Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
І я ўспомніла.
Засталося скамечыць адзінаццаць пражытых гадоў, як чарнавік. Ён не варты і аднога правільнага звонкага радка.
І я зрабіла ўчынак, які аніяк нельга было вытлумачыць логікай, але мне — маёй новай сутнасці — зразумелы. Падышла да люстэрка і рашуча абрэзала сваю рудую касу. Коратка, на самай патыліцы. Ускудлаціла рукой валасы... І праз знаёмыя рысы ў люстэрку нарэшце вызірнула даўно забытае дзяўчо з процьмай ілюзій і здольнасцю да ўчынкаў, невытлумачальных логікай. За акном развіднела... Дзень зазіраў у маё акно шэрым хворым тварам, на якім не мелася спачування.
Тэлефон Лілі Пятроўны быў на візітоўцы.
Я сказала ўсяго некалькі словаў...
Праз дваццаць хвілінаў ля майго пад’езда стаяла машына. Перад тым, як выходзіць з кватэры, я прыхапіла з сабой канверт з далярамі.
Кіроўца, незнаёмы мне лысы мужчына, падобны да млынара, сядзеў моўчкі, глядзеў толькі на дарогу. І мне было не да размоваў. Яшчэ і яшчэ раз я пракручвала ў галаве вобразы, убачаныя ў снах... Я не спрабавала зразумець, адкуль яны прыйшлі... Калі гэта — усяго толькі мая хваравітая фантазія, блёкат, то... ну што ж, я ўсё роўна апынуся побач з Юрасём. Мой страх кудысьці знік, нібыта я перайшла мяжу, за якой нішто не мае значэння, акрым таго, што ў сэрцы.
Рассунуліся бетонныя вароты... Дзве каменныя багіні, абуджаныя ранішнім сонцам, зімовым, познім і халодным, праводзілі мяне белымі сляпымі вачыма. Ave, Людвісарава, morіturі te salutant...
Яны ўжо чакалі мяне — Янчын, Макс, Ліля. Апошняя, як я цяпер ведала, прадстаўляла інтарэсы Калыванава.
— Ну што ён, наш майстра, табе расказваў? — накінулася на мяне былая мадэлька. Пад вачыма ў яе цямнелі кругі — перажывае... Гаспадарова даручэнне блага выконваецца. А гаспадар, відаць, прыспешвае. Але мяне цікавіла адно.
— Дзе Юрый Дамагурскі?
Янчын па-сяброўску паклаў руку мне на плячо.
— А вось Ганначка, як старому сябруку, мне ўсё і раскажа, а потым мы наведаем Юрася... Ты такая малайчына, што наважылася дапамагчы...
Макс белазуба ўсміхнуўся.
— Ну чаму ж менавіта вам раскажа, дарагі Віталь... Я, як прафесійны псіхолаг...
— Сціхніце! — Ліля так раўнула, што калі ў гэтым доме жыў дамавік, ён мусіў схавацца пад печку.— Перастаньце рваць коўдру на сябе, або ніхто нічога не пачуе... Дый ці ёсць яшчэ што чуць?
Баркунова ўдава (ці, можа, забойца?) сумніўна зірнула на мяне. Я страсянула падстрыжанымі валасамі, нібыта скідала апошнія рэшткі сумнення.
— Я тлумачыла... Я не магу нічога расказаць. У тэхніцы не разбіраюся. Толькі пакажу, што запомніла, на гадзінніках. Але найперш хачу бачыць Юрася!
Усе трое перазірнуліся. Бязмоўная рада ворагаў-хаўруснікаў...
— Дык пойдзем хутчэй, пакуль ёсць каго пытацца! — прыспешыў усіх Янчын.
Ахоўнік, падобны да барца сумо, паслужліва бег перад намі і адчыняў дзверы. Вось і знаёмы калідор да майстэрні... Я павольна спускалася па прыступках у паўцемры. Праз расчыненыя дзверы бачылася мірная карціна. Гадзіннікі, расстаўленыя ўздоўж сцяны, більярдны стол... Утульны агонь у каміне... Знаёмыя грамідлы Ігар і Анатоль сядзяць на вінтавых крэслах, ядуць свежыя вішні (самая магнацкая ежа ўзімку) і пстрыкаюць костачкамі ў нябачную мішэнь.
Пры нашым з’яўленні Ігар і Анатоль паслухмяна ўскочылі... Я паглядзела налева і ўбачыла іхнюю мішэнь... У мяне перахапіла дыханне. У куце тварам да сцяны стаяў аголены да пояса Юрась, нізка нахіліўшы галаву. Яго ўзнятыя рукі былі прыкаваны наручнікамі да нейкай трубы, а на спіне вугалем намаляваныя кругі. Відаць, у «мішэнь» трапляла нешта больш небяспечнае за вішнёвыя костачкі, бо спіна Юрася была ў парэзах і апёках.
— Што... што вы робіце...— толькі і змагла прамармытаць я.
Юрась павярнуў, наколькі мог, галаву, аблізаў скусаныя перасохлыя вусны.
— Ды вось, гуляем у святога Себасцьяна.
Голас яго гучаў глухавата, але спакойна, нават з іроніяй. Ён яшчэ жартаваў!
— Вылюдкі!
Я кінулася да «Себасцьяна». У вушах маіх шумела кроў, і я не адразу ўсвядоміла, што Юрась настойліва мяне дапытвае.
— Навошта ты сюды прыехала? Ты што, здурэла, Анэта? Я ж прасіў...
Нечая моцная рука адцягнула мяне на сярэдзіну пакоя. Макс пазіраў усё гэтак жа прыязна, хіба толькі на дне яго шэрых вачэй успыхвалі падазроныя агеньчыкі, як у ваўкалака.
— Ганначка, мы ўсе чакаем... Давайце папрацуем. Заўтра сорак дзён па Аркадзю Баркуну, у імя яго памяці мы павінны аднавіць старажытную карцінку.
Каб я не была ў такім жаху і гневе, засмяялася б, мусіць. Успомніў леташнюю байку...
— Вызваліце рэстаўратара!
Янчын грэбліва скрывіў тлустыя вусны.