Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Гэта быў самы лепшы ўчынак у тваім памылковым жыцьці, хімік. І я сваё слова стрымаю. Мы ня будзем хаваць гэтага слугу імперыялізму жыўцом. Злачынец атрымае хуткую сьмерць. Толькі ты сам яе яму і падары.
І працягнуў мне рэвальвер.
Што б вы зрабілі на маім месцы?
Мелася тры магчымасьці.
Першая — пазбавіць айца Мікалая нечалавечых пакутаў. Стогн даводзіў, што ён быў яшчэ жывы і нават можа апрытомнець.
Але гэта азначала б, што я — забойца. Яшчэ адзін сьмяротны грэх на душу.
Другая магчымасьць — забіць Касіянава… Або хоць кагосьці яшчэ з вылюдкаў.
Праўда, гэта ня выратуе ні мяне, ні айца Мікалая. І, магчыма, справакуе яшчэ большую азьвярэласьць… Хаця ці магчыма большая?
І трэцяе, самае простае і прывабнае — пусьціць сабе кулю ў галаву.
І зноў — загубіць сваю душу.
Дык што б зрабілі вы?
Я ўзяў рэвальвер, разумеючы, што ўсе тры магчымасьці ведае і мой кат… І зараз я гуляю па ягоных правілах.
Гэта-ягоная-гульня...
Паклаў палец на курок… Потым зьняў. І шпурнуў зброю ўбок, як гадзюку.
Касіянаў засьмяяўся. Гідка так, пагардліва. Падняў кінуты мною рэвальвер… Пацэліўся мне ў лоб… Націснуў курок… Пачуўся глухі шчаўчок.
У рэвальверы не было кулі.
Мне на галаву пасыпаўся дробны халодны дождж. Зашумела лісьце.
— Ну ты і баязьлівец, Скаловіч. Я стрымаў слова — даў нягодніку магчымасьць лёгкай сьмерці. Ты не дазволіў яму той магчымасьцю скарыстацца. Каб ты стрэліў, давёў сваю рашучасьць — я б пасьля ахвяраваў на яго баявую кулю. А так — усё. Здраднік ты, і застанешся здраднікам.
Магілу з жывым чалавекам і абразам пачалі засыпаць. Недзе непадалёк, відаць, на чыімсьці падворку забрахаў сабака.
Я не прынёс ім задавальненьня сваёй істэрыкай. Стаяў на каленях, маўчаў і глядзеў. І ведаў, што Маці Божая Адзігітрыя глядзіць на мяне праз белую пену і пясок.
Чаму? Таму, што ў колбе была не зусім кіслата. У выніку пэўных працэсаў з цягам часу рэчыва, якое зьела бедную Антаніну, рабілася бясшкодным. Яно магло пеніцца пры судакрананьні са шчолаччу, але не разьядала паверхню.
І яшчэ мне падалося, што вочы айца Мікалая на нейкае імгненьне зрабіліся асэнсаванымі, і ён сустрэўся са мною паглядам.
Але тут жа ягоны твар цалкам схаваўся пад кінутым рыдлёўкай вільготным пяском.
Калі мяне вялі назад, толькі ня ў “Форд”, а ў “варанок” — цяпер я мог запэцкаць дарагую камісарскую машыну зямлёй і крывёй, — я пасьпеў разгледзець непадалёк белую браму…
А потым жалезныя дзьверы за мной зачыніліся.
І я мог колькі заўгодна разважаць пра свае тры нявыкарыстаныя магчымасьці.
Так што, Руслана, гэта ў прынцыпе маглі быць і могілкі, пра якія вы пытаецеся.
Па-за гульнёй-9
Восемдзясят адсоткаў вулканаў на Зямлі — падводныя.
Восемдзясят сем адсоткаў людзей на Зямлі — тыя, што ня здольныя да самастойнага мысьленьня. Восемдзясят дзевяць адсоткаў — пазбаўленыя паэтычнага слыху.
Восемдзясят працэнтаў беларусаў назвалі сваёй роднай мовай беларускую.
Трынаццаць-адзінаццаць — гатовыя змагацца за яе існаваньне.
Трынаццаць-адзінаццаць… Столькі ж, колькі здольных да самастойнага мысьленьня, колькі маюць паэтычны слых і гатовыя выбухнуць на паверхні зямлі.
У цемры гарадскіх могілак гарэлі шматлікія сьвечкі — на магілах і ў руках наведнікаў. Да Дзядоў заставалася яшчэ некалькі дзён, але людзі прыйшлі на ўгодкі “чорнай ночы” беларускай літаратуры. У ноч 29 кастрычніка з нагоды сьвяткаваньня Дня савецкага камсамолу былі расстраляныя амаль трыццаць беларускіх пісьменьнікаў.
Дзьве тысячы пісьменьнікаў рэпрэсавана па ўсім Савецкім Саюзе.
З іх восемдзясят адсоткаў — з нацыянальных рэспублік.
На Беларусі бралі нават паэтаў-пачаткоўцаў… Нават тых, хто пасьпеў надрукаваць толькі адзін верш…
Каля пяцісот чалавек. Цэлае літаратурнае пакаленьне.
Ноч — з нагоды дня.
На вакне хаты, дзе мы ўпершыню пабачылі кручканосага прафесара хіміі з паскудным характарам, таксама мігцела сьвечка.
— Мы з табой ідзем на гэты агеньчык, нібыта і мы — госьці з іншага сьвету, — прамармытаў Едрусь.
Таксама мне, жартаўнік… І так страшна. Вецер вые. Апошняя лістота цісьнецца да чорнага гальля. Цёмна… Сьвечкі мігцяць… Як тут жыла Разалія Іванаўна разам са сваімі і чужымі мерцьвякамі?
Добра, што калісьці Эдысон прыдумаў электрычную лямпачку. Сьляпуча-жоўты вусень сьпіралі, укрыжаваны на вострых дзідах-дроціках, здольны пазбавіць містыкі нават інтэр’ер дому ля могілак.