За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
А чае ішоў. Аднойчы Лі-сын захварэў. Колькі ні слухаў яго Алекса, колькі ні напружваў памяць, не мог вырашыць, што за хвароба ў чалавека — вочы абведзеныя сінім, пульсу амаль няма, i сэрца б'ецца неахвотна, нібыта восьвось спыніцца. Лекар з палаца, які даглядаў дробных слуг, таксама паціскаў плячыма.
— Памрэ ён, відаць,— сказаў нарэшце, i Алекса пайшоў рабіць свае бясконцыя справы, а смутак не пакідаў яго, i на сэрцы было так цяжка, што ён i не заўважыў, як да яго падышоў чалавек.
Ён ужо не раз падыходзіў да Алексы, жартаваў з ім, распытваў пра былое. Алекса ахвотна адказваў яму — запомніў спагадлівыя вочы прыдворнага каліграфа Саміні, які, аднак, мала займаўся каліграфіяй, а больш пацяшаў эміра i яго прыдворных. У Саміні быў рэдкі дар імправізацыі i знаходлівасці, пра якія ў Бухары нават складаліся легенды. Адну з ix Алекса ўспомніў, гледзячы на тонкі, адухоўлены твар Саміні, які ўмеў быць бязлітасным i злосным, як аса.
Гады два назад адзін з візіраў, тайна ненавідзячы Саміні, параіў эміру пажартаваць. I той, раздаўшы саноўнікам па курыным яйку, прызваў каліграфа i заявіў яму:
— Прысніўся мне сон, што ўсе мае прыбліжаныя могуць даць нырца ў басейн i дастаць адтуль яйка. Але гэта толькі тыя, у каго высакародная кроў. Вось i хачу паглядзець, хто з вас дастойнага роду, а хто — так сабе, смецце.
I па знаку правіцеля ўсе скіраваліся да басейна, i сапраўды кожны, хто ныраў, прыносіў з сабой яйка. Адзін толькі Саміні вынырнуў з пустымі рукамі. Але ён не разгубіўся — тут жа прысеў i закукарэкаў.
— Чаго ты кукарэкаеш?
— О уладар! — сказаў Саміні.— Яйкі нясуць толькі курыцы. Яны — вакол цябе. А я — адзіны тут певень. Адкуль жа ў мяне возьмецца яйка?!
Маўчалі візіры, маўчаў i зласлівец, нават сам эмір не знайшоўся што сказаць. Але няўдалы жарт у той жа вечар стаў вядомым у горадзе — адкуль i як? Саміні, адзіны сярод прыдворных, хто выбіўся дзякуючы свайму таленту, а не знатнасці, быў улюбёнцам бухарцаў, i сам эмір лічыўся з гэтым.
— Што з табой, Аль-Іса? — запытаўся Саміні.
Алекса расказаў пра Лi-сына, i смуглявы, рухавы твар бухарца пацьмянеў.
— А ведаеш што? — сказаў ён нарэшце.— Я сёння гуляю з Шамс-аль-Мулькам у шахматы. Я ўвесь час прайграю, таму што... Эмір — ён эмір... Ну, што казаць. Але сёння я выйграю i папрашу сабе кітайца. Я бедны чалавек, я не збіраю грошы i каштоўнае каменне. Мне не адмовяць. Так што... Калі ён яшчэ жывы, суцеш яго, мы адправім яго дадому.
Праз колькі дзён, маючы пры сабе грамату адпушчэння, яшчэ бледна-жоўты, але поўны радасці Лі-сын развітаўся з Алексам i Саміні.
— А хто адпусціць мяне, хто выправіць адсюль? — думаў Алекса, калі караван, да якога прыстаў кітаец, схаваўся за ружова-бэзавай смугой i замоўкла меладычнае дзіньканне званочкаў, што віселі на шыі кожнага вярблюда.
Караван адпраўляўся ў краіну шоўку, па Вялікім Шаўковым шляху, i ўзброеныя купцы нагадвалі хутчэй войска, чымся мірных гандляроў. Лі-сын, апрануты ў сіні палатняны каптан, высокую шапку i боты, пакорпаўся ў размаляваным жоўтым i чырвоным сундуку, дастаў i працягнуў
Алексу невялікі пакунак.
— Калі направіць гэтае люстэрка ў сёмы дзень першага месяца на чалавека, можна ўбачыць, што ў яго ўнутры,сказаў ён.— Але чалавек, які бярэцца так рабіць, павінен быць добрым i спагадлівым. Мне не ўдалося гэта зрабіць ні разу, дый я i баяўся выклікаць духа гэтай рэчы. А люстэрка гэтае старадаўняе, эпохі Тан. Нам яно дасталося ад продкаў, але табе, Аль-Ica, я падару яго. Нават калі ты нічога не зможаш зрабіць i яно не паслужыць табе чароўнай сваёй сілай, то ўсё ж я, нікчэмны Лі-сын, спадзяюся, што сама работа i старадаўнасць рэчы паслужаць табе ўцехай.
I ён доўга кланяўся Алексу, стаўшы перад ім на калені, аж пакуль начальнік каравана не крыкнуў, каб гэты чортаў сын паспяшаўся.
Канчалася зіма, гліністыя палі падсыхалі. Высока ляцелі журавы. Стоячы на пустэльнай дарозе, Алекса адчуваў вялізную, бяздонную, як гэтае выцвілае неба, журбу i самоту.
— Яшчэ адзін чалавек быў у маім жыцці i знік,— думаў ён.— A колькі будзе яшчэ?
У пакоях Лі-сына, якія цяпер аддалі памочніку кітайца, было ціха, крокі Алексы гулка раздаліся на тэрасе, дзе, захутаўшыся ў чорнае, сядзела Заміра. Убачыўшы новага гаспадара, яна ўстала на калені, склаўшы рукі, далонь да далоні, пад падбародак — чакала прысуду.
— Заставайся,— сказаў Алекса, яна радасна ўскрыкнула, схілілася да зямлі, чорныя вочы яе заблішчалі.
Вечарам прыйшоў Саміні. Пасля ён стаў прыходзіць амаль кожны вечар, i Алекса радаваўся яму, як блізкаму чалавеку. Пераказваў прачытанае за дзень.