Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 213
Перейти на страницу:

— Ну ты і сволач, Дар’я Сымонаўна… — Генуся аж трэсла. — А я ж быў упэўнены, што ты нават маніць ня ўмееш.

Едрусь, заўсёды такі спакойны, таксама ледзь стрымліваўся.

— А ты пра Руслану падумала? Яна ж з-за цябе ледзь не…

Я ў час штурханула рокера. Не жадаю, каб нехта ведаў пра маю няўдалую кар’еру дзяўчынкі па выкліку.

Даліла, не зважаючы ні на кога, падышла да Скаловіча, які захоўваў змрочнае маўчаньне, паклала вузкую даланю яму на грудзі… Зноў зусім як Антаніна з 1933-га.

— Валяр’ян… Прашу цябе… Не сыходзь. Што там? Толькі сьмерць ды пакуты. Ну што ты зьменіш? Каму што давядзеш? Пра тваё геройства ніхто — чуеш? — ніхто не даведаецца…

Скаловіч моўчкі адвёў яе руку. Яго хударлявы твар быў нібы каменны.

Паветра ў хаце згусла, нібыта перад навальніцай.

— Ну, што ж… Трэба прысесьці на дарожку! — з уздыхам падаў голас Макс. І палез мацаць па сваіх шматлікіх кішэнях… Ага, дыктафон шукае.

Мы моўчкі ўселіся за стол. Нават Даліла нібыта зьмірылася. Скаловіч паглядзеў на мяне. Вельмі сур’ёзна. У мяне, зразумела, як і дэкляравала маленькая Наталі Портман, нешта абарвалася ў жываце.

— Вы, Руслана, ня тым займаецеся ў жыцьці, — ціха прагаварыў прафесар.— Вы — не тэхнар. Архітэктар з вас ніякі… На філфак падавайцеся.

Ага, разьвітальны “тэстамент”.

Макс тым часам перакруціў плёнку ў дыктафоне і сунуў прафесару пад нос.

— А вось скажыце, Валяр’ян Іванавіч, што вы ведаеце пра…

Генусь штурхануў нашага волата.

— Выключы… Сумленьне трэба мець. І так загуляліся.

Мы маўчалі. Дождж сумна барабаніў у шыбы, нібыта праводзіў пахавальную працэсію. Кажуць, што калі ідзе дождж падчас пахаваньня — гэта добры знак, значыць, нябожчык быў някепскім чалавекам, і прырода сумуе па ім.

Урэшце Скаловіч узьняўся. Падышоў да канапы, нясьпешна расшпіліў паліто, скінуў яго… Гэтак жа нетаропка сьцягнуў з сябе Максаву кашулю, акуратна склаў, потым зноў апрануў паліто — проста на голае, спаласаванае шнарамі цела… Цяпер, здаецца, джынсы здымае… Што гэта значыць? Я разгублена абвяла вачыма тусоўку. Усе прыгнечана маўчалі, хаваючы вочы… Раптам разуменьне працяла і мяне. Гэта ж прафесар рыхтуецца сысьці — у тым выглядзе, як зьявіўся... Калі не лічыць загоеных ранаў і змытага бруду. Наслухаўся Едрусевых тэорыяў пра неўмяшальніцтва ў гісторыю. І я нарэшце ўсьвядоміла напоўніцу, пра што крычала Даліла, і куды наш госьць адпраўляецца… Што яго чакае… Можа, я зрабіла страшэнную памылку, калі выцягнула яго з дурдому?

Між тым прафесар абуў на босыя ногі боты з гармонікам… Выпрастаўся…

— Усё… бывайце.

І пайшоў да сьцяны, дзе вісеў абраз, які дасталі з магілы. Я таксама ўзьнялася, як за паветраным шарыкам узьнімаецца ўверх нітка, якая, можа, зусім і не зьбіралася нікуды ляцець.

— Спадар Валяр’ян…

Я ж так яму і не сказала… Скаловіч наблізіўся да мяне, пацалаваў у шчаку, зазірнуў у вочы… Не, усё-ткі ён умеў чытаць думкі. Раптам прыхінуў да сябе і зашаптаў на вуха:

— Ну-ну… Гэта пройдзе… Гэта ўяўленьне. Вы проста рамантычная, цудоўная дзяўчынка… І рыцар у вас ёсьць, які вас кахае. І вы яго кахаеце… І ўсё ў вас будзе добра. А я — экспанат з мінулага. Стары сярдзіты прафесар, які, па-сутнасьці, даўно ператварыўся ў тло. Дзяўчаткі ў вашым узросьце могуць закахацца ў фотакартку, у мумію… Але ж лепей — жывы, прыгожы і шчыры хлопец. Ну, не сумуйце…

Пацалаваў у лоб, адышоўся…

І што, гэта — назаўсёды? І як далей жыць?

Даліла кінулася да яго праз увесь пакой, як шалёная, з такім адчайным крыкам, які можна чуць толькі падчас сапраўдных — не інсцэнаваных — народных галашэньняў. Абхапіла, ледзь не паваліўшы на зямлю. Мне падалося адразу, што яна зьбіраецца зноў гвалтам затрымаць госьця.

І Скаловіч раптам таксама абняў яе… Рыўком, амаль груба, прыціснуў… Іх вусны сустрэліся…

Яны цалаваліся прагна, з жарсьцю, так, як могуць цалавацца перад вечным расстаньнем толькі людзі, якія даўно адзін аднаго кахаюць і адзін аднаму даўно не чужыя. Забыўшыся на нас. Забыўшыся на ўсё. Пальцы Далілы лашчылі цёмныя з сівізной неахайныя валасы… Кручканосы змрочны твар... Кожную рысачку… І яго рукі таксама нібыта стараліся запомніць яе…

Я зразумела, што плачу, толькі тады, калі сьлезы пацяклі па шыі. Зараз, як Аліса ў Краіне Цудаў, наплачу сабе мора, у якім змагу патануць.

Дурнічка. Наіўная дурнічка. Гэта не тваё сьвята і не тваё гора. Гэта — для дарослых… Не для такіх малых няўдаліц, як ты… Зрабі сабе пірсінг на сэрцы, малая. Можа, ня так стане балець.

А Даліла адарвалася ад прафесарскіх вуснаў і прамовіла:

1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)