Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Ты моцна кахаеш Стэлу? — дурное жаночае пытанне, за якое я адразу пачала сябе дакараць. Але Юрась, памаўчаўшы, адказаў з горкім спакоем.
— Усяго было... І кахання, і шкадобы.... А галоўнае, мабыць — пачуцця віны...
Я не магла змаўчаць.
— Перастань, ну ў чым твая віна?
Юрась сур’ёзна, тужліва паглядзеў на мяне.
— Думаю, што не мог ні пры якіх абставінах — а яны часам былі, як кіпень,— кінуць Стэлу, бо памятаў, што кінуў цябе. Я мусіў сплаціць грэх... Дасюль не да канца разумею, чаму ў нас з табой так усё атрымалася?
Я адвяла вочы.
— Вядома, спраўдзілася наша агульная легкадумнасць ды юначы эгаізм... Але акрамя таго... Успомні, хто былі мы, калі пазнаёміліся? Я — дзяўчынка з правінцыйнага мястэчка, для якой вялізная праблема, прабач, набыць калготкі. Ты — «хлопчык-мажор», са сталічнай элітнай сям’і, багаты, стыльны... Мог апельсінамі падлогу засыпаць. А я больш за ўсё на свеце ненавідзела становішча Папялушкі. Я ж чытала табе свае вершы. «Мне нічога ад моцных не трэба, хай гуляюць ва ўладу па-царску...» Карацей, мы бедныя, але гордыя... А ты, паводле тэрміналогіі маёй сям’і, буржуй... Чалавек іншага кола.
Мой былы муж разгублена правёў рукой па цёмных непаслухмяных валасах — гэты жэст у яго застаўся яшчэ ад таго часу, калі насіў доўгія кудлы.
— Я пра гэта не задумваўся... Ты ж такая... незалежная, прыгожая... Я да цябе падысці не наважваўся.
— Падышоў жа...
Юрась апусціў галаву, нібыта сабраўся падставіць яе пад рытуальную жменьку попелу.
— Божа, які я ідыёт...
Я ўздыхнула.
— Давай ужо праўдзіва — якія мы абодва ідыёты. І хопіць настальгіі. Усе гэтыя Калыванавы, вядома, навалач, але не будзем перабольшваць. Гадзіннікі сёння ў якасці зброі — так, цацкі... Ну будуць гаспадары забаўляцца, палохаць гасцей. Не ўсе ж гатовыя вар’яты, як прафесар. Зрабі выгляд, што ні аб чым не здагадваешся, адрамантуй — і ўцякай...
Юрась задумаўся.
— Слухай, ты ведаеш, дзе жыве краязнавец Калейка? Можа, ён распавядзе падрабязнасці, як знайшлі гадзіннікі...
Мястэчка ў нечым было падобнае да таго, у якім вырасла я — гэтак жа падзялялася на раён старых хацінак і «элітную зону», дзе збудавалі некалькі двухпавярховых «хмарачосаў». Толькі мелася ў Старавежску і тое, чаго не хапала ў мястэчку маім. Маё вырасла паўсотні гадоў таму дзеля прытулку нафтавікоў, якія шчыравалі на зараз мёртвым заводзе — бетонныя муміі труб, бязвокія пачвары будынкаў, ашчэраныя ржавай арматурай... А тут гісторыя выпроствалася з-пад зямлі камянямі са стараславянскай вяззю, рэшткамі цаглянай агароджы, мармуровымі прыступкамі, што вялі на заснежаны падмурак... Досвед сотняў пакаленняў нібыта люстраваўся ў тварах месцічаў, якіх мы сустракалі па дарозе, праступаў з-пад іх рысаў простай мудрасцю часу. Мне нават падалося, што, каб нарадзілася я тут, не саромелася б свайго правінцыйнага паходжання, не было б у мяне «агіды глухамані», якую апісваў японец Акутагава. Калі на заходзе сонца раптам схопіць цябе за горла невымоўная туга, скруціць душу, як мокрую хустку — і трэба зараз жа бегчы адсюль туды, дзе сапраўднае жыццё, вырвацца, атрасаючы з сябе санлівую цішу, перавітую дымкамі з комінаў, аздобленую рэдкім сабачым брэхам. Калі далёкі свісток цягніка — усё роўна што пляма святла наверсе, якую бачыць тапелец. А тут, у Старавежску, была самадастатковасць, цэнтр, няхай ён урос у зямлю, як гэтая старая капліца, толькі верхні ярус з абламаным крыжам цямнее над сумётамі...
Звілістая рэчка падзяляла горад напалам, намыўшы за тысячы гадоў высокія адхоны. Дом Пятра Піліпавіча Калейкі аказаўся дзесьці ўнізе, над рэчкай, да яго трэба было спускацца пакручастай сцяжынкай. Мае абцасы падступна слізгалі, я ліхаманкава хапалася за голае вецце лазняку, якое сіратліва тырчэла з-пад снегу. Юрась, які спускаўся наперадзе, нясмела працягнуў мне руку. Нясмела — таму што памятаў, на якую водпаведзь мог нарвацца. Гэта мае сяброўкі, калі мы прыехалі ў нямецкі ўніверсітэцкі гарадок, дзівіліся, чаму прыстаўленыя да нашай групы хлопцы-гіды не кідаюцца дапамагаць замежным дзеўчынёхам несці цяжкія сумкі, расчыняць дзверы... А я заўсёды ведала, што нармальная феміністка такія знакі ўвагі лічыць за абразу, падкрэслены напамін пра сваю другаснасць, як слабейшага полу. «Сама-сама-сама!»