За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Я спытаюся ў лекара Ахваза, ён мне не адмовіць, бадай што,— нарэшце неахвотна сказаў Алекса, i старэйшына схіліўся перад ім яшчэ ў ніжэйшым паклоне:
— О, няхай вароты тваёй мудрасці будуць заўсёды адчыненыя! — I дадаў прыніжана: — Няхай Алах дасць табе вялікае патомства!
Ліслівы гэты чалавек нават не здагадаўся, як ударылі яго словы па сэрцы. Вялікае патомства... Няма ў яго нікога i ці будзе наогул? Ужо падступае над сэрца стомленасць, ужо першыя сівыя ніты ўпляліся ў валасы...
Ён не прыходзіў да Абу-ль-Хасана болей за месяц. Але за гэты час ва ўласным жыцці яго адбыліся змены, адбыліся неспадзявана для яго самога.
У свабодны час — а яго было зусім нямнога — Алекса ўпарта працягваў вучыцца арабскай грамаце. Звыклая яго памяць схоплівала патрэбнае імгненна, i ён, часцей за усё на памяць завучыўшы той ці іншы выраз з «Карана», запісваў яго. Паперы не было, i ён запісваў на ўсім, на чым можна, але найчасцей на пяску, якім кожны дзень прысыпалі дарожкі ў садзе. Рабіў гэта Алекса да ўсходу сонца, да першай малітвы муэдзіна, таму што правіцель часцяком любіў выходзіць у сад.
Пасыпаўшы дарожкі, Алекса ішоў у дом садоўніка ці ў самыя аддаленыя куткі саду, дзе раслі лекавыя травы i куды світа эміра не заходзіла ніколі. Там падстрыгаў кусты i ружы, вучыўся рабіць прывіўку на дрэвах, якія ў добрым настроі паказваў яму садоўнік — паважны, ганарлівы стары кітаец. Добры настрой у яго бываў рэдка, ён сумаваў па сваёй радзіме — далёкім Чыну, паднябеснай, або серадзіннай імперыі, як тут называлі Кітай, i ўсё навокал здавалася яму дзікім i грубым — i пакоі палаца, i прыдворныя з ix прагавітасцю на баляваннях i тоўстымі жыватамі, якімі яны напіралі часам на Лі-сына, бегаючы па даручэнні валадара за кветкамі ці за гваздзікамі, каб пакласці ix у рот перад вялікім прыёмам. Лi-сын аднойчы сказаў iiры Алексу, што гэта ён увёў у звычай класці ў рот пахучы плод ці кветку, каб не апаганьваць сваім дыханнем уладара, i што за гэта не любяць яго прыдворныя. «Не любяць, але баяцца!» — дадаў ён паважліва, i твар расплыўся ва ўсмешцы.
Дзякуючы Лі-сыну, які развёў у садзе расліны сваёй радзімы, пазнаёміўся Алекса з гваздзічным дрэвам — яно ніколі не скідвае лістоў, i кветкі яго пурпуровыя, з белымі i ружовымі пялёсткамі: з шафранам, што цвіце светлафіялетавым колерам, a тканіну фарбуе ў жоўтае; з травой анісам, што памагае зубам ад каменю i вылечвае кашаль, яшчэ са мноствам розных дзівосаў, якія таксама нецярпліва i прагна схоплівала Алексава памяць, каб пасля запісаць усё гэта ў сваю Кнігу.
У той дзень ён справіўся ca сваёй работай рана, i таму, разгладзіўшы роўную паверхню дарожкі, нанісаў на ёй першы радок паэмы, якую так любілі ў тыя гады ў Бухары. Нанісаў яе некалі славуты паэт — Імруўлькайс, напісаў пра каханую, якую згубіў, i Алекса, думаючы пра БадзіюБярозу, вывеў на пяску:
«Пастойце, паплачам, успомніўшы пра каханую i яе жытло!»
Пастаяў, палюбаваўся надпісам, i толькі хацеў сцерці яго, як ззаду раздаўся крык Лi-сына:
— Зараз жа... зараз жа сарві кветак граната i перадай еўнуху! Захварэла ўнучка візіра, а ты, абібок, сядзіш i глядзіш тут на сонца!
Алекса пабег услед за еўнухам, забыўшыся i на надriic, i на сябе самога. Унучка візіра хварэла часта i была надзвычай злоснай i капрызлівай. Панярэдніка Алексы выгналі, збіўшы яго палкамі, за тое, што ружы, якія падаў капрызніцы праз еўнуха, моцна ўкалолі яе, а яна паскардзілася самому дзеду, які ацаніў гэта як знявагу.
А праз гадзіну перапалоханы Лі-сын прыбег, абліваючыся потам, да градаў шафрану, дзе корпаўся яго памочнік, i дрыжачым голасам загадаў бегчы за ім. Ён скуголіў усю дарогу, што правіцель, сам светлы правіцель, убачыў, што напісаў дзёрзкі бядняк, i хоча даведацца, для каго гэты надпіс?
— Спадзяюся, што ты, сын Лісіцы, не завёў хітрыкі з якой-небудзь гарэмнай красуняй. Калі так, то лепей давай зойдзем да мяне i абодва вып'ем атруты, бо смерць наша можа быць страшнай, як толькі ўмеюць забіваць у гэтым краі дзікуноў! — хутка гаварыў ён, час ад часу збіваючыся на незразумелыя словы — відаць, на сваёй роднай гаворцы.— Каму ты пісаў?
— Супакойцеся, паважаны, я ні разу не бачыў ніводнай жанчыны бліжэй чым за сотню крокаў. Ці ж да гарэмных красунь мне, у якога няма нават уласнага жытла!
Яшчэ здалёку на дарожцы Алекса ўбачыў мноства людзей у парчовых, аксамітавых халатах, у шапках з залацістай лісы. Кітаец упаў на калені i, мармычучы нейкія малітвы, папоўз наперад, Алекса за ім.
Ён адчуў, як мноства позіркаў — цікаўных, грэблівых, зласлівых — упілося ў яго.
— Дык гэта ты, нікчэмны чарвяк, асмеліўся пісаць вершы Імруўлькайса? Для каго яны? Кажы, калі не хочаш, каб твая галава сёння ж тырчала на дзідах маіх воінаў! — раздаўся над ім голас.