Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Ёсць у гэтым доме срэбны прадмет, падобны да сярпа? Нож, відэлец, лыжка, урэшце?
Сталовыя прыборы звонкай гарой ляглі на стол, нібыта здабыча банды злодзеяў, што вярнулася з вандроўкі па гаспадарскіх буфетах. Вось гэтая лыжка для кавы, доўгая, выгнутая, бадай, падыдзе найлепш. Я асцярожна апусціла яе ў вазу... Засталося завесці гадзіннікі.
Вось адзін пачаў тахкаць... Другі... Трэці... Дванаццаць жалезных вершнікаў смерці. Здавалася, нават паветра пачало звінець... Бом-м-м... Гэта падаў голас апостал Пётр. Пачаў біць другі гадзіннік... Трэці...
— Глядзіце, лыжка зварухнулася! — ускрыкнула Ліля Пятроўна. Усе, як я і спадзявалася, згрувасціліся вакол вазы, у якой сапраўды пачала вібрыраваць, паўзці, і вось ужо — паволі круціцца срэбная лыжка, нібыта трэска ў віры.
Вось загаварыў апошні гадзіннік, Юда. Кашчавая фігура ў расе на ім падняла складзеныя далоні ўгору, нібыта заклікала з нябёсаў пакаранне на грэшныя галовы.
Раптам адна з вазаў, якія мне не спатрэбіліся, разляцелася на кавалачкі. Людзі, што стаялі ў коле гадзіннікаў, пачалі віншаваць адзін аднаго... Яны не звярнулі ўвагі, што разбітая ваза стаяла не ў коле, як мусіла быць паводле пісьма лекара, а па-за колам... Але іх свядомасць, відаць, патроху імглілася... Як і мая. Я паволі адступала да Юрася, адчуваючы інстынктыўна, што толькі там выратаванне... Бліжэй... Бліжэй... Вось я ўжо побач з ім... А пакой нібыта гайдаецца... І звон... У вушах, у галаве, і нібыта душа ў такт з ударамі сціскаецца і пульсуе...
Я ўсё-ткі гэта зрабіла. Запусціла старажытную машыну смерці.
— Прыхініся да мяне! Чуеш, Анэта! Сюды, за мяне хавайся!
Голас крычаў зусім побач, але я не разумела сэнсу словаў. Шалёная, дзікая сіла цягнула мяне некуды... Пасля я ўсвядоміла, як добра, што Юрась быў прыкаваны наручнікамі. Хаця, можа, на яго, такога моцнага, і сіла гадзіннікаў не падзейнічала б. Яна — для слабых, ахопленых прагай смерці...
Юрась прыціснуў мяне да сцяны ўсім целам. Але я ўсё рвалася, мяне зацягваў вір... І толькі дотык да вуснаў вярнуў свядомасць. Юрась цалаваў мяне, нібыта хацеў у пацалунку аддаць усё сваё жыццё... І гэтая сіла аказалася мацнейшай за вар’яцкі вір. Цяпер для мяне існаваў толькі мужчына побач, яго гарачыя вусны, біццё яго сэрца, яго дыханне... Я ўчапілася за Юрася, нібыта тапелец.
Не ведаю, колькі мы так прастаялі. Час перастаў існаваць. Нарэшце я зразумела, што вакол — цішыня... Гадзіннікі змоўклі. Толькі нейкі дзіўны рытмічны шоргат і глухія выкрыкі. Я асцярожна адхінулася ад Юрася, вызірнула з-за яго пляча. Ногі мае падагнуліся ад убачанага... Юрась таксама паглядзеў назад і здрыгануўся:
— Прасвятая Багародзіца...
Ніколі не забудуся таго відовішча. Нават цяпер, варта мне заплюшчыць вочы, я магу аднавіць яго ў дэталях. Сашчэпленыя рукі, вочы, якія нібыта глядзяць унутр чэрапа, выскаленыя твары... Шалёны карагод вярнуўся. Цяпер для тых, хто скакаў у ім, не мела значэння, хто каму служыць, хто над кім уладарыць. З вуснаў, што не ведалі словаў малітваў, зрывалася нешта дзікае, падобнае на «Гу! Гу!»
— Як зняць наручнікі? — задыхаючыся, спытала я ў Юрася. Той, усё яшчэ не ў змозе адарвацца вачыма ад вар’яцкага відовішча, прамармытаў.
— Ключы дзесьці павінны быць... Можа, вунь там, на століку...
Дасюль не разумею, як мне ўдавалася нешта кеміць, дзейнічаць... Усё рабілася, як у сне, калі самыя неверагодныя, жахлівыя рэчы здаюцца натуральнымі. Пераадольваючы паветра, як дрыгву, я наблізілася да століка, на якім тыя, што гэтай ноччу ламалі волю непакорлівага майстра, расклалі свой немудрагелісты сняданак. Кававарка, кубкі з недапітай кавай, талерка з вішнямі, лусцікі з вяндлінай, бутэлькі з мінеральнай вадой, пачкі цыгарэтаў... Мне адразу ўспомніліся пратаколы допытаў інквізіцыі, дзе ў апісанні працэсу катавання ўвесьчасныя ўстаўкі пра тое, што каты зрабілі перапынак на «перакус». Сярод пералічаных мірных прадметаў валяліся іншага кшталту атрыбуты «вечарынкі»: ампулы і нераспакаваныя шпрыцы, металёвая штука, у якой я ўгадала электрашокер, яшчэ адна пара наручнікаў... На шчасце, былі і ключы.
Я адамкнула наручнікі. Юрась пахіснуўся і ўпаў. Але прыўзняўся, страсянуў галавой.
— Вады...
Я бегма прынесла яму бутэльку мінералкі. Юрась прагна адпіў, рэшткі выліў сабе проста на галаву. Абцёр твар і з цяжкасцю ўстаў на ногі. Дзякуй Богу, здаецца, можа ісці... У куце я падабрала скамечаны Юрасёў швэдар. Курткі вісяць унізе...
— Давай хутчэй адсюль! — я пацягнула Юрася за руку ў бок дзвярэй, стараючыся не глядзець на шалёны карагод.
Юрась быў памкнуўся за мною, але ў дзвярах затрымаўся, абапёршыся аб сцяну рукой, упрыгожанай, паўзверх старых шнараў, цэлай калекцыяй новых.