За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Алекса падняў галаву. Не, гэты таўстун з чырвоным тварам i адвіслымі шчокамі — не эмір. Гэта, відаць, начальнік стражы пры палацы. Эмір — той, з бледным, бяскроўным ілбом i сіняватымі ценямі над чорнымі тусклымі вачыма, у халаце, падбітым собалем. I ён адказаў, схіляючы галаву перад ім:
— О, уладар Сусвету, сонца Бухары! Я не ведаю, ці жыве яшчэ тая, пра наго я думаў, пішучы радкі паэта, чыё сэрца нахала так моцна. Я люблю гэтую паэму, бо ў ёй плач i словы аб каханні не аднаго, а тысяч i тысяч, якія жылі i якія будуць жыць пасля нас!
— У тваіх вачах святло розуму, i ты не падобны да таго, за каго выдаеш сябе! — сказаў на гэты раз другі голас, i Алекса пазнаў — гэта гаварыў візір.— Хто ты, што назваўся памочнікам садоўніка?
Алекса адчуў, што яго ахапіў сполах.
У плечы яго балюча ўпіўся кінжал.
— Гавары, пёс! — прахрыпеў над вухам начальнік варты.
— Я з краіны русаў, той краіны, якая дае вам кальчугі i прыгожых жанчын, воск i звяроў, якімі абшыты твой халат, о уладар! Я прыйшоў сюды спярша за каханнем. Цяпер я застаюся тут з-за ведаў.
— Расказвай! — зноў штурханулі яго ў плечы.
— Ён раскажа сваю гісторыю сёння ўвечары! — разамкнуў вусны эмір.— Я так хачу!
Ён зрабіў знак, світа, што ззяла парчой, золатам i каштоўнымі каменнямі пасунулася далей, Алекса i кітаец засталіся адны на каленях.
Першым устаў садоўнік, абтрос жоўты, сухі пясок, трасянуў галавой.
— Ну, цябе яўна ўпадабаў нехта з Небажыцеляў! — сказаў ён зайздросліва.— Маглі кінуць у зіндан, а замест гэтага будзеш на піры ў эміра. Я вось ніколі нават не заходзіў у ягоныя пакоі.
— Дый я не надта туды імкнуся,— сказаў Алекса.— У нас гаварылі — «дзякуй за полудзень, я й так не голадзен».
— А я дык галодны,— сказаў садоўнік.— Не пагрэбуй маім сціплым пачастункам, зайдзі! Вечар яшчэ не скора, a ў мяне ёсць чайнік ружовага віна з сапраўднымі кітайскімі прысмакамі. Смаката — як у феі Ванму! У садах гэтай феі цвіце раз у тры тысячы гадоў персік, што дае бяссмерце. Ідзём, шчаслівец!
Амаль да самага заходу сонца праседзеў Алекса ў пакоях Лi-сына. I дзіўна — здаецца, піў шмат віна — сапраўды пахкага, хмельнага — а галава ясная, кроў бяжыць па жылах бурліва i моцна, так што хочацца ўзляцець... Многа расказваў яму кітаец — i пра нейкую Блажэнную Краіну Яшмавых Званоў, куды вынадкова забрыў старадаўні паэт i дзе знайшоў не бачаныя на Зямлі кнігі, адкрыў таямніцу сямі ззяючых шарыкаў бяссмерця i даведаўся пра Залатую Ісціну; i пра тое, што на Месяцы, аказваецца, жыве нейкі Заяц, у якога ў лапах Таўкач! а таўчэ ён парашок бяссмерця; i пра лісіц, што ператварыліся ў прыгажунь i зачароўвалі смяротных людзей... I пра многае іншае расказаў бы Алексу Лi-сын, які, аказваецца, веда ў так многа, але прыслалі з палаца за памочнікам садоўніка. Кітаец прынёс ахвяры сваім багам — спаліў шмат папяровых грошай, каб закінуў хлопец слова i за яго. Алексу пераапранулі, на галаву яму далі шытую прыхаматлівымі ўзорамі цюбецейку, прымусілі абцерціся пахкай вадой.
Цэлы вечар, седзячы непадалёку ад эміра, за асобным столікам, у той час калі прыдворныя паціху пілі чай, елі розныя прысмакі i ласункі, расказваў Алекса пра сваё жыццё. Тоўстыя, раўнадушныя людзі цокалі языкамі, ківалі галовамі, але ўсе яны лісліва i насцярожана сачылі за тварам эміра, а ён быў непрыступны, замкнёны. Толькі калі Алекса расказваў пра мусульманскі набег на кішлак, эмір працадзіў скрозь зубы:
— Даўно трэба было гэтых паганых вогнепаклоннікаў...
І ўсе тут жа заківалі галовамі, згаджаючыся i славячы мудрасць уладыкі. Толькі адзін — невысокі, чарнявы чалавечак — паглядзеў на расказчыка спачувальна i выцер вочы рукавом.
Алексу быў ахапіў гнеў, але ён стрымаў сябе. Занадта добра вядома, што будзе, калі не спадабаецца эміру расказ, i смерць на дыванку крыві яшчэ будзе самаю лёгкаю з таго, што можа напаткаць. Ён расказаў, як вылечыў маладога Абу-ль-Хасана — i толькі тут эмір першы раз усміхнуўся, а за ім — адразу ж — усе прыдворныя...
— Ці можа так быць? — запытаўся эмір у аднаго з таўстуноў, i той, пацалаваўшы зямлю перад ім, сказаў, што, сапраўды, ёсць такі спосаб у бедуінаў, але ці дапамагае ён — даведацца цяжка, таму што небяспечна рабіць такое з мёртвым целам.
Калі Алекса нарэшце закончыў, укленчыўшы перад эмірам, па крузе пачалі разносіць чашы з віном — Алекса па паху пазнаў яго. Гэта было шыраві, егіпецкае віно, якім добра вылечваць прастуду i якое так любіў Ашавазда. Вакол чуліся прыцмокванні, галасы, а ён усе ляжаў нщма, не адважваючыся падняць галавы.
— Можа, хай вандроўнік трымае экзамен?— спытаўся нехта над ім.