Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 213
Перейти на страницу:

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію

Раман-інструкцыя

“Мы прыйшлі ў гэты сьвет не для таго,

каб праклінаць цемру, а для таго, каб запаліць у ім сьвятло.”

З апавяданьня Русланы Палынскай.

Уводзіны

Альбарутэнія для нас пачыналася як Гульня.

Мы напачатку ня ведалі, што той хто ўвайшоў у гэтую Гульню – ніколі ад яе не адмовіцца, як ня можа крыж пазбавіцца адной з перакладзінаў і застацца крыжам.

У горадзе нас пяцёра.

На два мільёны – пяцёра…

Кожны прыйшоў у Гульню сваім шляхам. Якім? А хіба вы можаце пралічыць шлях кропель дажджу, якія сьцякаюць па шыбе і ўрэшце зьліваюцца ў адну ручаінку?

Неяк дажджлівым травеньскім вечарам мы сядзелі ў нашай улюбёнай кавярні, сьцены якой упрыгожаныя чорна-белымі сямейнымі фотаздымкамі і калекцыямі манетаў і савецкіх марак у зялёных драўляных рамачках, і спрабавалі паводле дзядулі Фройда згадаць свае першыя дзіцячыя ўспаміны… Таму я, карыстаючыся пачутым тады, проста абмалюю для вас нашыя партрэты — так бы мовіць, у сямейных інтэр’ерах…

Гэта гульня… Усяго толькі — наша гульня. Што нам да тых, хто спрабуе зямлю перайначыць? Альбарутэніі позірк, як рана, гарачы, Сонца мае… Ты забіла мяне, як ягня На ахвярніку белым… І кроў — паласою — на белым… Ваўкалакі правылі маю пахавальную ноч. Час, як рана, загоіцца. Лёс разаб’юць, як вакно. Гэта толькі гульня… І ўсяго толькі — мёртвае цела.

Удзельнік першы. Даліла.

Трубы раўлі, быццам зьбіраліся зьнесьці сьцены кватэры.

Не ўрачыста-бліскучыя трубы, якія прынята называць меднымі – хоць насамрэч яны Бог ведае з якіх сплаваў, — а схаваныя ў цаглянай тоўшчы сьценаў, з агіднай сьмярдзючай сьлізьзю ўнутры…

Верагодна, гэтыя сьцены, абклееныя блякла-зялёнымі шпалерамі з малюнкам “вермішэль у палёце”, заслугоўвалі зруйнаваньня.

Але так казаць несправядліва – бо маленькія катухі “без архітэктурных лішкаў”, рассыпаныя па Савецкім Саюзе пры Хрушчове, нібыта часткі дзіцячага канструктара, былі важнымі дэталямі, з якіх будавалася маленькае шчасьце маленькіх людзей. Мець свой катух, знайсьці ў савецкіх сотах сваю ячэйку, і напаўняць-напаўняць-напаўняць яе мёдам кволага свайго дабрабыту… Камода, плюшавыя шторы, “мяккі вугал”, збор твораў Андрэ Маруа, рэпрадукцыя Рубенса Пітэра Пауля “Саюз Зямлі і Вады” з часопісу “Огонёк” у гіпсавым багеце пад бронзу…

Даліла так і не палюбіла гэтыя сьцены.

Для яе яны назаўсёды – сьцены Іерыхона, вакол якіх нясе свой каўчэг войска дзіўнага племя прыхадняў, і ты адчуваеш: Бог – з імі. А тут… маленькае шчасьце мець сваю бетонную ячэйку.

Божа мой, у кагосьці першы ўспамін дзяцінства – сонечныя зайчыкі на яблыневых галінках, матчына калыханка, урэшце – яркая, неверагодна яркая, як бывае толькі ў несьвядомым дзяцінстве, бразготка…

А ў яе – выцьцё вадаправодных трубаў. Блякла-зялёныя шпалеры. Незнаёмы мужчына (яна так і не навучылася вымаўляць слова “тата”) прыкладае да сьценаў жалезную стужку, вылічвае нейкія “квадратныя метры”... Праз некалькі гадоў суседкі па пад’езьдзе патлумачаць Даліле: твой нягоднік-татка пасьля разводу хацеў адсудзіць кватэру…

Даліла была выдатніцай, але з восьмага класу сышла – абрыдла. “На залаты медаль рыхтавалі! У інстытут!” – бедавалі педагогі.

А яна проста ўзяла даведнік па сярэдніх сьпецыяльных установах і выбрала прафесію з больш-менш прывабнай назвай: афарбоўка тканінаў. Аказалася, праўда, што будучая прафесія зьвязаная не з маляваньнем, а з самым нудным для Далілы прадметам – хіміяй. Гэта толькі ў дзяцінстве цікава: крапаеш кроплю ёду, у яе кроплю зялёнкі, і ўтвараюцца паскудныя брунатныя камякі, ні да чаго не прыдатныя, акрамя як выклікаць тваю цікавасьць. Дыплом Даліле перадалі ў раддом – аднакурсьнікі прычапілі яго да апушчанай з вакна ніткі. Нарадзілася дачка. Хто бацька? А навошта вам ведаць? Даліла выканала прыроднае прызначэньне, найменш пацярпеўшы ад “патрыярхатнага ладу”.

Яна расьціла дачку і працавала вахцёрам у рэабілітацыйным цэнтры. Працуе і пасёньня. На вахце ціха, чытаць можна, толькі часам уночы загарлае бязногі “афганец”. Спробы мужчынаў пазнаёміцца з Далілай спыняюцца звычайна на першым яе паглядзе. Цяжкі ў яе пагляд, у Далілы. Вузкія зялёныя вочы, халодныя, як у зьмяі. І ўся яна высокая, гнуткая, маўклівая, цёмныя валасы гладка зачасаныя, і “луска” з сэканд-хэнду чорная і шчыльна па фігуры. Улюбёны пісьменьнік Далілы – Оскар Уайльд.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)