За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Не,— усміхнуўся Алекса.— Такі нікчэмны i просты чалавек, як я, не можа ўбачыць правіцеля Бухары.
— Ты — нікчэмны?— Абу-ль-Хасан паглядзеў на яго з пашанай.— Не, ты дастойны стаць вялікім візірам, мець многа грошай, нявольнікаў.
— А ты хочаш быць багатым?
— Канешне! Хачу есці штодзень тлусты плоў, лепшыя гранаты з Харасана! I каб кожны дзень танцавалі перада мной танноўшчыцы. Во гэта — сапраўднае жыццё!
Алекса ўспомніў, як марыў быць воінам, стаць лепшым у княжацкай дружыне... Як гэта ўсё цяпер далека ад яго!
— Працуй, набывай багацце...— ціха сказаў хлопцу.
Але той рассмяяўся непачціва.
— Няўжо, Аль-Іса, не заўважылі вы, што працай багацця не нажывеш?! Багатым становіцца купец, гандляр. Ды ў мяне няма грошай, каб пачаць гандаль. Яшчэ — высакародны. Яшчэ — рабаўнік, але небяспечна — панлацішся галавой. Яшчэ...
Алекса перабіў яго:
— Мне заўтра рана ўставаць. А ты, калі хочаш застацца ў жывых, не вельмі пi i не расказвай, хто мы ды адкуль. Зразумеў?
Хлопец кіўнуў. Паеўшы, яны адправіліся спаць.
— А што мы заўтра будзем рабіць? — запытаўся Абу-ль-Хасан.
Гэты хлапец думае, што Алекса ўсё ведае i ўсё можа. А ён можа мала. Пыхлівы Ахваз, які не хацеў прыняць старога Нармурада, таму што той бедны i невядомы, наўрад ці захоча гаварыць з маладым яго памочнікам! Але іншага шляху не было. Трэба сустрэцца з лекарам Ахвазам, паспрабаваць удачы. Іначай можна гады правесці ў вялікай, свяшчэннай Бухары i ні на крок не наблізіцца да сваей мары — кнігасховішча, дзе ляжыць славуты «Канон» Ібн-Сіны... Ляжаць іншыя рукапісы. Казалі, што там, у кнігасховішчы, ёсць «Каліла i Дзімна» — зборнік мудрасці. Чалавечая кроў i на ім: складальнік гэтай кнігі i перакладчык яе на родную мову — мову фарсі — быў абвінавачаны ў ерасі i пакараны смерцю.
Калі спадарожнік заснуў, Алекса доўга сядзеў, гледзячы ў вузкае акенца. Прама перад ім стаяў славуты маўзалей — высокі купал, вакол — чатыры меншых, сцены нават цяпер, пры месячным святле, блішчаць нечым блакітным i лёгкім, як ззянне месяца. Лёгкім здаецца і сам маўзалей, дзе пахаваны вялікі чалавек. Можа, i пасля смерці той дух, што паднімаў гэтага чалавека над паўсядзённасцю, захоўваецца вакол? Заўтра, ледзь развіднее, жыхароў горада пабудзіць высокі i тонкі голас муэдзіна, які пакліча на малітву. A які голас пакліча яго? Адзінота... Як нечаканы вораг, накідваецца яна на чалавека i пачынае душыць тонкай, але такою моцнай пятлёй... Не кожны можа вытрымаць яе, не кожны можа заставацца з сабой сам-насам. Чым вышэй сягае душа, тым больш у яе моцы, але, каб сягнуць у вышыню, сілы таксама патрэбныя. Цікава, тыя, хто дзень за днём гібеў над гэтымі сотнямі тысяч узораў, што аплялі маўзалей, таксама адчувалі узлёт ці, падпарадкоўваючыся сіле, карпелі над каменем толькі дзеля кавалка хлеба?
Спала свяшчэнная Бухара. Спалі рамеснікі i ваданосы, купцы i мянялы, вартаўнікі i прыдворныя... I тут недзе жыве — ці жыве яшчэ? — палачанка, сілай прывезеная i дзецьмі прывязаная да чужой зямлі. Гадуе дзяцей Усходу — a колькі ix тут, славянскіх дзяўчат, хлопцаў — палонных, хто замясіў сваёй крывёю тутэйшую глебу, на якой так шчодра буяе кожнае семя?! Чакаў раніцы, гледзячы на празрыста-тонкія абрысы высакароднага маўзалея i ўглядаючыся ў абрысы горада, што ляжаў перад ім. Як .даўно было ўсё гэта — тонкая фігура ў празрыстым аблоку духмянага адзення, чужыя, абведзеныя чорныя вочы i зведзеныя ў адно бровы, i дарагія бранзалеты на нагах, i чырвоныя каралі на тонкай шыі. I голас яе — голас той, ранейшы:
— Не пакідай маю маці...
Дзіця, якое бегала каля ix, магло б быць ягоным дзіцем... I тое дзіця, якое спела пад сэрцам у Апак, таксама магло б жыць i зараз, падбіўшыся пад ягоны бок, дыхаць цеплынёй, родным пахам дзіцячага, кволага... Гэтае дзіця ён узяў бы з сабою, не пакінуў, не забыўся на яго, таму што гэта ягонае будучае...
А ад Віспры не хацеў бы мець дзяцей. Блудніцы не павінны нараджаць, бо разам з крывёю ўспрыме дзіця змяіную, няверную ix сутнасць. Добра, што ён вызваліўся ад блудніцы, стаў сабою, ранейшым...
Яму зусім не хацелася спаць, i ён пайшоў блукаць па Бухары, на вулках, замошчаных гладкім, адпаліраваным часам каменем. Падышоў да медрэсэ, зазірнуў унутр дворыка, куды выходзілі дзверы келляў-худжраў. У гэтых келлях жывуць самыя дасведчаныя, самыя разумныя людзі Бухары-і-Шэрыф — Бухары свяшчэннай, горада, куды сцякаюцца не толькі агромністыя багацці з усіх канцоў свету, але i самыя мудрыя кнігі i людзі — упрыгожанне зямлі. Недзе там, глыбей, — бібліятэка. Што там? Магчыма, ён ніколі пра гэта не даведаецца...