Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Эпілог 5
Апавяданьне студэнткі першага курса аддзяленьня беларускай мовы
і літаратуры філфаку БДУ Русланы Палынскай,
надрукаванае ў часопісе Dz.
Магiльшчык
Самотны кляновы лiсток, маленькi, як птушаня, упаў на плячо высокаму чалавеку са сьсiвелымi цёмнымі валасамi, нiбыта залаты пагон невядомай армii. На iмгненьне затрымаўся... Потым сасьлiзнуў, яшчэ пакруцiўся ў паветры, нiбыта спадзяваўся, што рука часовага гаспадара яго падтрымае, ня дасьць упасцi... Але ўрэшце апусьцiўся на чорную халодную зямлю, каб ператварыцца праз адведзены прамежак часу ў яе ж, з залатога, карункавага стацца бясформным чорным сьлiзкiм камяком...
А чалавек проста не заўважыў залатога госьця. Папраўдзе, гэта i ня дзiўна – дзiўна было, як гэты чалавек можа стаяць на нагах. Нават твар ягоны так спух ад пабояў, што цяжка ўяўлялася, як гэтае аблiчча выглядае насамрэч. Адзiнае вока, якое магло пазіраць на гэты сьвет – другое заплыло да шчыліны – здавалася цёмным, як вада ў вiры.
Але чалавек стаяў, шырока расставiўшы босыя ногi, каб не хістацца, ганарыста закiнуўшы чорна-сiвую галаву. Як яму пашанцавала... Ён зноў бачыць сонца – няхай яно ўжо заходзiць, ледзь праглядае між дрэваў. Ён зноў дыхае лясным паветрам...
Той, хто не сядзеў у камеры менскага Жоўтага Дому, ня ведае, у што можа ператварыцца паветра. Ад саракавёдзернай парашы, якую нiхто не выносiць. Ад соцень целаў, што ляжаць адно на адным, сплываючы потам, крывёй, страхам...
А гэтае паветра – працятае промнямi сонца – хочацца разьлiць па венецыянскiх крышталёвых чарках i разьдзялiць насалоду з каханым чалавекам.
Але лепей за ўсё ведаць, што каханы чалавек адсюль далёка.
Лiсьце з дрэваў амаль апала. Але яго рэдкiя карункi выглядалi тым болей тонка. Хутка яны прыкрасяць жоўты насып непадалёк.
Ён толькi што сам яго зрабiў. Вунь i рыдлёўка – пад маладой елачкай. У жоўтым пяску ляжаць шэсьць былых вучняў. Ён чуў iх апошнiя словы, iх адчай, iх нянавiсьць.
За сваё жыцьцё чалавек так працяўся чужой нянавiсьцю, што яна павiнна была абцякаць яго, як вада ручаiны абцякае кавалак дрэва, якi ад шматгадовага знаходжаньня ў вiры зрабiўся чорны i цяжкi, быццам камень. Але ўсё роўна аскепкi чужога болю ранiлi душу.
Цэлы тыдзень цемнавалосага чалавека штоночы кiдалi ў машыну да людзей – жывых альбо ўжо нежывых. Напачатку ўсе яны, жывыя, прывезеныя ў якi-небудзь лясок, далей ад паселiшчаў, разам капалi яму. Потым ён стаяў мiж тымi, каго забiвалi. І кожны раз спадзяваўся, што куля дастанецца і яму. Але кулi абмiналi яго. Толькi пырскi крывi ляцелi на вопратку. На трэці раз, калі зразумеў, у якія гульні з ім зьбіраюцца гуляць, ён паспрабаваў захінуць кагосьці сабою, злавіць чужую сьмерць… Катам спадабалася забава, яны рагаталі, гледзячы на ягоныя кіданьні, і як нехта з няшчасных, ашалеўшы ад страху, спрабаваў сам схавацца за яго, але дарэмна — і гэта было настолькі ганебна, што ён перастаў ірвацца пад кулю. Потым яго прымусілі абяцаньнем хуткай сьмерці (зробіш — прыстрэлім і цябе) зацягнуць яшчэ цёплыя целы ў агульную магiлу. Потым засыпаць... Так, каб зраўняць з зямлёй. Закрываць гольлем, сухой травой. І зноў — аглушылі прыкладам, завезьлі назад… Да яшчэ жывых. Слухаць стогны, шалёны шэпат надзеі, крыкі адчаю… Наступны раз ён проста кінуўся ў магілу, на нябожчыкаў… З марай — зараз засыплюць… Выцягнулі. Зноў шпурнулі ў апусьцелую машыну i павезлi назад. Сёньня ён адмовіўся капаць магілу, а потым пайшоў з кулакамі на аднаго з тых, што стралялі… Але ён быў слабы, і яго проста зьбілі. На разьвiтаньне «давялi да ладу фiзiяномiю» — дагэтуль яго забаранялася бiць па твары, i побач з iншымi вязьнямi «магiльшчык» заўсёды выглядаў «белай варонай».
А потым ён усё-ткі засыпаў магілу. Таму што яны, ужо ведаючы, што змусіць яго іншым спосабам ня могуць, пачалі па адным спраўляць на трупы малую патрэбу, пляваць уніз…
Ён ня мог гэтага дапусьціць… Таму закопваў, падаючы, спатыкаючыся, часам дапамагаючы сабе рукамі… А каты сьмяяліся. Напэўна, гэта сапраўды на погляд, пазбаўлены звычайных чалавечых ацэнак, выглядала сьмешна — прафесар у адной бруднай парванай кашулі стаіць на каленях на краю магілы і рукамі ссоўвае кучы жоўтага пяску на целы сваіх былых студэнтаў. Персанаж чорнагумарыстычнага студэнцкага анекдоту.
Яму не падаравалi гонару ляжаць у адной магiле з iншымi ахвярамі. І ўвогуле, як каты са сьмехам патлумачылi, нiхто ня стане важдацца, каб закопваць такое лайно, як ён. Вунь там пачынаецца балотца, ёсьць сiмпатычная сьмярдзючая дрыгва, i гэтага апошняга ложа будзе досыць.
Ён iшоў у тым напрамку, якi паказалi, рассоўваючы тонкія, нібыта кволыя, але насамрэч пругкія, не пераламаць, галінкі хмызьняку. Гэта пладовае дрэва, напрыклад, яблыня, ламаецца лёгка, пакорліва. За спiнай хрумсьцела гольле пад ботамi змагароў з кантррэвалюцыяй і лепшай часткай народу.