Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
“…На зваротным шляху з Масквы наш цягнік прыпыніўся ў маленькім гарадку з назвай Менск. Да цывілізацыі, гэта значыць, да польскай мяжы, заставалася ўжо нядоўга. Вечарэла, але яшчэ было відно. Я паленаваўся выйсьці на перон, стаяў у сваім купэ, курыў, апусьціўшы шкло вакна, і думаў пра тое, пра што звычайна думаецца на правінцыйных паўстанках: “А нехта ж і тут жыве… І, напэўна, тут ёсьць вартыя, цікавыя людзі, для якіх гэтая глухамань — цэнтр сусьвету, любае і дарагое месца…”
Вось хоць бы таму таварышу ў гаўрошаўскім кепі, што стаіць насупраць майго вакна, рукі ў кішэні, нібыта без усялякай справы, і ледзь не насьвіствае Марсельезу… Я сьпецыяльна ўпусьціў на зямлю недапаленую цыгарэту — таварыш у кепі вокамгненна тузануўся, кінуў на недапалак прагны позірк… І зноў утаропіўся ў вечаровае неба. Цікава было б паглядзець, як пасьля адыходу цягніка ён кінецца падбіраць “заходнюю крамолу” са сьвятой камуністычнай глебы. Ён і цяпер бы кінуўся, але я працягваў глядзець у вакно. Люблю цьвеліць фараонаў яшчэ з часоў студэнцтва.
Халера, а я спадзяваўся пабачыць Горад Утопію ў маштабах імперыі, роўнасьць, братэрства, усьмешлівыя твары і ніякіх паліцэйскіх… Тым болей на кожным кроку.
Мела рацыю мая Сесіль, калі гаварыла, што рэвалюцыі — гэта сьвяточныя фейерверкі, якія ператвараюцца ў жудасныя пажары, а потым людзі сьцьвярджаюць, што вуголлі — гэта і ёсьць новы сьвет.
Раптам нешта выбухнула з таго боку, дзе паравоз, нават з майго вакна было відаць — пасыпаліся іскры… Назіральнік у кепі кінуўся туды разам з усімі іншымі… Пакуль я раздумваў, ці ня варта і мне зірнуць, што адбылося, пад вакном купэ ў першым прыцемку — кропля атраманту на шклянку дажджавой вады — зьявіўся быццам зьніадкуль хударлявы высокі тып у кароткім брунатным паліто, з наматаным на шыю вязаным шалікам і ўтаропіўся ў мяне цёмнымі вачыма… О-ля-ля! Гэтае бледнае аблічча з кручкаватым носам не пазнаць немагчыма… Пан Валеры Скаловіч! Калісьці, больш за дзесяць год таму, мы працавалі на адной кафедры. Не сказаць, каб сябравалі — сяброў у яго, з ягоным замкнёным характарам і схільнасьцю да чорнага гумару, было няшмат, наколькі я памятаю. Але я паважаў месье Валеры — сапраўдны фанатык справы, прычым з нестандартным мысьленьнем. Што ён тут робіць?
Валеры зрабіў мне знак, каб я адышоў ад вакна, потым неяк вельмі хутка — я не пасьпеў асэнсаваць — падскочыў, падцягнуўся — і вось ужо ён у маім купэ. Я радасна прывітаў яго… Але словы прыліплі да маіх вуснаў. Месье Скаловіч выглядаў так пагана, што я мімаволі спытаў, што з ім такое. Госьць усьміхнуўся асаблівай, толькі яму ўласьцівай усьмешкай — скепсіс плюс горыч — і патлумачыў, што ён нядаўна са шпіталю. Што здарылася? Пераабдымаўся з уладамі.
Скаловіч глядзеў пранізьлівым цвёрдым позіркам, як чалавек, у якога ёсьць вельмі важная — жыцьця і сьмерці — справа. Выцягнуў з-пад паліто важкую, быццам прылавак мясьніка, кнігу ў чырвонай вокладцы з залатымі літарамі “СССР. Шлях разьвіцьця.” Падобнымі нас ужо адорвалі ў Маскве.
— Вось, П’ер… Вазьмі… Прашу цябе — вывезі гэта адсюль.
Я здагадаўся, што пад сувенірнай вокладкай хаваецца нешта іншае. Валеры пацьвердзіў.
— Вядома, выгляд — бутафорыя… Тут рукапіс. Апошняя праца акадэміка Нічыпаровіча. Нічыпаровіч нядаўна застрэліўся — можа, у вас чулі?
Я адмоўна пакруціў галавою. Прозьвішча Нічыпаровіча ўвогуле я некалькі разоў сустракаў — але гісторыя не мая парафія, і стасункаў з гэтым вучоным у мяне не здаралася.
— П’ер, гэта вельмі важна для маёй краіны… Не для той, назва якой напісана на гэтай кніжцы, а для той, якую мы ўсе спадзяваліся пабудаваць. Праўда пра наша мінулае. Я скажу, каму перадаць, хто зацікавіцца… Я дадаў анатацыю і кароткі пераказ на французскай — на жаль, перакласьці цалкам, грунтоўна не хапіла часу.
Скаловіч назваў прозьвішчы некалькіх славістаў.
— Ну, усё… Дзякуй, П’ер…
Нечаканы госьць павярнуўся да вакна. Я глядзеў на ягоныя неахайныя валасы, цёмныя з сівымі ніткамі, хударлявую стомленую постаць…
— Стой, Валеры! Ты ў небясьпецы, так? Давай я паспрабую цябе выцягнуць адсюль. Гэта цяжка… Але пакуль магчыма. У мяне добрыя сувязі з нашай кампартыяй, даб’емся, каб цябе выпусьцілі на сімпозіум у Парыж — будзе ў сьнежні, можа, чуў? Ці ў Прагу, на канферэнцыю… Вашы ж ездзяць… І ты застанешся.
Валеры павярнуўся да мяне і сумна адказаў:
— Ведаеш, я ў гэтым годзе ўжо зрабіў адно падарожжа… Можна сказаць, ва ўласнае жыцьцё. І сустрэў адну жанчыну… І зразумеў, што нельга вечна ўцякаць — ад сябе самога таксама. Чалавека нельга зрабіць нягоднікам супроць ягонай волі. Нянавісьць да сябе нічога не апраўдвае. Разумееш, П’ер?