Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Першае, што я заўважыла, калі ўвайшла ў пакой са шпалерамі ў выцьвілыя ружы, было тое, чаго не было. А дакладней, абраза “Маленьне аб Чашы”.
Кут нязвыкла пуставаў. А над сталом схіліліся Макс і Генусь. Перад імі ляжаў абраз, вынуты з рамкі, і Макс пінцэтам адрываў ад дошкі наклееную папяровую карцінку.
Што за кашчуннасьць? Я наблізілася з прадчуваньнем таямніцы. Пад паперай, на дошцы бачыўся цёмны малюнак алейнай фарбай. Куточак рызы, расшытай расьліннымі ўзорамі…
Яшчэ да таго, як паказалася цудоўнае аблічча з дзіўнымі вачыма — любасьць і скруха — я зразумела…
Маці Божая Адзігітрыя.
Абраз, які быў пакладзены ў магілу з япіскапам Мікалаем. Яго старанна замаскавалі — сьпілавалі частку дошкі, каб быў танейшы, абклеілі карцінкай…
Пакуль мы з Едрусем наведвалі Скаловіча, Макс і Генусь узяліся абшукваць хату па ўсіх метадах дэдукцыі і індукцыі, Холмса, Пуаро і Ніра Вульфа…
Сьцены прастукалі, шпалеры месцамі паадрывалі… Да абраза дабраліся, дасталі яго з рамкі. Потым пасварыліся — Макс упарта хацеў ададраць ад зваротнага боку паперу. Генусь крычаў пра кашчуннасьць… Пачалі цягаць у бакі… Папера на згінах і разьехалася. І там паказаўся нейкі цёмны слой. Адхінулі… І вось…
Пасьля таго, як я распавяла ўсё, што пачула ад Скаловіча, мы зрабілі прыблізна такую рэканструкцыю падзеяў.
Япіскапа закатавалі тут, ясна. Хаця ў даведніках значылася — памёр ад тыфу ў турме. Скаловіч бачыў нейкі дамок, відаць, якраз гэты. Абраз — з Крыжаўзьвіжанскай царквы, дзе прыслужваў дзед Разаліі Іванаўны. Зразумела, што той дзед сачыў за лёсам айца Мікалая, і, магчыма, менавіта ён выратаваў абраз са зруйнаванай царквы і перадаў яго праз бабулю Леакадзію ў турэмную бальніцу.
Тое, што адбывалася на ўскрайку могілак, асьвятлялася фарамі машынаў. Гэта маглі бачыць з дамка.
Ці ведалі дакладна насельнікі дому, каго хаваюць прыхадні? Але ясна, што яны пайшлі раскапаць магілу. Навошта — зразумела: паглядзець на забітага, каб пазнаць яго, або хаця б запомніць аблічча, потым — пахаваць па-хрысьціянску.
Ці быў айцец Мікалай да таго часу жывы? Мы зноў жа ня ведаем. Хутчэй за ўсё — наўрад. Увогуле маглі з-за асьцярогі раскапаць магілу ў іншую ноч…
Галоўнае — вось ён, абраз са спаленай царквы. І вось жахлівы выпадак, зьвязаны з гэтым месцам: пахаваны жыўцом япіскап.
Ці магло гэта паўплываць на ўтварэньне нейкай часавай анамаліі?
Паколькі лепшай версіі ў нас не было, вырашылі — магло.
Вядома, абраз ня ўвесь час тут вісеў. Пры Разалінай маці-камуністцы — дык дакладна не. І ход у мінулае тады, відаць, не адкрыўся. Калі Разалія Іванаўна знайшла ікону, калі павесіла на сьцяну?
Дзёньнік заведзены восем гадоў таму.
Калі вы думаеце, што там падрабязныя апісаньні прыгодаў, накшталт як я вам распавядаю — дык не. Кароткія запісы “Выйшла ў 1933. Пнеўманія. Нічога не пасьпела”.
Што азначала, што нехта памёр у прысутнасьці госьці з будучыні ад запаленьня лёгкіх, а ігруша так і не была знойдзеная.
Усяго Разалія Іванаўна пасьпела выйсьці ў той сьвет адзінаццаць разоў.
Ну, добра…
А пры чым тут Скаловіч?
А хто, акрамя яго, мог распавесьці пра лёс япіскапа? Пра гісторыю гэтага абраза? Ён жа казаў, што апошняе, што япіскап бачыў у жыцьці — гэта ягоны, Скаловічаў, твар.
Вось вам і гульня… Нават Гульня з вялікай літары. Там, дзе пачынаецца рэальны боль, яна заканчваецца.
А што мы раней ведалі пра жыцьцё? Тое, што яно — дзярмо. Што мы — лепей за іншых, бо незразуметыя і пры гэтым прасунутыя, і наша Альбарутэнія — таемны ордэн, які дае права на эксклюзіўнасьць.
І вось што цікава, наўрад Валяр’ян Скаловіч скажа, што жыцьцё — дзярмо. Нават седзячы ў псіхушцы. Нават прайшоўшы праз усё, што прайшоў… Хаця Даліла і вінаваціла яго ў мізантропіі, ён ніколі ня скардзіўся на жыцьцё. На несправядлівасьць лёсу, фатум і падобную дэпрэсіўную муту.
І, пры ўсім сваім зьнешне фанабэрыстым характары — які насамрэч проста бар’ер між ім і сьветам, добраахвотная псіхалагічная вязьніца — хіба ён лічыў сябе лепшым за іншых? Ды ён жа ўвесь час над сабою падсьмейваецца.
А хто з нас можа над сабою шчыра пасьмяяцца? Даліла, ці што? У нас жа ўсё так сур’ёзна…
Вось і зараз хлопцы пачалі вельмі сур’ёзна спрачацца наконт рэлігійных канфесіяў. Хто ў каго храмы адбіраў. Бог ты мой. Мы — беларусы. Было — праваслаўных братчыкаў камянямі на вуліцах білі. Было — уніятаў бізунамі ў праваслаў’е заганялі. Як да гэтага праваслаўных — ва ўніяцтва. А цяпер у касьцёл ідуць, бо там службы прыгажэйшыя, больш культурна, па-еўрапейску… А беларускія храмы абарончага тыпу ўсё яшчэ стаяць зруйнаваныя. Францыска Асізскага на іх, дыскусійнікаў, няма, з аднаго боку, а з другога — Серафіма Сароўскага. Сьвяты Францыск чарвяка называў “брат мой чарвяк” і пераносіў з дарогі на траўку, а сьвяты Серафім, неверагодны аскет, калі ў пост яго частавалі бедныя сяляне па няведаньні самым лепшым, беражоным, але скаромным, не ўшчуваў, але частаваўся — бо страшней пакрыўдзіць, чым самому саграшыць.