За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Нібыта чымсьці атручаны, ён ванітаваў доўга i пакутліва, пасля да ночы піў зялёны кок-чай, дзівячыся з таго, што ён, воін, які столькі бачыў смерцяў i гора, зніякавеў ад выгляду мерцвяка.
Прыходзіў Саміні, але, трохі пагаварыўшы, пайшоў, ціха зачыніўшы дзверы, таксама замаркочаны.
Увайшла Айдзін, стала запальваць папяровыя ліхтарыкі, закрываць шторамі разьбяныя рашэцістыя аканіцы, каб не зазіралі ў пакой чужыя. Тонкія смуглявыя рукі яе дакладна вымалёўваліся на пабеленай сцяне, круглы тварык быў задуменны i таксама маркотны. Нясмела зіркнула на яго — i апусціла вочы, абведзеныя сурмою.
Ён глядзеў на яе не адрываючыся.
— Хадзі сюды,— паклікаў, i яна легка скокнула насустрач, абвіла яго плечы рукамі.
Холад i адзінота ў яго сэрцы адступілі, ён лашчыў цёплае смуглявае цела, адчуваючы нястрымную прагу жыцця, шалёную радасць існавання, а пасля — ціхую ўдзячнасць i стому...
Гэтая ноч, калі павярнула на вясну i скрозь цёплы, вільготны туман прабіліся першыя парасткі, з'яднала ix. Жыць стала трохі цяплей.
Аднойчы Саміні прыйшоў заклапочаны i пахмурны. Пакуль жанчыны мітусіліся, накрываючы дастархан, ён сядзеў, зрэдку ўстаўляючы колькі слоў.
— Прынясі віна! — коратка загадаў Заміры.
— Можа, згуляем у шахматы? — прапанаваў Алекса.
Саміні моўчкі пахітаў галавой.
— Што з табою, паважаны? — не вытрымаў нарэшце Алекса.
— Вай-вай, Аль-Іса, не выйдзе з цябе адзіба,— дакорліва паіранізаваў госць.— Не можаш дачакацца, пакуль сам скажу. А прынёс я табе, як чорны вястун, нядобрае.
Пасля госць разгаварыўся.
— Галоўны еўнух атрымаў вялікі падарунак, каб прасіць у эміра тваё месца для свайго родзіча. І праўда, падумай сам — ты жывеш тут, у палацы, ужо тры гады, а не падліпала i не гнешся ні перад кім. Двойчы я адстойваў цябе, але ж са мною таксама можа ўсякае здарыцца... У палацах няма справядлівасці, я нядаўна прагневаў уладара i ад ката выратаваўся цудам.
Ён прагна выпіў піялу, пасля другую.
— Што ж мне рабіць, куды ісці? A бібліятэка. - напачатку ажно разгубіўся Алекса.
— У прыюце для састарэлых ёсць месца наглядныка. Праўда, гэтае месца — месца тугі i гора, а тваё сэрца ўсё болей становіцца падобным да воску, але ж затое там далека ад прыдворных i ад горада няблізка... А галоўнае — там жыве мой далёкі родзіч, чалавек смірны i богабаязны, але ён умее паводзіць сябе з вышэйшымі адпаведна... Пакуль не насціг цябе гнеў эміра — a галоўны еўнух умее выклікаць той гнеў, i дастаткова паламанай кветкі, дажджу, таго, што любімая наложніца чхнула... Аль-Іса, сябра мой, ідзі ў прыют! Я дапамагу табе атрымаць званне табіба-лекара.
— Але... грошы? Я толькі пачаў ix збіраць, а званне табіба каштуе нямала,— разгублена казаў Алекса, ды Саміні перабіў яго:
— Я дам ix табе... А ты пасля, калі разбагацееш, аддасі...
— Што ты надумаў? — ціха занытаў Алекса, гледзячы ва ўпор на сябра. Толькі цяпер ён заўважыў, як пастарэў, азыз Саміні. Ён шмат п'е, у хмелю маўчыць i зацята думае аб не чым.
— Не пытайся.— Саміні востра глянуў у вочы Алексу, махнуў рукою, працытаваў:
З-за сыноў смуткуе той, хто мае сыноў.
Той, хто мае кароў, плача з-за кароў.
Прыхільнасці прыносяць людзям адно гора.
Толькі той не смуткуе, хто ні да чаго не прывязаны.
— Бачыш — царствы рассыпаліся, пяскамі замяло камяні, а словы жывыя, i памруць яны, калі памрэ аношні чалавек,— Саміні расчырванеўся, разгаварыўся. Такім гаваркім быў ён упершыню.
— У мяне няма дзяцей, мае жонкі бясплодныя, як зямля ў пустыні,— паскардзіўся.— Я доўга думаў, за што такая няміласць лёсу. А аднойчы прыйшла думка — можа, таму, што вялікі Алах не хоча, каб чалавек сваёй мудрасцю набліжаўся да яго? Ён уклаў у мяне розум, даў галаву i вочы, якія бачаць многае з таго, што не бачаць іншыя... Людзі захаиляюцца мною, але наш уладар стаміўся ад мяне, хоча, каб кожнае слова яго прымалася нібы прароцтва... I я, я сам ужо хачу, каб мае вочы i мой язык былі такімі ж, як у навакольных, што крычаць i славяць ягоную мудрасць. Але яны, мае вочы, відаць, выдаюць мяне, бо колькі разоў, сустрэўшыся са мной позіркам, ён цьмянеў i адварочваўся! Што мне рабіць?!
Тым разам яны заседзеліся да раніцы. А праз нейкі час Алекса перайшоў у прыют састарэлых, што знаходзіўся за горадам.
Перавёа няхітры скарб, забраў Айдзін i Заміру.
У бібліятэку ён усё ж прыходзіў Саміні вымаліў гэтую літасць у эміра. Так цягнулася яшчэ два гады.
Але аднойчы, прыйшоўшы як звычайна да дзвярэй кнігасховішча, Алекса ўбачыў у кустах спалоханага Расула, былога свайго памочніка.