Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Слухай, ты дзяўчынка?
Я нават не адразу зразумела, пра што ён пытаецца. Потым шчокі мае запалалі, быццам мяне па іх нехта адхвастаў.
— Якая розьніца?
Амар адвёў вочы, узяў са стала чарку і замаўчаў. Я з адчаем разумела, што грошай, падобна, не атрымаю. Няўдалая з мяне спакусьніца. Такая ж, як і архітэктар. Трэба нешта рабіць… Зусім распрануцца, ці што?
Але я сядзела на скураной канапе, як прыклееная, і адчувала сябе горш за белы пухнаты дыванок са штучнай скуры, які кінулі пад дзьверы… Ды яшчэ ня з боку кватэры, а звонку, з боку вуліцы, там, дзе мокры абутак, і на белыя варсінкі сыпецца пясок і падаюць недапалкі.
— Што, той мужчына, якога забралі… гэта насамрэч твой дзядзька?
Я кіўнула. Амар глядзеў вельмі сумна.
— Любіш яго вельмі? Грошы трэба, каб яго выкупіць?
— Так…
Бай яшчэ памаўчаў. Паставіў на стол келіх.
— Калі забілі брата майго дзеда, я быў яшчэ маленькі. І са сваякоў нікога побач, акрамя маці і мяне. Мы вярнуліся ў наш аул, які доўга стаяў пусты, як вока сьляпога. Усіх адтуль выселілі, бо абвесьцілі здраднікамі і прыслугачамі Гітлера. Нават немаўлятаў, якія не маглі вымавіць ні імя “Гітлер”, ні імя “Сталін”, ні слова “мама”. І я нарадзіўся ў горадзе Акмолінску і ніколі не бачыў гор. Але, як стала можна, дзядзька маёй маці ўзяў яе і мяне, і мы паехалі на радзіму продкаў. Знайшлі свой дом, напалову засыпаны брудам, пасяліліся… Апошнія з роду.
Мне падавалася, што гаспадар сядзібы мяне нават ня бачыць, а размаўляе з кімсьці больш важным. Таму што голас ягоны ажно трымціць ад гневу.
— А ў некаторых дамах ужо жылі іншыя. Прыхадні. Якія не хацелі, каб тутэйшыя вярталіся. Яны пілі гарэлку, іх жанчыны брыдка лаяліся… І аднойчы, калі мой дзед зрабіў такой жанчыне заўвагу, прыбеглі яе сваякі і дзеда моцна пабілі. Палкамі, як ішака. А ён быў ужо стары… І ён памёр. І тады мая маці ўзяла стрэльбу… У нас у доме ў кожнага прыхаваная зброя — а зброя, сапраўдная, дагледжаная, ня страціць сьмертаноснай моцы нават цягам вякоў... Як і помста. Маці адпомсьціла ім усім. І мы з ёю сышлі. Праз сорак гадоў я выкупіў у тым ауле ўсе дамы.
Амар звузіў вочы, ягоныя сківіцы сьціскаліся…
— А навошта тады вам нашыя дамы? — папыталася я.
Гаспадар раптам зарагатаў, адкінуўшы на сьпінку канапы сьсівелую галаву.
— Дурнічка! Кожны народ бярэ столькі зямлі, колькі здольны ўзяць. І пралівае за сваю зямлі столькі крыві, колькі ёсьць у ягоных жылах. Вы аддаяце нам свае дамы — мы возьмем. Чаму ж вы гэтак узьнялі цэны на сваё жытло, што вам самім яго не купіць? Я ведаю — нават прафесары вашыя ня могуць набыць і самай маленькай кватэры, а хто яшчэ паважаней павінен быць, чым настаўнік? Пакуль сярод вас жывуць такія, што гандлююць сваёй зямлёй — яе будуць скупляць. Мне часам шкада вас. Але чаму я павінен думаць пра іншы народ? Я думаю пра свой. Таму я забяру тут столькі, колькі змагу. Але я паважаю тых, хто можа ахвяравацца за свой род. Пачакай…
Амар выйшаў на хвілю з пакою, потым вярнуўся і кінуў на канапу два тоўстыя пачкі грошай.
— На, гэта за вашу хату. Дваццаць тысячаў.
Я разгубілася.
— Чакайце… Гэта ж хата Далілы… Дар’і Крашэўскай. Яна павінна падпісаць дакументы… Дамову…
— Дурнічка! — стары бай спачувальна глядзеў на мяне. — Усё ўжо даўно падпісана. Ня верыш? Вось дакументы…
Ён пакорпаўся ў нейкай шуфлядзе і кінуў на стол паперы. Я афіцыйных папераў баюся, дробны шрыфт скакаў у маіх вачах, нібыта нехта мак сеяў… Але лічбу “10000” і подпіс Далілы я разгледзела. І чысло… Ня сёньняшняе, не ўчарашняе… А якраз таго дня, як нас забрала міліцыя.
— Я назаўтра ўжо і бульдозер замовіў.
Мне падалося, што мяне нешта прыціскае да паркетнай падлогі вялізнай чорнай лапай.
— І што… вы не прапаноўвалі Даліле... пераспаць з вамі?
— Чаму ж не? Прапаноўваў. — Амар шчыра ўсьміхаўся. — А што ў гэтым кепскага? Яна жанчына свабодная. На дачку грошы трэба. Нельга дзяцей у беднасьці гадаваць. А цану на вашага дзядзьку міліцыянты самі паднялі. Надта ён ім не спадабаўся. Трымаецца, як вялікі злы начальнік. Такі дорага павінен каштаваць. Напачатку дамаўляліся — за дзесяць. Каб нікога ня крыўдзіць. Мне — хата, ім — мае грошы, тваёй сяброўцы — свабода і тое, што яна яшчэ прасіла. Патрымаць, каго і дакуль скажа, у бальніцы. І чаго толькі яна на твайго дзядьку так узьелася? Відаць, пакрыўдзіў яе моцна.
Мае вусны трэсьліся. Амар паляпаў мяне па плячы.
— Ну, ідзі, выручай сваяка. Будзеш аддаваць грошы гэтым сьцярвятнікам з міліцыі — найлепей мець табе справу з капітанам Тумачом, — скажы: ад Амара. І скажы яшчэ, што Амар прасіў перадаць, што рахунак ведае. Гэта калі падмануць цябе захочуць. Бо дзесяць, што зьверху цаны, гэта тое, што я абяцаў ім аддаць за спрыяньне. Так што хай бяруць, як дамаўляліся, ці я ім дах паварушу.