Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Давядзецца і нам — шляхам Папарацевай радні,— прамармытаў Генусь.
— Ды вось жа — абраз прадамо! — узрадваўся Макс і працягнуў руку да Адзігітрыі.
— Не чапай! — сінхронна гукнулі Едрусь і Даліла.
— А што? — бязьвіным позіркам абвёў усіх Макс. — Мы ж не сабе грошы забярэм, а хіміка выкупім.
— Ня трэба гэта чапаць, пакуль Скаловіч ня вернецца. А потым… Потым гэта трэба вярнуць у храм, — цьвёрда прамовіла я. — А за айца Мікалая заўтра закажам саракавуст… Вось ня ведаю, ці ўдасца адшукаць ягоную магілу…
— Наўрад, — паківаў галавой Макс. — Калі дакладна месца не вядомае… Хіба Скаловіч бы пазнаў, і тое сумніўна. Та-ак, дасца нам гэты хімік у знакі… Грашовыя.
— У пячонкі ён нам дасца! — раптам “прарвала” абсохлую Далілу. Яе зялёныя вочы зноў пачалі бліскаць маланкамі. — Ён жа і сапраўды псіх! Вы што, не зразумелі? Маньяк! Цяжкое дзяцінства, комплексы… Яго цягне браць на сябе чужую віну. Ня ведаю, як гэты сіндром называецца ў псіхіятрыі. Але яго дакладна трэба лячыць! Калі б Чарнобыль пры гэтым тыпусе ўзарваўся — ён бы сказаў, што гэта ён узарваў! Прыдурак стары! Хто яго прасіў з міліцыянтамі ды дактарамі счэплівацца! Вось хай зараз і лечыцца!
Даліла намагалася, каб з вачэй ня выліліся здрадніцкія сьлёзы. Як яна злавалася на тое, што плача! І якая яна была прыгожая нават у такія моманты!
— Ну што, пайшлі па дамах? — падняўся Генусь. — Маці ня вельмі добра сябе адчувае. І грошы трэба шукаць. Застанецца тут хто сёньня начаваць?
Ахвотных не знайшлося.
Хата Разаліі Іванаўны стаяла чорная, апусьцелая, нібыта выкапнёвы чэрап. Я мімаволі перавяла пагляд туды, дзе побач сьвяцілася еўравокнамі вясёленькая трохпавярховая віла за высокім белым плотам з сістэмай відэаназіраньня.
Там ніколі ня будуць успамінаць расстраляных беларускіх паэтаў.
А на могілках тым часам згасалі апошнія сьвечкі. І ўва мне ў такт крокам біліся няроўныя радкі:
Фінальная гульня-1
“Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе”. Так казалі продкі.
У XVI стагоддзі пасол Рымскага імператара Тэктантэр, які ехаў да Вялікага князя Маскоўскага, праязджаў праз Менск. Дык тутэйшы стараста затрымаў яго і пачаў зьдзеквацца, кажучы, няўжо Рымскі імператар ня можа мець сябрам якога-небудзь больш значнага гасудара, чым маскавіта.
Ведаў бы ён, што надыдзе час, калі маскавіты зробяцца тут гаспадарамі. А потым праз масквітаў паедуць да нас іншыя…
Я стаяла перад высокім белым плотам “загроды” усходняга бая Амара. З-за плоту брахаў сабака і бразгаў ланцугом. І бачыць ня трэба — ясна: здаравучы натрэніраваны зьвер. Вочка відэакамеры глядзела з выгнутага над плотам белага прэнту на мяне, нібыта іншапланецянін, або, як кажа мой вясковы дзед, “інаплан”. І мне здавалася, што гэты “інаплан” дужа дзівіцца, акругляе недаўменна чорна-сіняе вока: што за непаглядная істота ломіцца ў панскі дом?
Але я дакладна ведала, чаму я тут. І чаму апошнім часам пачала меней думаць пра Едруся.
Памятаеце выдатны фільм “Ляон” з дзюбаносым Жакам Рэно і маленькай Наталі Портман у ролях? Там сірата-тынейджэр Наталі кажа свайму апекуну, кілеру з душою дзіцяці: “Здаецца, я цябе кахаю”. Той пытаецца, як яна адчувае, што кагосьці кахае? І дзяўчынка кладзе руку на жывот: вось тут, пад лыжачкай, нешта пачынае абрывацца, калі глядзіш на таго, каго кахаеш.
Ну вось і ў мяне так ад кожнага кадрыку памяці, на якім красуецца на падушцы гарбаносы твар з фанабэрыстымі вуснамі і глыбокай зморшчынай між броваў.
Я цэлы год была ўпэўненая, што кахаю Едруся.
А цяпер ня ўпэўненая ні ў чым.
Комплекс Электры, туга па недахопу любові бацькі? Комплекс школьніцы — падсьвядомае жаданьне сэксу з самым строгім настаўнікам? Ці проста я прымаю элементарную шкадобу за нешта іншае? “Она его за муки полюбила…” Фу, як прымітыўна. Урэшце, Скаловіч — самая значная асоба з усіх, каго я сустракала ў сваім жыцьці. Не, я не пра пасаду там, званьні… Калі хочаце, можна казаць пра харызму, навамоднае слоўца паходжаньнем з антычнасьці. Вянец, які трымала багіня Афіна над абраньнікам, і той меў уладу над розумамі. А магчыма, над сэрцамі… Якая розьніца. Проста я ведаю, што не змагу жыць, пакуль прафесар па нашай віне — у псіхушцы, і што з ім вырабляюць — невядома.