Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 213
Перейти на страницу:

Сьледства па справе доўжылася два месяцы. Скаловіч, якому таксама ўдалося выжыць, узяў усю віну на сябе, ніводнага саўдзельніка выявіць не ўдалося. Па логіцы, з выбуху ў кабінеце можна было выснаваць куды больш гучную і шматлюдную справу, чым з выдуманага “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. Але сьледства, хутчэй за ўсё, сьпяшалася сьцерці ўсялякую згадку пра гэты выпадак, бо абставіны рабілі органы НКУС, таго ж Касіянава, адказнымі за такі “пракол”. Пазначана, што хімік быў прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня, і прысуд выкананы. Але калі і дзе — невядома. Дасюль ва ўсіх энцыклапедыях і даведніках значылася, што В.Скаловіч расстраляны разам з тымі, хто праходзіў па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру”, у 1934-м годзе. Пасьля знаёмства з ягонай сьледчай справай можна зрабіць верагодную выснову, што Скаловіч быў забіты ў 1933-м годзе, у хуткім часе пасьля замаху на Касіянава.

У справе знаходзіцца тлумачальная запіска самога М.Касіянава, які сьцьвярджае, што В. Скаловіч быў псіхічна нераўнаважаным чалавекам, але вельмі каштоўнай асобай для псіхалагічнай апрацоўкі іншых арыштаваных. Бо ў яго павышаны болевы парог, а таксама інтравертнасьць і надзвычай моцны комплекс віны. Гэта значыць, што замест супраціву альбо істэрыкі чалавек будзе маўчаць і цярпець, нават калі чуе пра сябе жах­лівую няпраўду. Такім чынам атрымліваецца няхай не добраахвотнае, пасіўнае, але супрацоўніцтва са сьледствам. І гэта давала трывалую надзею на тое, што ўрэшце супрацоўніцтва зробіцца добраахвотным і сьвядомым. Што было б вельмі каштоўным, улічваючы навуковы аўтарытэт, назіральнасьць і моцную волю паддосьледнага.

На жаль, пад канец апошняга сьледства адбыліся паталагічныя зьмены ў характары В.Скаловіча, што прывяло да некантралюемай агрэсіі і сумнавядомых наступстваў. Гэтыя наступствы, аднак, уваходзяць у працэнт абавязковай прафесійнай рызыкі. Так, ён, Касіянаў, лічыць сябе ўскосна вінаватым у тым, што адбылося. Аднак рэзкія абвінавачваньні асобных таварышаў, якія хочуць яго зрабіць за гэта цалкам адказным, беспадстаўныя. Дзякуючы настойлівасьці сьледства, В. Скаловіч выявіў сваё сапраўднае варожае аблічча, і ДПУ можа паставіць сабе ў заслугу выкрыцьцё і ліквідацыю небясьпечнага палітычнага тэрарыста.

А тое, што некаторыя недальнабачныя таварышы прапаноўваюць перадаць зьняволенага ў асобае тэхнічнае бюро пры наркамаце ўнутраных спраў СССР, як асобу са сьпецыяльнымі тэхнічнымі ведамі, дык асаблівая небясьпечнасьць злачынцы і яго зацятасьць гэты варыянт выключае.

Напрыканцы аўтар тлумачальнай запіскі прапануе засакрэціць інцыдэнт і “абясшкодзіць” усіх, так альбо іначай абазнаных у тым, што адбылося. Бо тэрарыстычная акцыя В.Скаловіча ставіць пад сумнеў магутнасьць усёй арганізацыі, а, мачыма, і Савецкай улады.

На тлумачальнай размашыстым почыркам рэзалюцыя: “Прапанову задаволіць. Да стварэньня павышанай сакрэтнасьці прыступіць неадкладна. Таварышу Касіянаву — спыніць эксьперыменты і надалей працаваць па агульнай апрабаванай схеме”.

Эпілог 4

З кнігі ўспамінаў мастацтвазнаўцы П.А. Анісімава.:

“У 1932 годзе з аддзелу старажытнага рускага мастацтва Эрмітажу мяне накіравалі часова ў распараджэньне наркамату ўнутраных справаў БССР. Я вельмі ганарыўся, што для адказнай работы паслалі мяне, а не кагосьці з “белых каўнерыкаў” — гэтак пагардліва мы, савецкія маладыя сьпецыялісты, называлі калег, што засталіся музею ў спадчыну яшчэ з царскіх часоў. Старэчы ў пенсьне лёгка адрозьнівалі наўгародскую школу іканапісу ад маскоўскай, ляўкасную грунтоўку ад алейнай, але не разумелі, што мастацтва — ня стод, якому варта маліцца, а ўсяго толькі маёмасьць працоўнага класу. Мне належала дапамагаць у адборы экспанатаў беларускіх музеяў для перадачы ў Ленінград, Усесаюзнаму аб’яднаньню “Антыкварыят”. Раней на Беларусі я ня быў, толькі вывучаў па рэпрадукцыях росьпісы Полацкай Спаса-Еўфрасіньнеўскай царквы — абліччы з вялізнымі сумнымі вачыма і строгімі вуснамі, ды яшчэ гартаў выданьні Францыска Скарыны… Цяпер давялося паезьдзіць па местах і мястэчках былой імперскай ускраіны. Не, гэта была не Расія, як я дагэтуль лічыў. Іншыя твары — можа, з болей еўрапейскімі рысамі, іншая гаворка, нават будова хатаў… Але савецкі побыт, на шчасьце, паўставаў і тут. Праўда, і ўсялякія перагібы даводзілася бачыць. І як секлі на растопку старажытныя драўляныя скульптуры, выкананыя мясцовымі прыгоннымі геніямі. І зьбітую з фрагментаў “царскіх варот” з малюнкамі шаснаццатага стагоддзя сабачую будку на двары старшыні камбеду. І партрэты італьянскай школы эпохі барока, у якіх былі павыразаныя твары, каб зрабіць дэкарацыі для выступленьняў “сіняблузачнікаў”… Палацы, разабраныя да падмуркаў — не, каб зладзіць там, у гатовым памяшканьні, клуб альбо амбулаторыю… Амаль замазаныя бяліламі фрэскі ў царкве, прыстасаванай пад зернясховішча — а фрэскі адметныя, для мяне ўвогуле адкрыцьцём стаўся мясцовы жывапіс. Твары сьвятых дакладна змаляваныя з тубыльцаў, сучасных аўтару. Так і здавалася, што гэтыя румяныя, жыцьцярадасныя абліччы вызіраюць з-за карчомнага стала з куфлямі піва альбо медавухі… А было і іншае. Шмат несьвядомых элементаў і проста шкоднікаў. Здаралася, у музеях хавалі ад камісіі самае каштоўнае, няправільна ўносілі ў вопісы… Сустракаў я там і падобных да нашых “белых каўнерыкаў” старых сьпяцоў, і асоб, з якіх проста выплюхваўся местачковы нацыяналізм — плявузгалі скрозь зубы, што нельга адрываць культурныя каштоўнасьці ад народу, які іх стварыў… Паважаныя, мы ўсе станем адным народам — вось толькі пазбавімся баласту, кулакоў ды такіх перажыткаў мінулага, як вы.

1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)