыла ў чалавеку духоўную сілу.
— Навошта мне вершы? — запытаўся Алекса.— Я не разумею ix.
— Я памагу табе,— сказаў Саміні.— У нас, суфіяў, вершы — гэта толькі іншасказанні. Ты думаеш, што ідзе гаворка пра локаны — а гэта свет, ілюзія. Даўжыня кудзераў — бясконцасць форм праяўлення быцця. Кольцы кудзераў — гэта пастка для нявопытнай душы, а твар — гэта i ёсць сапраўднае быццё. Дык як будзе гучаць радок? I ён прачытаў двухрадкоўе:
У цёмнай начы локанам сябра,
Правадыром закаханых стаў вясенні вецер?
А пасля засмяяўся.
— Надумай, аб чым радкі? Аб каханні? О не! Аб шляху да мудрасці.
— А вецер што гэта? - запытаўся Алекса. Ён стаіў дыханне.
— Ведай! Вецер — адкрыццё, спасціжэнне ісціны. Бачыш, як складана?
— Але навошта мне гэта? — здзівіўся Алекса.
Калі хочаш зразумець Ібн-Сіну, разбярыся, пра што ён пісаў. Ты хочаш ведаць пра сем далін? Гэта шлях да ісціны, праз пошукі, любоў, самазнішчэнне — каб зліцца з Вечным... А Вечнае — гэта Ісціна.
— Для мяне гэта вельмі складана. Я... я не змагу.
— A ўсё адразу не трэба! — засмяяўся Саміні.— Проста я хачу, каб у мяне быў варты мяне субяседнік. A галоўнае — той, каму давяраю. О, як горка бывае сярод гэтых сытых, цёмных душою людзей!
— Для чаго ж ты жывеш пры двары? — абурана спытаўся Алекса.
— Для таго, каб хаця трохі змякчаць сэрца правіцеля, а праз яго — лес беднага люду. У кожнага — свая справа...
Не адразу прызнаўся Алекса, што ў яго таксама ёсць свая мара: запісаць лепшае з таго, што знайшоў у сваіх вандраваннях, што прачытаў, над чым думаў гэтыя гады.
— Правільна! — загарэўся Саміні.— Помніш, у трактаце «Хай ібн Якзан» ёсць месца, дзе гаворыцца, што на шляху ісціны дапамагаюць духоўныя людзі — як бы зямныя анёлы. Гэта — паэты, філосафы, высакародныя пісьменнікі. Ёсць i іншыя — тыя, хто могуць распрацоўваць тэорыі грамадства ці проста ўдзельнічаць у практыцы Справядлівасці. Слабы бок паэтаў i філосафаў — што яны стаяць у баку ад практыкі Справядлівасці. Затое другія толькі ў практыцы i могуць разгарнуць свае здольнасці. Як жа важна, каб рабілі жыццё на зямлі чыстыя рукі! Калі можаш, ты павінен несці Словам у свет чысціню i сумленне. I пра гэта таксама гаворыць наш вялікі ІбнСіна. Табе пашанцавала, што ты знайшоў трактаты. Ix у спісах усяго некалькі. Страшна падумаць, што будзе, калі новы правіцель не зберажэ бібліятэку, не стане цікавіцца кнігамі. Бяры Веданне, чытай! I я дапамагу табе, чым змагу!
...Павольна раскрывалася душа Алексы ў гаворках з Саміні. I ён думаў з радасцю пра тое, што лес усё ж літасцівы да яго — даў сустрэцца з такімі людзьмі, i яны не шкадуюць для яго часу i сіл. Ці аднлоціць ён калі за гэта.
Аднойчы ён паказаў Саміні, як можа павялічваць агонь. Паказваў i баяўся — калі сам не можа растлумачыць, як удаецца такое, то што ж скажа яго сябра? А раптам устане, пакліча варту?!
Саміні доўга сядзеў раздумваючы.
— У цябе ёсць Гэта,— сказаў ён i паказаў на грудзі.— У цябе ёсць сіла духу, недаступная мне. Не, гэта не чараўніцтва, Аль-Іса. Калісьці людзі даведаюцца, што гэта толькі адна з форм праяўлення матэрыі. Ёсць вешчыя сны — ці не таму, што мы нейкім чынам прарываемся ў Будучае, якое існуе вечна, як існуе Мінулае i Сапраўднае? Я думаю, што смерці няма. Смерць — гэта нейкая форма існавання той жа матэрыі.
— Што ты кажаш! — Алекса жахнуўся.— Толькі вар'ят можа не прызнаваць смерці!
— Скажы я пра гэта каму яшчэ — мяне разапнуць на варотах як Азакіра або як зусім нядаўна — Харакані. Але я кажу толькі табе, сябра мой Аль-Іса...
Пасля той размовы Алексу стала лягчэй. Так, ён i сапраўды думаў, што дар, якім ён валодае — ад нейкага злога чараўніка, які раптам запатрабуе ад Алексы нешта страшнае — можа, душу. А раз так, няма чаго баяцца. Саміні проста так не скажа. Алексу далека да яго...
А аднойчы Саміні прынёс яшчэ адзін тоўсты скрутак. I, раскрываючы яго, таямніча падміргваў Алексу i шчасліва ўсміхаўся.
— Прачытай i перапішы, калі можаш,— сказаў ён.— Мне далі гэта на вельмі кароткі час. Але ж — далі...
Гэта быў рукапіс, «Канон» Ібн-Сіны — Алекса вачам сваім не паверыў, калі прачытаў назву.
— Нягледзячы на забарону Галоўнага Лекара, кніга ў нас! — зноў падміргнуў Саміні.— Вось так, дружа мой Аль-Іса!
— Але як удалося дастаць яе?
Саміні не адказваў. Твар яго раптам стаў змучаным, нібы адразу пастарэлы на два дзесяткі гадоў.
— Лепш не пытайся,— сказаў ён хмурна. А пасля, памаўчаўшы, дадаў таропка: