Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 209
Перейти на страницу:

— Калі гэта здарылася? — ціха спытала манашка.

— Трэцяга дня...

Сястра Агапа моўчкі паківала галавою. Позна... Усё невыпраўна позна...

Раптам рыцар расплюшчыў вочы, бліснула іх невыцвілая сінізна, і прагаварыў:

— Не плач, Анэта, а то жабы ў пакоі развядуцца...

І паспрабаваў усміхнуцца.

— Бачыш, я ўжо так блізка да брамы смерці, што нават не здзіўляюся нашай сустрэчы...

Манашка нахіліла галаву.

— Маё імя сястра Агапа.

— Кінь... Калісьці я гаварыў, што пазнаў бы цябе, нават калі б ты пераўтварылася ў воблака ці птушку... Ды хоць бы — і ў старую манашку.

Паміраючы рыцар і Божая нявеста глядзелі адзін на аднаго, угадваючы за скалечанымі часам рысамі светлыя воблікі юнацтва і мілосці. Сонца цягнулася да іх ласкавымі промнямі скрозь рознакаляровы вітраж з выявай візантыйскага крыжа... У промнях бесклапотна танчылі пылінкі.

— Ты змяніў імя, Богуш... Ты змяніў веру...

Паранены заплюшчыў вочы.

— Што такое імя? Стужка ў валасах, сёння — залатая, заўтра — срэбная, а пазаўтраму яе накруціць на кашчавы палец смерць... Рыцар... мусіць заваёўваць славу... І адно моцны... заваюе яе. Высокую пасаду ў гэтай дзяржаве... можа заняць толькі... адзінаверац караля.

Рыцар стаміўся, гаворачы, і нібыта задрамаў. Сястра Агапа агледзела яго рану. Што ж, можна хаця б паспрабаваць аблегчыць боль. Накласці мазь... Вось так... А на краі раны, дзе ўжо счарнела, лісты арнікі...

— Не старайся, Анэта, мяне ўжо чакае архангел... Я думаю, што рыцара павінен сустракаць архангел з мечам, рыцар Божага войска... Мне нават здаецца, што я бачу водбліскі ягонага мяча.

Рыцар глядзеў на схіленую галаву манашкі, накрытую чорным покрывам.

— З-за цябе, Анэта, не магу з чыстым сэрцам на Божы суд ісці... Трэба ўсе крыўды на гэтым свеце пакідаць. А я прабачыць не магу, што ты ў вежы мяне адштурхнула. Я ў такім вары апынуўся... Рушыў, не разбіраючы нічога. Пакуль мяне не паклалі чужыя мячы... Што цябе прысудзілі замураваць у вежы, я праз месяц даведаўся, калі ад ранаў ачуняў. Я дасюль лічу, што, каб не ўцякла ты, мог бы цябе выратаваць! І мы былі б шчаслівыя!

— Ты прывёў у горад ворагаў...— прагаварыла сястра Агапа.

— Ворагаў? Сёння карачунцы — нашыя лепшыя сябры. Можа быць, заўтра яны зноў стануць ворагамі... Якая розніца? Я думаў, што ты не засталася са мной, бо чортавы лекар сапраўды цябе счараваў.

Нейкі час панавала маўчанне, толькі словы малітвы зляталі з вуснаў манашкі, як галубінае пер’е, падхопленае ветрам.

— Нахіліся...— папрасіў рыцар. Сястра Агапа паслухмяна наблізілася.

— Паслухай, ты ведаеш сакрэт лекаравых гадзіннікаў, праўда? Яны ў вежы стаяць, так?

Вочы Богуша хваравіта блішчэлі.

Сястра Агапа адхіснулася.

— Навошта яны табе?

— Гэта — моц... Сіла... Яна патрэбная сёння нашай дзяржаве... Ты магла б навучыць нас, як карыстацца гэтымі гадзіннікамі? Калі б татараў або шведаў прымусіць танчыць у смяротным танцы!

Манашка рэзка ўзнялася, перахрысцілася.

— Што ты гаворыш, Богуш? Выратуй Гасподзь душу тваю... Ты трызніш.

Пан Баляслаў зайшоўся ў пакутлівым кашлі, на ягоных вуснах паказалася кроў. Малады Радчыньскі забег у пакой.

— Пане бацька, знайшлі дамініканскага мніха! Ён прыме тваю споведзь.

Рыцар зірнуў на манашку і прахрыпеў.

— Ну што, Анэта, можа, сустрэнемся там?

Яна схапіла яго руку — хаця ў параненага была гарачка, рука халодная, нібыта льдзяная — сціснула... І ён сціснуў яе далонь... Як у скоках смерці... Цела старога воя пакутліва выпіналася, прабітыя грудзі хапалі паветра...

У келлю зайшоў мніх, падазрона азіраючыся на абразы схізматыкаў. Усе, акрым сына, пакінулі паміраючага.

Сястра Агапа горача малілася перад алтаром, асветленым толькі дрогкім агеньчыкам лампады.

...Акрапі мя ісопам, і ачышчуся...

Маладая чарнабровая манашка ўкленчыла побач, дачакалася, пакуль старэйшая скончыць малітву, і паведаміла:

— Падчашы памёр... А сын яго вас шукае. Кажа — нешта вы павінны яму расказаць, паводле бацькава запавету... Вы памерлага рыцара ведалі, сястра Агапа?

Старая манашка ўзнялася, перахрысцілася... Яе твар са слядамі былой гожасці быў суровы.

Скокі смерці не скончацца ніколі. Над гэтай зямлёю вечна будзе ляцець пачварны карагод, дзе ўсе трымаюць адзін аднаго за рукі, і нікому не даюць выслізнуць, вызваліцца, застацца на лапіку жыцця...

— Скажы маладому рыцару, што я дала абет затворніцтва і маўчання. Адгэтуль мае словы будуць толькі тыя, што я сэрцам прамоўлю да Госпада. І бачыць я жадаю толькі Госпада, калі ўдастоюся спазнаць яго духоўнымі вачыма. Амін.

Маладая манашка з бояззю паглядзела на суразмоўніцу, схілілася ў зямным паклоне і сышла.

1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)