Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Вось паганец,— адрывіста прамовіла Баркунова ўдава на адрас Юрася.— Аддзячыў, называецца, за маю дабрыню. Грошы заплацілі — рабі!
— Досыць з вас маёй працы. А старажытным сакрэтам месца там жа, дзе і старажытнай пошасці,— змрочна прагаварыў аблеплены снегам Юрась.— Вунь пачалі могілкі раскопваць, на якіх памерлых ад халеры хавалі дзвесце гадоў таму... І халера вярнулася. Гэтая зямля і так нацярпелася ад усялякіх эксперыментаў. Яшчэ адзін бізун вам патрэбны дзеля ейнага ўтаймавання? Не я вам яго дам.
— Малады чалавек, я чакаць не звык,— кінуў сваё слова Калыванаў.— Вы праўда ведаеце сакрэт гадзіннікаў?
— Ведаю.
— Колькі вам за яго заплаціць?
Юрась паматаў галавой.
— Тут не аўкцыён. Сказаў жа — мая праца скончаная.
Мне зрабілася па-сапраўднаму страшна. Я не вытрымала і тузанула яго за рукаў.
— Ды раскажы ім, што ведаеш! Падумаеш, іржавыя цацкі! Няхай яны свае шклянкі лопаюць — ну якую «псіхатропную зброю» мог прыдумаць сярэднявечны блюзнер! Любы рок-канцэрт куды большую сілу мае. Куды там звону супраць ударнай устаноўкі!
Але Юрась толькі прагаварыў.
— Анэта, а ты ідзі на станцыю. Праз паўгадзіны, здаецца, апошні аўтобус.
Я ў разгубленасці абвяла ўсіх вачыма і трохі адступіла ўбок... Сусвет патроху расколваўся на маленькія кавалачкі, якія ссоўваліся і складаліся ў іншы вітраж... Я з жахам усведамляла, што зноў унутрана адчужаюся ад Юрася, як тады, калі паверыла, што ён мог забіць Баркуна. Так, напэўна, здараецца, калі нехта з блізкіх захворвае невылечнай заразнай хваробай, а твая любоў не настолькі моцная, каб перамагчы інстынкт самазахавання. Але няўжо мне дадуць сысці? Макс, у адказ на мае думкі, запытальна прамовіў:
— А вось яны ўдвух хадзілі да старога звадыяра, што на нас усё ў суд падае за перабудову вежы. Можа, ён што цікавае распавёў?
Юрась адказваць не збіраўся... Хіба ён не разумее, што яны пацягнуцца і да старога, пачнуць дапытваць? Давядзецца ратаваць усіх самой... Я пастаралася здушыць панічнае жаданне ўцячы, схавацца ў сваю ўяўную ракавінку і ніколі больш з яе не высоўвацца... І, намагаючыся гаварыць спакойна, распавяла пра візіт да Калейкі. Па расчараваных тварах я зразумела, што маё паведамленне нічога для іх не значыла. Чаму яны не запхнуць нас у машыны? Няўжо баяцца сведкаў? Сапраўды, да вечару Старавежск ажыў. Там-сям у прыцемку рухаліся сілуэты месцічаў. Некалькі кабетаў з правінцыйнай цікаўнасцю назіралі за нашай падазронай групай, асветленай фарамі машынаў, з-за плотаў сваіх двароў. А Юрась, гэта, відаць, адчувалі ўсе, быў гатовы ўчыніць сапраўдны «канцэрт»... Ці ўсё яшчэ спадзяюцца, што ён змірыцца? Юрась зірнуў на мяне і зноў — сваё.
— Анэта, я ж сказаў, ідзі на станцыю...— І патлумачыў прысутным: — Яна насамрэч нічога не ведае. Хопіць з вас адной Стэлы... У якасці майго гаранта.
Голас Юрася здрыгануўся. Я ўсвядоміла, што ён намагаецца схаваць, што ведае пра смерць жонкі — відаць, каб не пашкодзіць мне. Пры імені памерлай твар Баркуновай удавы перакрывіўся.
— З мяне тваёй Стэлы ўжо даўно хапае. Вось табе мазгоў заўсёды не хапала за сваёй сцервай усачыць. Дзе твае прынцыпы былі, калі твая сучка за дозу...
Калыванаў паклаў руку на плячо знерваванай удаве.
— Лілька, сціхні.
Вось як, Ліля Пятроўна была ў курсе мужніных авантураў? А Юрась, здаецца, не. Ён недаўменна глядзеў на Лілю, чый гожы твар нібыта пастарэў ад прыхаванай нянавісці.
— Хіба не ведаеш, што твая наркотка да Аркадзя бегала? Яна для яго, разумееш, «Шарман, шарман!», а я — падсцілка. Сволачы вы ўсе! Адразу скарыстаеце, а пасля...
Раптам Калыванаў рэзка сціснуў удаве горла... Мадэлька захрыпела, пачала хапацца за руку, што яе душыла... Магнат, задаволены выхаваўчым эфектам, адпусціў істэрычную кабету. Ліля Пятроўна змоўкла, не выказваючы абурэння, толькі пацірала шыю. На твары яе больш не было нянавісці, толькі страх.
— З кабетамі адны клопаты,— даверліва прагаварыў магнат, звяртаючыся да Юрася.
— Яшчэ раз гавару — Анэта павінна паехаць дадому...— упарта паўтарыў Юрась.
— Я не магу цябе пакінуць...— дрыжачым голасам прагаварыла я. Але Юрась супакаяльна ўсміхнуўся.
— Ды не хвалюйся. Нічога са мной не здарыцца... А я вярнуся і адразу пазваню табе. І... прабач.
Я ў разгубленасці азірнулася. Я сыду, і для мяне гэты жах скончыцца... Вядома, Юрасю лепей, калі побач не будзе новай закладніцы. Ён хоча, каб я сышла... Толькі б адпусцілі! Маўчанне прысутных здавалася багнай, у якую я апускаюся ўсё глыбей, глыбей...