Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 209
Перейти на страницу:

Аўтамабіль колеру мокрага асфальту спыніўся проста ля нас.

— Ну што, Юрачка, адпачыў, падумаў? Цяпер, я ўпэўнены, справа пойдзе на лад. Прывітанне, Анэта! Не забываеш сябра ў цяжкую хвіліну? Малайчына!

Янчын з заўсёднай шумнай прыветнасцю быў тут дарэчы гэтак жа, як рознакаляровыя паветраныя шарыкі на пахаванні. Ён ляпаў Юрася па плячы.

— Ну, ну, не сумуй... Паставім на ногі тваю Стэлу. Хутка яшчэ нейкія «прасунутыя» лекі на ёй паспрабуюць. А хочаш, з’ездзім заўтра ў бальніцу, паглядзіш на нябогу нашую...

Я глядзела на смуглявы твар Янчына, на ягоную спачувальную ўсмешку. І не магла паверыць, што гэты чалавек датычны да страшнай містыфікацыі. Баялася, што Юрась сарвецца. Але рэстаўратар моўчкі стаяў з застылым тварам. Янчын усё не змаўкаў.

— Слухай, ты ўжо ведаеш, як працавалі гадзіннікі? Галава ў цябе светлая, здагадаўся?

Юрась расціснуў збялелыя вусны.

— Ведаю.

Госпадзе, ён нават маніць не стаў!

— Вось малайчына! — Янчын зірнуў на мяне, нібыта заклікаючы ў сведкі.— Я заўсёды казаў, што вы ўдвух — сіла.

Ён відавочна думаў, што Юрась раіўся са мною наконт сакрэтаў механізму.

— Але, сябры мае, ёсць адна акалічнасць, пра якую вам варта задумацца...

Я здзівілася: смуглявы блазан, комік-буф некуды падзеўся. Цяпер Янчын глядзеў строга, нават жорстка.

— Слухайце мяне ўважліва, сябры. Фокус са шклянкамі, якія разбіваюцца — гэта далёка не ўсё, што калісьці маглі гэтыя механізмы. Я ведаю, вы абодва — патрыёты... А вы калі-небудзь задумваліся, што за чалавек гэты Калыванаў? Мы яго церпім, таму што супрацоўніцтва з ягонай фінансавай імперыяй прыносіць нашай дзяржаве карысць. Тут, у чужой краіне, ён паводзіць сябе сціпла, намагаецца трымацца ў рамках закону, ні з кім не сварыцца... Але насамрэч драпежнік. Не здзіўлюся, калі высветліцца, што менавіта ён стаіць за смерцю няшчаснага Аркадзя... Гэта ж ён Баркуну мадэльку падсунуў са свайго агенцтва, калі Баркун пачаў у сілу ўбірацца. Лілька і сачыла за Аркадзем, і пра ягоныя здагадкі наконт гадзіннікаў усё дакладвала, і на распродаж у Польшчы Калыванава навяла. Аркадзь, хай даруе ён мне на тым свеце, алею ў галаве меў мала, пра гадзіннікі і шклянкі прачытаў — і вырашыў, што гэта атракцыён, якім яму дазволена будзе турыстаў забаўляць. А гэта ўсё роўна што бензапілою галіцца. Вось Калыванаў — той ведае, як падобныя сакрэты выкарыстоўваць.

Мы з Юрасём ашаломлена глядзелі на былога выкладчыка, спрабуючы зразумець ягоную метамарфозу. А ён гаварыў, як загадваў.

— Падумай сам, Юры, ну хіба можна такому чалавеку, чужынцу, аддаваць сакрэты нашай зямлі? Будзе нейкі канкрэтны плён ад старых гадзіннікаў, не — гэта здабытак нашай дзяржавы! Як вы ўжо зразумелі, я выконваю тут пэўныя абавязкі...

Мы з Юрасём абмяняліся позіркамі: Янчын — шпіён пры Калыванаве! Вось дык навіна!

— Я чалавек прамы. І скажу прама. Вы не павінны выдаваць сакрэт гадзіннікаў гэтаму магнату. Ты, Юрась, скажаш яму, што нічога не атрымліваецца, ператаміўся... У маіх сілах выцягнуць цябе адсюль.

— А далей што? — суха спытаў Юрась.

— Далей ты раскажаш усё, што ведаеш, нам... сваім...

Па абліччы Юрася нельга было вызначыць, што ён думае.

— Па-першае, Віталь, ты дарэмна пераканаўся, што Анэта хоць на дробачку ў нешта пасвечаная. Я заўсёды лічыў, што жанчыны ў тэхніцы не разбіраюцца, а Анэта тут проста тыповы прыклад. Я папрасіў яе прыехаць, каб яна пераклала для мяне адну паперку... Шкада, але і Анэце яна аказалася не пад сілу.

— Якую паперку? — жыва перапытаў Янчын.

— Аддай...— загадаў мне Юрась, і я паслухмяна працягнула Янчыну аркушык з тэкстам ліста Бернацоні.

— Бачыце, гэта я ў архівах Баркуна знайшоў... на старанямецкай мове,— спакойна патлумачыў Юрась.— А па-другое, мне не зразумела, для чаго вам... «сваім»... сакрэт скокаў смерці? Вы што, людзей збіраецеся гэтак разганяць?

Янчын рагатнуў.

— Здагадаўся, значыць, наконт скокаў... Людзей, кажаш? А выдатная была б карцінка для замежных журналістаў... Але занадта экзатычная. Не, сябра, сакрэту Бернацоні — калі, вядома, ён не міф, а нечага варты, і нашыя вучоныя змогуць яго «закілзаць» — ёсць прымяненне цалкам карыснае... Напрыклад, для змагання з міжнародным тэрарызмам. У гэтай справе любая дапамога — выратаваныя бязвінныя жыцці! Папрацуй на высакародную справу — і зоймеш пачэснае месца ў грамадстве. На дзяржаўную працу цябе, як я разумею, не спакусіш... А вось сваю рэстаўрацыйную фірму будзеш мець.

1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)