Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Калі я ўжо выходзіла з сядзібы, хаваючы пад крысом курткі пачкі з грашыма, да мяне здалёк кінулася фігура ў чорным. Едрусь…
Ён схапіў мяне за плечы.
— Я цябе цэлы дзень шукаю! Стукаўся да гэтага чарнажопага — не пусьцілі. Але як ты магла… Ты… што? Ты да яго хадзіла замест Далілы! Я яго заб’ю!
Я стамлёна прамовіла:
— Ня варта. Ён нічога мне не зрабіў. Чуеш? Ды не трасі ты мяне, як ігрушу. Нарабілі ўжо справаў з-за тых ігруш.
Едрусь адпусьціў мяне. Ды ён сапраўды за мяне хвалюецца… Вось так. Пакуль дыхала з ім у такт, яму было фіялетава.
— Супакойся. Ніякага сэксу. Пагаварылі, расшкадаваўся… Вось грошы за хату. Усе паперы падпісаныя. Не пытайся, як… І бягом да капітана Тумача. Заўтра хату Разаліну зносяць.
Мы беглі да прыпынку, як паслы рымскага імператара з Менску XVI стагоддзя. Я прыціскала да сябе грошы, быццам дыпламатычнае пасланьне, і не зважала, што дождж наліўся ў мае красоўкі і хлюпае там, нібыта просіцца на волю.
Во, трэба было здабыць лакавыя боты на шпільках… Спадніцу-міні… А то спакусьніца знайшлася.
Фінальная гульня-2
Мы ўтрох, я, Едрусь і былы пацыент Навінак знаходзіліся ў храме. Прафесар захацеў найперш пасьля выпіскі сюды…
Чамусьці, калі я заходжу ў царкву, нават у чужым горадзе, я заўсёды адчуваю, што прыйшла дадому.
Той-сёй са знаёмых наракае на іншае: і цяжка яму там, і душна, і сьмешна…
А мне добра. Спакойна так. Хаця якая з мяне ўцаркоўленая: да споведзі раз на год выбіраюся, на Вялікдзень альбо на Каляды… Паўз царквы часьцей за ўсё проста прабягаю, папрасіўшы ў думках прабачэньня — ну вось, бачыш, Божухна, неадкладныя справы... Стамілася… Крытычныя дні… Гэтак жа прабачаешся ў думках перад старэнькай бабуляй, якая чакае ў госьці ў сваёй самотнай кватэры, чакае, а табе ўсё няма калі. Яна ж родная, яна зразумее, прабачыць…
І адбягаешся, як неслухмянае дзіця ад маці, усё далей, далей… І нарэшце адбяжышся на такую адлегласьць, што калі цябе нехта пакрыўдзіць — маці не абароніць, бо далёка.
Спадар Валяр’ян таксама адчуваў сябе ў царкве, як дома.
Ён раз за разам клаў паклоны перад абразам Маці Божай Адзігітрыі, няхай і не падобным на той, што застаўся ў доме ля могілак, але які выпраменьваў тое ж сьвятло. І яшчэ я разумела, што гляджу на Скаловіча апошні дзень у сваім жыцьці.
І хацела, каб у маёй памяці назаўсёды засталося гэтае аблічча, асьветленае агнём сьвечак…
Калі мы зьявіліся ў дом ля могілак, Даліла, Макс і Генусь былі там. Сядзелі за сталом над кучай грошай, як гангстэры, што абрабавалі банк, і нешта планавалі… Пры зьяўленьні і нашай троіцы — найперш высокага Скаловіча ў чорным паліто, з фірмовым сарказмам на вуснах — Даліла ўскочыла і нават пасунулася назад. Класічныя паводзіны пры зьяўленьні прывіда.
Магла яшчэ закрычаць: “Згінь! Прападзі!”
Але замест гэтага, забачыўшы маю пагардлівую ўсьмешку, закінула ганарыста галаву і заявіла:
— Так, я гэта зрабіла! Ну і што?
Макс і Генусь перазірнуліся. А я не зьбіралася шкадаваць нічые пачуцьці. Я сёньня, між іншым, ледзь ня страціла цнатлівасьць у абдоймах шасьцідзесяцігадовага тлустага дзядзькі. І таму казала жорстка:
— Ты калі з Амарам дамовілася? У той дзень, як спадара Валяр’яна да ложка прыкруціла?
Даліла толькі ледзь звузіла зялёныя вочы.
— А што мне заставалася рабіць? А ты... ты навошта ўлезла? Хто ён — табе? Яшчэ хоць бы дзень…— сяброўка пачынала нервавацца не па-дзіцячы.— Ты разумееш, што вызваліла яго, каб забіць? Ты мазгамі хоць зрэдку варушыш, паэтычная наша? Ён жа зараз сыдзе! На сьмерць чалавека адпраўляеш!
Даліла пачала душыцца злымі сьлязьмі, якія не выклікаюць спачуваньня.
Да прысутных патроху пачало даходзіць, што адбываецца.
— Чакай… Дык я компы свае дарэмна загнаў? — Генусь аж з месца ўзьняўся. А Даліла глядзела толькі на Скаловіча.
— Валяр’ян… Зразумей… Я не магла дапусьціць, каб ты сышоў. — (Чаго гэта яна да яго на “ты”? Незалежнасьць сваю падкрэсьлівае?) — А мне паабяцалі, што цябе патрымаюць у добрых умовах. І выпусьцяць… Калі дом зьнясуць. Потым — пашпарт зробяць, прапіску… Я сапраўды ня ведала, што яны ўдвая накінуць супраць таго, што мы з Амарам дамовіліся. Але я б усё роўна дастала грошы! І… ты ж памятаеш, я дала табе права выбару, ты застаўся сам!