Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
А мястэчка нібыта вымерла. Ніхто не пракладваў след па белым покрыве, нібыта баяўся зганьбіць ягоную чысціню. Над дахамі ўздымаліся раўнютка ў шэрае неба слупы дыму, і яго непаўторны пах вяртаў у местачковае дзяцінства.
А я не любіла сваё дзяцінства. Яно толькі лічыцца «залатой парой». Можа, у каго так і ёсць... Але насамрэч дзеці — істоты такія жорсткія, што часам назаўсёды пазбаўляюць адно аднаго самага галоўнага, што трэба для шчасця — пачуцця абароненасці і самапавагі. Таму я здушыла настальгію, развярнулася і тузанула дзверы пад шыльдаю з намаляванай дзідай. На дзіду, як матылёк на шпільку, было насаджанае чыёсьці сэрца, а пад ёй красаваўся надпіс гатычнымі літарамі: «Верны Рыцар».
Краіна бязлітасных дам.
У кавярні таксама анікога. Інтэр’ер тыповы: абшытыя цёмным дрэвам сцены, люстэркі, прыцемак... Пры жаданні я магла ўявіць, што зноў апынулася ў маёй улюбёнай мінскай кавярні. Толькі бармен больш худы за Жэньку-пірата і без хусткі на галаве, замест лацінаамерыканскіх рытмаў нахабныя расейскія старлеткі выводзілі «Ой, люлі мае люлі...», а наведнікаў чакала некалькі драўляных столікаў з карункавымі абрусамі і штучнымі фіялкамі ў белых пластыкавых вазачках. Ды яшчэ — заяўка на еўрапейскасць — свечкі ў шкляных круглых падсвечніках. Бармен нават не паленаваўся запаліць свечку на маім століку... Відаць, засумаваў у адзіноце ды без справы. Я замовіла адразу два кубкі кавы і ўселася так, каб назіраць праз акно за вежай. Нарэшце дзверы пад рознакаляровым бліскучым гербам расчыніліся... Адна з постацяў аддзялілася ад групы і рушыла ў бок кавярні. Астатнія селі ў машыны і з’ехалі. Юрась ішоў сюды.
— Дзякуй, Анэта, што прыехала... Я таго не варты,— Юрась прыветна ўсміхаўся, але я проста фізічна адчула, які ён унутрана напяты. Аблічча выснажанае, між прамых броваў з’явілася ўпартая зморшчынка, позірк сініх вачэй цвёрды і нейкі адчайны... Як у камікадзэ. Ну і параўнанні лезуць у галаву...
Вогненны карузлік у шкляным падсвечніку гарэзна падскокваў, нібыта намагаўся выскачыць са свайго васкова-шклянога палону і выклікаць на дапамогу цэлае вогненнае войска. Я моўчкі паклала на столік ліст Бернацоні і аркушык з перакладам. Юрась гэтак жа моўчкі прачытаў. Твар ягоны быў каменны. Мяне нават закранула — няўжо не здзівіўся? Але ў любым выпадку мой былы муж вырашыў не выяўляць свае пачуцці. Ён працягнуў мне назад паперкі.
— Схавай і забудзься.
Гэта што, я дарэмна турбавала Галіну Сцяпанаўну?
— Паслухай, мне і так наша сустрэча нагадвае сустрэчу Шцірліца з жонкай у кавярні «Элефант», не хапае толькі адпаведнай музыкі.
— Дарэчы пра жонак...— неяк ненатуральна лёгка прагаварыў Юрась, не зважыўшы на маё абурэнне.— Як там Стэла?
Божа, што рабіць? Я так і не вырашыла, як будзе мудрэй... Змаўчаць? Намякнуць на праўду? Маё няпэўнае мыканне Юрась расцаніў, як кепскія навіны пра здароўе жонкі.
— Трэба мне найхутчэй адсюль выбірацца. Самому прасачыць, як там і што...— зазначыў рэстаўратар.— Але зараз вось — тапчуся на месцы... Я адчуваю, дзе якое колца было, як нацягваліся вяроўкі... Там — драпінка, там — цёмная плямка... Фігурка нахіленая... Усё роўна як малюнак па фрагментах дамалёўваю. Але гаспадары не здаволяцца, пакуль гэтыя клятыя гадзіннікі не пачнуць разбіваць шклянкі, як п’яны афіцыянт. Нешта ўжо атрымліваецца... Рэзананс моцны. Ды не хапае чагосьці, што мусіла з’ядноўваць усе гадзіннікі. Яны вельмі геаметрычна вывераныя, дэталі знаходзяцца на пэўных лініях прасторы, перасякаюцца, вымагаюць чарговасцяў... Мне засталося зусім трошкі, каб адгадаць загадку... А цяпер не ведаю, ці маю права яе раскрываць? А раптам гадзіннікі сапраўды — небяспечная зброя?
Я задумалася. Ці варта надаваць такое значэнне сакрэту лекара? Гэта ўсяго толькі легенды. Ведзьмакі таго часу, нацершыся аканітавай маззю, шчыра верылі, што лётаюць...
Агеньчык свечкі быў такі слабы, што люстраваўся ў кубках ледзь заўважнай светлай кропкай... Але часам дастаткова адной светлай кропкі, каб выйсці на шлях. У мяне пакуль такой не было. Усё здавалася нерэальным. Гэтае мястэчка, за волю якога гінулі пакаленні, магчыма, і маіх продкаў... У якім гібелі продкі, што выжылі ў бязлітасным часе, нібыта сухія травінкі, не зачэпленыя касой, зрэзаўшай гонкія сакавітыя сцябліны... Нерэальным быў сённяшні халодны дзень — быццам прыхінаешся шчакой да зацягнутай бруднай шэранню шыбы чужога акна... І гэтая кавярня, падобная да правінцыйнага альбома, у якім выразаны з паштоўкі калядны зайчык суседзіць з рэпрадукцыяй Хруцкага... І чалавек насупраць, сумны і напяты, як рука воя на дзяржальне мяча... Вось заплюшчу вочы, усё знікне, і я прачнуся ў сваёй часовай кватэры з белымі ў брунатныя пасачкі шпалерамі, з копіямі старажытных гравюраў...