За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Паслухай, ці можна тут знайсці які глыток вады? — звярнуўся да яго Алекса.
Дэхканін павярнуўся, вочы яго бліснулі звярынымі агеньчыкамі.
— Замаўчы, паршывы парс! Ад вас, ад якіх адвярнуўся нават Алах, усе нашы беды!
Алекса адсунуўся ад яго, азірнуўся. Але людзі вакол сядзелі з абыякавымі тварамі, ніхто не паварушыўся, не сказаў ані слова. Яму стала страшна i горка. Нават тут, на краі смерці, людзі не могуць адчуць сваю еднасць! Нават тут яны не могуць набрацца спакою i альбо змагацца за жыццё з апошніх сіл, альбо мудра i дастойна сустракаць смерць! Аднолькавыя яны, людзі, аднолькавая ў ix i радасць,— а лютуюць, грызуцца між сабою, як звяры!
Ды сам ён хацеў жыць. Жыць, каб узяць тое, што можа засвоіць i зразумець, i з гэтым вярнуцца на радзіму. Хаця б апраўдаць сваё жыццё! I таму ён вырвецца адсюль, не дасць згнаіць сябе ў зіндапе! Не, цяпер ён цвёрда верыў — смерць яго не тут, не ў бязводнай пустыні, не на дарозе, чый цяжкі i горкі пыл асядае пад нагамі, як быццам i сапраўды напоўнены дашчэнту тленам прайшоўшых па гэтай зямлі людзей! Ён памрэ — там...
Там, дзе звіняць заінелыя бомы на грывах ільсняных коней...
Дзе пад палазамі ў марозны дзень выблісквае сонца i рассыпаецца тысячамі іскраў па заснежанай paўніне...
Дзе дзяўчаты з шэрымі i сінімі, як кветкі лёну, вачамі палошчуць ў Дзвіне бялізну, i грукат пранікаў громам аддаецца далёка ў сцішэлых увечары нізінах...
Дзе чорная скібіна зямлі цяжка паварочваецца пад жалезным лязом, каб пасля вырасціць у сваім лоне i аддаць грузныя, прапахлыя хлебам каласы...
Дзе чалавеку жывецца цяжэй — але i лягчэй, таму што жыццё там, у суровых прасторах, сярод звяроў i балот, даражэйшае, яго цэняць болей, чымся тут. Там чалавек не адвык яшчэ ад думкі, што ён i зямля — адно, што ніхто яшчэ не араў тваё ляда i што, адабраная ў лесу ці балота, зямля належыць табе... Зямля выбірае сілы. Людзей не хапае на яе ўсю...
Чаму там, у Полаччыне, здаецца, што яна бясконцая, што няма ёй ні канца ні краю?
Чаму тут, дзе пустыня з усіх бакоў падступае да аазісаў i спрабуе захапіць усё, што доўга i цяжка адбіралася ў яе,— чаму тут зямля здаецца маленькай, кожны яе лапік — цудам?
...Ен забыўся на ўсё, разважаючы над гэтым, i, можа, тут, у цёмным зіндане, упершыню адкрылася яму ісціна: усё патрэбнае чалавеку — у ім самім, ён можа змясціць у сабе ўвесь свет, які ніхто не адбярэ... «Царства божае — унутры нас» — чамусьці ўспомніліся яму словы, якія мільганулі ў свой час міма, здавалася, што ён ix i не запомніў, а вось усплылі тут, у цёмным задухлівым зіндане, сярод няшчасных, нібы i сапраўды ўжо з пераламанымі хрыбтамі людзей.
Нечакана для сябе заснуў, a прачнуўся ад таго, што вакол паднялося выццё, шалёны клубок людзей вішчаў, ірваў адзін у аднаго нешта вельмі ж смярдзючае, слізкае — відаць, стражнікі скінулі кавалкі нейкай тушы, што паспела пратухнуць. Алекса міжволі здрыгануўся, калі адзін такі слізкі кавалак упаў яму на галаву i адразу сюды кінуліся людзі, ледзь не затаптаўшы яго ля сцяны, мацаючы рукамі ў гадкай, пахкай жыжы вакол.
Яго званітавала, закружылася галава. Адпоўз убок, сочачы за тым, як ляцелі зверху кавалкі гавяды, каб не дакрануўся каторы да яго. Успомніў, што ў поясе ёсць дробныя манеты. Дачакаўся, пакуль сціхне енк, прагнае чаўканне навокал i стогны. Крыкнуў наверх:
— Прадайце ляпёшку! Толькі адну ляпёшку i глыток вады!
Вартаўнік наверсе нарэшце схіліўся над ямай:
— Паршывы пёс, мы яшчэ не ўсё ў цябе забралі?
— У імя Алаха, вялікага i міласэрнага, толькі адну ляпёшку! — крыкнуў Алекса.
Наверсе параіліся, пасля скінулі лесвіцу. Алекса палез наверх, i адразу ж у лесвіцу ўчапіліся людзі, адпіхваючы яго, таксама папаўзлі да святла.
— Вы, адроддзе Ібліса, прэч! — зараўлі зверху.
Але людзі лезлі ўпарта, з белымі, няўцямнымі вачыма — туды, наверх, да сонца, да святла!
Тады лесвіцу моцна страсянулі — раз, другі... Людзі адляцелі прэч, з імі Алекса.
— Першаму, хто тут паявіцца, праламлю галаву! — раз'юшана зароў адзін з варты, скамандаваў Алексу:
— А ты — лезь. Але калі не будзе манеты, можаш развітвацца з тваім паршывым жыццём!
Алекса лез, стараючыся, каб вочы яго прывыклі да святла, пакуль не з'явіцца перад стражнікамі. Ён павінен паспець — іначай усяго вывернуць, прамацаюць кожную складку на адзенні i зноў выкінуць уніз, у смярдзючую яміну, адкуль дарогі да жыцця няма. Ён павінен глядзець ім у вочы, павінен гаварыць з імі. Нездарма ж столькі гадоў раздумваў над тым, што такое чалавек, у чым яго сіла i елабасць... Нездарма ж шукаў i спрабаваў сабраць у адно таямнічую сілу, якою надзелены, як гавораць свяшчэнныя кнігі Авесты, кожны з людзей, але не кожны пра гэта ведае i здагадваецца...