Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Уяўляю, як там настойліва спрабуюць знайсьці зьвесткі пра буркатлівага хворага і атрымаць хоць якія ўцямныя тлумачэньні наконт паходжаньня не такіх ужо даўніх шнараў. Засталося спадзявацца, што Скаловіч не пагрэбуе працытаваць маю байку наконт рабства на плантацыях бавоўны.
Між тым мы зьбіралі грошы на “выкуп”. Генусь прынёс тры тысячы — аказалася, прадаў свае наварочаныя кампутары. Тысячу Едрусь выручыў за гітары. Пакінуў сабе самую танную. Макс ахвяраваў трыста баксаў. Я з неверагоднымі намаганьнямі набрала столькі ж, збыла тое-сёе праз Інтэрнэт... Альбомы там па мастацтве, плэер, сканер… Даліла, бедная, як царкоўная мыш, да майго зьдзіўленьня таксама паклала тысячу. Прамармытала нешта пра крэдыт у банку, і пра навалач банкірскую, якая болей, сыходзячы з зарплаты, не дае.
Каб у нас быў час… Даліла велягурыла нешта пра тое, што няхай псіхованы прафесар падлечыцца, яму не пашкодзіць, усё пад кантролем, кормяць добра, транквілізатараў ня колюць. Але я лічыла кожную гадзіну.
І калі Даліла, на густ бая, каштавала дзесяць тысячаў баксаў, дык я, можа, пацягну хоць на ўдвая меншую суму. Урэшце, бай падчас вышуку ў нас ня толькі па Даліле позіркам праходжваўся, але й і мне ўлучыў увагі.
Я зноў націснула на кнопку. Ніякага гуку — дзынькала, відаць, дзесьці ў доме. Але за плотам пачуліся нечыя крокі, потым створка ад’ехала ў бок… Малады смуглявы хлопец у чырвонай куртцы-“алясцы” аглядаў мяне з лёгкай пагардай.
— Мне да пана Амара. Па важнай справе. Я… з суседняга дому, які пан Амар купляе.
Хлопец падумаў, дастаў сотавы… Перагаварыў на незнаёмай, але, ясная справа, усходняй мове, кіўнуў мне галавой.
— Ідзі.
Ну я і пайшла.
Я даўно вырасла з мульцікаў пра Аладзіна. Але, відаць, усё роўна спадзявалася недзе ў глыбінях свайго не самага інтэлектуальнага, па вызначэньні прафесара з мінулага, мысьленьня ўбачыць нешта падобнае да багдадскага палацу.
Але інтэр’еры былі вытрыманы ў стылю часопіса “Мезанін”. Нават стракатых дываноў ня мелася. І сам бай апрануты ў зялёны джут. Чорныя каротка стрыжаныя яго валасы былі напалам з сівізной, а рукі, з маё сьцягно таўшчынёй, неяк па малпаўску расстаўленыя ўбакі. Жывоцік, праўда, вельмі па-ўсходняму зьвісаў над спражкай дарагой скураной дзягі, але гэта не рабіла постаць азызлай. Наадварот, Амар, нягледзячы на паважаны ўзрост, быў пругкі і моцны, як падрыхтаваны да сапраўднай карыды бык (несапраўдная карыда — калі быка прымораць, каб ня надта хутка бегаў, рогі падпілуюць… А што, эль турыста ўсё схаваюць, а нам далей жыць, спадары тарэра).
Калі я, седзячы ва ўтульным скураным фатэлі, больш-менш зьвязна выклала сваю прапанову, мне падалося, што позірк Амара зрабіўся падобны на позірк відэакамеры над варотамі ягонага дому. Зьдзіўлена-недаўменны. Потым вочы зноў заблішчэлі нармальна, па-мужчынску… Менавіта за такі позірк праўдзівая заходняя феміністка адразу падае ў суд.
— Ну як нечага можа быць шкада для такой прыгожай дзяўчыны? Добра, няхай будзе пятнаццаць тысячаў за вашую хату. Слова даю. Верыш?
Я кіўнула. Я сапраўды чамусьці яму верыла. Ён моцны. Упэўнены. Такія не ілгуць… па дробязях.
Мне хацелася аднаго — каб усё хутчэй скончылася.
Я па ягонай прапанове перасела на шырокую скураную канапу, засланую… не, не леапардавай скурай, а пухнатым белым штучным футрам, стараючыся трымацца як спрактыкаваная гетэра, скінула чорную кашулю, якую насіла замест пінжака. Амар скасавурыўся на маю белую маечку-топ, нават караткапалую руку працягнуў, каб пагладзіць па плячы… Але схамянуўся, патупаў да шафы, дастаў бутэльку, крышталёвыя бакалы… Наліў віна — амаль да краёў… Падсеў бліжэй. Нешта гаварыў-вуркатаў… Настойлівей… Бліжэй…
Божа, ён жа старэй за майго бацьку…
Я адчувала, што мая ўсьмешка ўсё больш нагадвае грымасу. Дужая гарачая мужчынская рука лягла мне на грудзі…
я—усё роўна—павінна— праз гэта—прайсьці.
усе — рана ці позна — праз гэта — праходзілі—і нічога—жывыя.
інструкцыя: расслабся і атрымлівай задавальненьне.
Раптам рэзкі пах адэкалону аддаліўся, гарачыя рукі сасьлізнулі з мяне. Я расплюшчыла вочы (сама не заўважыла, калі заплюшчыла іх). Гаспадар сядзеў, адхіліўшыся, і зноў вывучаў мяне недаўменным позіркам.