Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Але часам прыходзіла ў галаву, калі перабіраў груды адабранага для ацэнкі скарбу — добра, што не давялося ўдзельнічаць у… так бы мовіць, першым этапе экспрапрыяцыі. Вось крыж з эмаляванымі ўстаўкамі-машчавікамі… Срэбная карона для Торы са стразамі… Залатая рыза ад абраза Багародзіцы… Ня выключана, што за кожны з гэтых прадметаў рэлігійнага культу чапляліся з апошніх сілаў рукі цемрашалаў і цемрашалак… І адурманеныя рэлігійным опіюмам няшчасныя гатовы былі аддаць жыцьцё — альбо забіць, абы гэтыя прадметы не патрапілі ў савецкую ўласнасьць. І… можа быць — вось здрадніцкі сумніў! — ня вельмі ірваліся нашы “белыя каўнерыкі” ў гэтую камандзіроўку…
Ня ведаю, ці ўдалося б мне гэтак добра спраўляцца, каб не таварыш Крэчат з Наркамату ўнутраных справаў, да якога я быў прыкамандзіраваны, і які таксама нядаўна прыбыў на Беларусь. Ён ня меў сумніваў і жалю, і рэвальвер, маланкава прыстаўлены да несьвядомага ілба, служыў неабвержным аргументам. Але часта ставала толькі ягонага суровага пагляду. Я шчыра захапляўся гэтым старым бальшавіком, героем рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Нават выгляд ягоны нагадваў гордую птушку, якой ён назваўся, хаця рысы Крэчата ад прыроды былі досыць мяккія, тыпова славянскія, і нос нават троху кірпаты... Мой начальнік хварэў на сухоты, і час ад часу з ім здараліся страшныя прыступы. Але сваёй працы ён не пакідаў, і ніхто б і не наважваўся нагадаць яму пра адпачынак. Я ледзь мог угнацца за ім, калі ён, невысокі, падцягнуты, у чорнай скуранцы, пахіліўшыся наперад, як фаршцевень баявога карабля, шпацыраваў хуткім крокам па брукаваных вулках Менску. Здавалася, што вакол яго разыходзяцца нябачныя хвалі.
Але нашыя сяброўскія адносіны аднойчы — назаўсёды і недарэчна — скончыліся.
Таварыш Крэчат папрасіў мяне зайсьці за ім уранку, і мы пакіраваліся ў будынак НКУС, праверыць дастаўленыя прадметы, адабраныя намі нядаўна ў Віцебскім дзяржаўным музеі для адпраўкі ў Ленінград. Сярод іх персідская гравюра ў фарбах, срэбная ханука са збаночкамі для алею, а самае галоўнае, дзьве гравюры Дзюрэра, якія я ацаніў у шэсьць тысячаў рублёў. Ішлі пешкі — таварыш Крэчат быў надзвычай сьціплы, і, нягледзячы на сваю хваробу, амаль не карыстаўся службовым аўтамабілем.
Мы шпацыравалі ў раёне Беларускага універсітэту. Я пераказваў ленінградскія інтэлігенцкія спрэчкі наконт артыкулу Фадзеева “Далоў Шылера” і лефаакмеізму. Таварыш Крэчат скардзіўся на беларускіх паэтаў, якія пераймаюць кабацкага Ясеніна і амаль усе схіляюцца да буржуазнага нацыяналізму… Раптам мой спадарожнік рэзка спыніўся, утаропіўшыся позіркам у высокага мужчыну, які ішоў нам насустрач. Мінак, гадоў сарака, быў у недарагім, але акуратным касьцюме і белай кашулі з гальштукам, з партфелем у руцэ. Ягоны твар падаўся мне вельмі адметным — па-манаску аскетычны і адначасова ганарысты… Сярэднявечныя балгарскія фрэскі, ці што? Велікаваты гарбаты нос, высокі лоб з глыбокай вертыкальнай зморшчынай, засяроджаныя цёмныя вочы, строгая складка вуснаў, густыя валасы, трохі сівыя на скронях... Незнаёмец пра нешта так задумаўся, што нічога вакол сябе не заўважаў. Дакладна навуковец. А таварыш Крэчат глядзеў з застрашлівым шаленствам… І нават рукою ліхаманкава пачаў намацваць рэвальвер.