За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Ірву хрызантэму там, у агароджы, к усходу:
У цемрадзі цёмнай бачу Паўднёвыя горы.
— I я... бачу... Паўднёвыя горы...— ён упаў галавой на скрыжаваныя рукі, замоўк, матляючы космамі, спацелымі на патыліцы. Увайшла Заміра, закрыўшыся рукавом, махнула Алексу, паказваючы, каб ішоў спаць. Не раз гэта ўжо бывала з яе гаспадзінам, i яна, пераадольваючы агіду, глядзела за гэтым чужым i незразумелым ёй чалавекам, раджала ад яго дзяцей, гаспадарыла ў доме, з якога маглі выгнаць у любую хвіліну.
— Можа, i сапраўды чалавек — толькі госць на зямлі, госць часовы, які сам не ведае, для чаго ён тут? — спытаўся Алекса ў кітайца.— Каму трэба, каб вы пакутавалі без сваёй радзімы, без хаты з папяровымі сценамі i тоўстымі бажкамі, перад якімі кураць травы продкі?
— Мне цяжка! — сказаў Лі-сын.— Але, відаць, такая Воля Неба.
— А можа, i не трэба пакутаваць? Можа, радзіма для чалавека — увесь свет, i дзе добра, там яму i радзіма?
— Не, не! — запярэчыў кітаец. I паўтарыў упарта: — He!
Галоўны захавальнік кнігасховішча памякчэў да Алексы: кожны дзень той прыносіў яму то гранаты з саду, то яблыкі, то дзівосныя кветкі. А можа, болей за ўсё ўразіла яго, як браўся хлопец за кнігі: беражліва, як за самае каштоўнае i дарагое. Усё часцей стары ішоў дасыпаць у маленькую прыстройку пры сховішчы, таму што прыходзіў памочнік садоўніка звычайна амаль на дасвецці, каб паспець да прыходу прыдворных мудрацоў. Тыя Алексу не любілі — шыпелі ўслед варожа, не раз чуў ён «гяўр», «няверны». Мабыць, эмір забыўся на яго, таму што хапала пры двары інтрыг i барацьбы за ўладу, a калі б успомніў, мог адмяніць свой дазвол. Ды Алекса не ведаў, што быў пры двары чалавек, які заўсёды гатовы быў абараніць яго, таму што прыйшліся яму даспадобы дзёрзкасць i прага да ведаў саклаба-славяніна. А яшчэ думаў прыдворны блазан Саміні, што ўсявышні выпрабоўвае сваіх улюбёнцаў, тых, каму дае болей за ўсіх.
Але Алекса не здагадваўся пра абаронцу i стараўся быць непрыкметным, забытым усімі, як бы i не існавала яго для модных свету.
I ў тую раніцу ён ціха павітаўся з захавальнікам сховішча, паднёс яму, як звычайна, падарунак — адвар травы ад кашлю, i пайшоў сабе да далёкіх паліц, каб яшчэ раз прагледзець — ці няма там «Канона».
Разгортваючы скруткі, схаваныя ў скураныя, расшытыя i ўпрыгожаныя каменнем футаралы, ён нечакана наткнуўся на парваны там-сям пергамент. Прачытаў — i не па веры ў вачам. Гэта былі славутыя філасофскія трактаты Ібн-Сіны «Хайі ібн Якзан»: — «Запрашэнні да Падарожжа», «Птушкі», «Аб лесе i прадвызначэнні».
Ён ліхаманкава чытаў:
«Ці знаходзішся сярод братоў маіх, ты, які хоча зараз звязацца са мною, каб даведацца пра мае патаемныя думкі? А можа, ты здольны зрабіць мне палёгку, узяўшы на сябе нейкую яе частку?.. Адданая душа не здольная выцягнуць свайго сябра, калі не ўтрымлівае ў сабе нейкі высакародны пласт альбо сяброўства, абсалютна не шкоднае для яго сябра. Як табе памагчы мець адданага сябра, калі ты разглядаеш яго як пейкі прытулак, куды можна прыбегчы пры няшчасці, i адмаўляешся выконваць свой уласны абавязак у адносінах да яго, калі ён табе не патрэбны?»
Ён сеў, скрыжаваўшы ногі, проста ля паліцы, нібы баяўся страціць час, i чытаў далей:
«Самы багаты чалавек той, хто асмельваецца ўбачыць заўтра, i самы нізкі той, хто будзе ашуканы сёння сваім часам».
А пасля ён чытаў трактат аб птушках. «Ляцяць свабодныя птушкі, i адна з палонных птушак, што сядзіць у клетцы, заклінае ўсім, што ёсць святога, зжаліцца над ёю, вызваліць яе з путаў... Птушкі вызвалілі яе шыю i крылы. Але погі засталіся звязанымі, таму што i ў свабодных птушак на нагах — путы, i яны шукаюць таго, хто б вызваліў ix канчаткова.
I ляцяць, ляцяць птушкі — праз сем далін, сем вяршыняў. Стамляюцца ix крылы ўсё болей i болей, i хочацца адпачыць, застацца ў адной з райскіх далін... Але не, не там ісціна, яна — у вялікага цара, што жыве на восьмая вяршыні.
Нявыказаная прыгажосць i спакой на той вяршыні, але i сам Вялікі Цар не дае вызвалення.
— Толькі той, хто надзеў кайданы, вызваліць.
— Хто?
— Здагадайцеся.
— Анёл Смерці, так?
Маўчыць цар...»
Пра што гэта? Пра якое падарожжа, пра якія сем вяршыняў? А путы — што гэта?
А ноччу прыйшла здагадка — мусіць, гэта пра цела гаварыў Ібн-Сіна. Душа спасцігае ісціну — але вечна звязаная яна з целам, са слабасцю, са спакусамі...
З таго часу ён жыў як бы падвойным жыццём — хадзіў за дрэвамі i кветкамі, сустракаўся з Лі-сынам — a чакаў раніцы, каб зноў чытаць i разважаць над маленькімі трактатамі геніяльнага вучонага, што так нечакана трапілі да яго.