Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 94 95 96 97 98 99 100 101 102 ... 209
Перейти на страницу:

— Паспеецца... Не заслужыў ён добрых адносінаў, ёлуп упарты. Давай, Анэта, паказвай... Мы ўсе дапаможам. Што ён з гадзіннікамі рабіў?

Юрась тузануўся ў сваім куце.

— Яна нічога не ведае! Адпусціце яе. Яна не мае ні да мяне, ні да гадзіннікаў ніякага дачынення. Зусім старонні чалавек.

Але на яго крыкі ніхто не зважыў. Толькі Янчын шырока ўсміхнуўся.

— Адхрышчваецца наш майстра ад сваіх пачуццяў. Ведаеш, Ганначка, мы тут учора яму адну ампулку ўкалолі... Ён столькі цікавага пра адносіны да цябе расказаў. Раман цэлы! Так што пашчыруй дзеля свайго рыцара,— і чамусьці дакорліва дадаў: — Та-ак... Рамантычную гісторыю распавёў... І гэта замест таго, каб расказаць пра тое, пра што пыталіся.

— Цэнзура свядомасці можа быць вельмі моцнай! — адразу пакрыўджана азваўся Макс, які, відаць, у словах Янчына ўчуў папрок на свой адрас.— Дарэчы, другая ампулка таксама не спрацавала.

Янчын, у чый гарод на гэты раз, відаць, ляцеў каменьчык, збіраўся быў сказаць нешта з’едлівае, але Ліля злосна крыкнула:

— Лухта вашая хімія! Не з таго пачалі, толькі час страцілі. «Вой, ды каб жа без бачных пашкоджанняў...» Калыванаў з такімі прыдуркамі — дзядоўскімі метадамі, і ні разу не схібіў. Адразу б мяне паслухалі. Давай, як цябе там, Анэта, паказвай, а то твайго рыцара сама пачну на кавалкі рэзаць. І пачну з «кавалка» самага інтымнага і дарагога.

Я абвяла вачыма пакой, спрабуючы засяродзіцца. Мне цяпер спатрэбяцца ўсе мае сілы. Позірк спыняўся на дэталях, якія не хацелася асэнсоўваць. На паверхні більярднага стала — плямы засохлай крыві... Абрыўкі правадоў... Нейкія жалезныя штыры... На падлозе — пустыя шпрыцы. І — я не памылілася — супрацьгаз.

Так, ночка ў Юрася выдалася нялёгкая.

Але, падобна, у ягоных катаў — таксама.

Як ён пакуль яшчэ трывае? Па прысутных бачна, што яны часова страцілі надзею разгаварыць майго зацятага былога мужа. Стаміліся... Часова... Каты таксама людзі, ім трэба адпачыць, забавіцца... Каб потым, з новымі сіламі — зноў за працу... Тым больш час працуе на іх, адбіраючы ў ахвяры сілы.

Але вочы тых, хто глядзеў на мяне, рабіліся ўсё менш і менш падобныя да звычайных чалавечых вачэй, і ўзгадваліся назвы тыпу «Зазірні ў вочы лемуру»...

Страху не засталося. Толькі гнеў і пагарда.

— Прыбярыце більярдны стол.

Ахоўнікі кінуліся выконваць, ледзь не збіваючы адзін аднаго з ног. Месца хапае... Майстэрня вялікая. Як школьны стадыён. Кола смерці лепей зладзіць вось там, падалей ад дзвярэй...

Я агледзела падлогу. Там-сям яшчэ былі бачныя лініі крэйдай, якія крэсліў Юрась. Што ж, думаю, я змагу паўтарыць.

Так... З’арыентавацца па баках свету. Задыяк... Лініі, па якіх паляціць смерць... Цяпер гадзіннікі... Ахоўнікі і Янчын з Максам уладкавалі кожнага рыцара смерці на ягонае месца. Я паправіла стрэлкі на гадзінніках. На кожным свой час. Свой парадкавы нумар. Гадзіннікі паўсталі гэтак жа, як вякі таму, і падрыхтаваліся да бітвы цемры з цемрай. Юрась, відаць, пачынаў верыць, што ў мяне ёсць нейкія веды, таму што стаў крычаць, каб я нічога не расказвала... Я не бачыла, што з ім зрабілі, відаць, ударылі ў жывот, бо крыкі змяніліся хрыплымі ўздыхамі-стогнамі...

Так, цяпер адна, але надзвычай важная, папраўка... Для нас з Юрасём — жыццёва важная...

Я загадала павярнуць гадзіннікі цыферблатамі вонкі. Калі мае сны хоць у нечым — праўда, то цяпер смерць будзе не сыходзіць з кола гадзіннікаў, а застанецца каля іх... Магчыма, прыхопіць і нас з Юрасём. Але ж — забярэ і іншых, датычных да таямніцы. Юрась гатовы знікнуць разам з гэтай таямніцай. Што ж, цяпер гатовая і я таксама.

Дамагурскі, відаць, паступова здагадваўся, што я раблю, бо прахрыпеў толькі:

— Асцярожна, Анэта...— і змоўк.

Як казаў Артэга-і-Гасэт, хто не спазнаў, як праймаюць дрыжыкі перад пагрозай часу, той не заглыбляўся ніколі ў нетры лёсу і толькі дакранаўся яго пяшчотнай абалонкі. Фраза, якую мы з парадыйнай велягурыстасцю паўтаралі перад тым, як зайсці ў кабінет здаваць іспыт.

Пяшчотная абалонка лёсу крывавіла. Час наблізіўся ўшчыльную, нібыта гіганцкі гадзіннік, і нахіліўся над намі вялізным цыферблатам з адной стрэлкай...

— Мне патрэбна вялікая круглая ваза з простага шкла. Чым бліжэй да формы шара, тым лепей. Можа, акварыум.

Яны зноў забегалі, замітусіліся, і хутка перада мной стала некалькі круглых вазаў, з якіх толькі што няўважна высыпалі па-мастацку выкладзеныя ракавінкі, сухія кветкі, штучныя перлінкі, каралавыя галінкі ды іншую дызайнерскую лузгу. Я выбрала вазу, якая падыходзіла па памерах, і паставіла ў цэнтр, там, дзе сыходзіліся ўсе лініі (быццам постмадэрновая метафара адсечанай галавы прарока).

1 ... 94 95 96 97 98 99 100 101 102 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)