Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
На гравюры быў тыповы матыў ХV стагоддзя — танец смерці. Узяўшыся за рукі, падскоквалі ў вычварным танцы малады мніх, дзяўчына ў шляхецкім строі, немалады таўстун са смешна вырачанымі вачыма і шкілет. Над каржакаватай вежай — сонца і месяц, з’яднаныя ў адзін абыякавы твар, расколаты напалам.
...Раскрыліся ізноў зямлі глухія нетры.
І блазан, і кароль — у скокі смерці — кроч!
Шалёны карагод кругі кругамі мерыць.
І ўсмешкі ўсё шырэй, бяздонней погляд воч.
І біскуп, і рабін, і вулічная дзеўка —
Не выдзерці з рукі скалелую руку —
Імчаць за кругам круг. Сатлелыя павекі
Не скрыюць ад вачэй пустых — апошні круг.
Нябачны барабан прыспешвае кружэнне.
Кашчавы дырыжор з бліскучаю касой
Свой аглядае баль. Ні жалю, ні ўзрушэння.
Такі вось насамрэч на могілках спакой.
Раптам Юрась рэзка выпрастаўся на жорсткім драўляным крэсле, нібыта яго хтось ударыў па спіне. Вочы сталіся зусім адсутнымі...
— Што з табой?
Рэстаўратар нейкі час усё гэтак жа пазіраў у невядомую далеч, а потым пачаў неяк паспешліва развітвацца з гаспадаром. Я таксама з няёмкасцю ўзнялася. Калейка схаваў гравюры, фотаздымкі і ўзняў выцвілыя, але ўсё яшчэ вострыя вочы на госця, што мармытаў падзякі...
— Дзіўлюся я з вас... Гісторыя — гэта не стос фотаздымкаў, якія можна тасаваць, укладаць у рамачкі, спальваць... Гісторыя можа забіваць і ўваскрашаць. А вы з ёю, як з уласным нататнікам... Упісаў нешта, выкрасліў...— Пётр Піліпавіч сумна ўздыхнуў.— Вось, нешта тут вынюхалі, будзеце выкарыстоўваць... Ды можа, гэта вас выкарыстоўваюць нейкія непадуладныя вам сілы, перастаўляюць, як пешак, па клетачках? А гуляеце вы з такімі фігурамі, што вас неадменна з’ядуць. Ну, Бог вам суддзя... І не забудзьцеся, Ганна, як абяцалі — артыкул пра вяртанне плошчы спрадвечнай планіроўкі! Сам у газету занясу!
Юрась ішоў па заснежанай сцежцы, пахмура гледзячы сабе пад ногі, і я не наважвалася парушыць маўчанне. Праз гадзіну я буду ехаць у аўтобусе, які адвязе мяне да звыклага жыцця. А Юрась вернецца ў Людвісарава, за высокі бетонны плот. Дзень паволі паміраў, і сцвердзіць ягоную смерць спяшаўся мароз. Снег парыпваў пад нагамі, але не жаласна, не гарэзна, а неяк трывожна... Нібыта ў нашыя сляды наступаў яшчэ нехта нябачны...
На падыходзе да царквы, звычайнай мураванкі з сінім какошнікам, з тых, што ўзводзіліся на нашае зямлі пасля здушэння паўстання 1863 году ледзь не ў кожнай вёсцы, Юрась рэзка спыніўся.
— Я зразумеў, як Бернацоні выкарыстоўваў свае гадзіннікі.
У голасе майго былога мужа не чулася радасці. Над царквою кружлялі вароны, нібыта ўзляцелі ржавыя крыжы з забытых могілак.
Юрась зачарпнуў шорсткага, як пясок, снегу і працёр ім твар у гарачцы.
— Вось і ўсё... Але ведаеш... Гэта страшна. Калі тое, што мне ўяўляецца, хоць трохі праўда... Паспрабую тэрмінова перавезьці Стэлу ў іншую бальніцу! Яна ж — закладніца ў іх... А я не магу ім усё расказаць... І ёю рызыкаваць не магу... Раней у такіх абставінах кулю ў лоб сабе пускалі, даруй, Госпадзе...
У яго адрывістых словах былі такія адчай і пакута, што я наважылася.
— Паслухай... Я не ўсё табе паведаміла...
І расказала Юрасю пра Стэлу.
Ён выслухаў мой няўпэўнены і блытаны, нібыта вязанне са спушчанымі петлямі, аповед з застылым выразам твару. Толькі сціснуў далоні ў кулакі, аж костачкі збялелі. Я думала, што ён мне не паверыць. А калі раптам паверыць... Па-першае, людзі маюць уласцівасць ненавідзець тых, хто паведаміў благое. У старадаўнасці ганца маглі і на палю пасадзіць... А па-другое — гора, слёзы... Я мусіла ўтрымаць былога мужа ад цалкам зразумелых сутычак з гаспадарамі. На пэўны момант мне падалося, што мае трывогі спраўдзяцца — Юрась страшэнна збялеў і прагаварыў скрозь зубы:
— Сволачы...
Ён даволі доўга стаяў і маўчаў, утаропіўшыся ў снег. Здавалася, у белай паверхні зараз з’явіцца яміна ад яго позірку... А ўжо я ледзь вытрымлівала пад цяжарам маўчання. Не хапала яшчэ зарумзаць самой, калі трэба дапамагчы чалавеку не выказваць гора. Але Юрасю, відаць, удалося здушыць пачуцці, ён адрывіста ўздыхнуў і падняў галаву.
— Прабач... Мне ўсё-ткі не вельмі лёгка пасля такой навіны... Хаця — якая там навіна. Ведаеш, я... адчуваў, вось ужо тыдзень адчуваў, што Стэлы няма. Між намі заўсёды цягнулася нейкая тонкая нітка. І вось — парвалася... Пустэча. Стэла... Але я ўжо столькі раз яе хаваў, аплакваў, развітваўся... Адгараваў сваё, мабыць... Усё, пайшлі на станцыю.