Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Агульнымі высілкамі фільм быў зьняты. Атрымаўся так сабе, шэранькі сераднячок. Здымаўся дапатопнай апаратурай, на бляклую чорна-белую плёнку шосткінскай вытворчасьці. Затое ва ўсіх адносінах правільны: гераічны, патрыятычны. З дадатных герояў можна было браць прыклад, адмоўныя асуджаліся. Ужо пачаўшы здымкі, рэжысэр вырашыў замяніць апэратара, новага ўзяў з Масквы. Можа, ён і меў рацыю. Мой удзел у здымках быў мінімальны. На самым пачатку Віктараў сказаў тактоўна і дабрадушна, як ён гэта ўмеў: «Ты, пісьменьнік, сядзь і сядзі. Сваё ты зрабіў, астатняе — мая справа». Тую разумную параду я запомніў, хоць у наступным не заўсёды карыстаўся ёю. Аб чым ня раз пасьля шкадаваў.
45. Італьянец Марыё
Як казалі тады вопытныя кіношнікі — фільм можа зьняць і дурань, але дурань ніколі яго ня здасьць. То была праўда. Працэс здачы фільму, можа, цяжэйшы за здымкі. Ужо хоць бы таму, што здаюць два-тры бяспраўныя чалавекі (рэжысэр, дырэктар, сцэнарыст), а прымаюць дзясяткі чыноўнікаў, надзеленых высокімі дзяржаўнымі паўнамоцтвамі.
Марудна, тлумна, нэрвозна прайшлі ўсе беларускія інстанцыі (кінастудыя, мінкульт, палітаддзел вайсковай акругі, ЦК), павезьлі карціну ў Маскву. Паколькі ведалі, што справа здачы доўгая і працаёмкая, уладкаваліся ў самы танны гатэль — на сельгасвыставе. Фінансаваньне фільму было ўжо зачыненае, грошы скончыліся. Дачакаліся прызначанага глаўкам дню на знаёмым кожнаму кіношніку Вялікім Гнезьнікоўскім завулку. Цэлы дзень ішло абмеркаваньне. Начальнік глаўку, сланападобны кінабюракрат Баскакаў, выслухаў усе прэтэнзіі да фільму з боку сваіх дампрыдзіралак, высакалобых спэцыялістаў і адмовіў Віктараву ў прыёме. Перанесьлі тую працэдуру на наступны дзень, абавязаўшы рэжысэра штось выразаць. На другі дзень прэтэнзіі на тым ня скончыліся, знайшліся новыя. На трэці тое ж самае.
Грошы нашы канчаліся, жыць у Маскве не было як. Тады дырэктар карціны Тульман кажа рэжысэру: «Звані ў Менск, прасі падтрымкі ў ЦК. Бо наш ЦК фільм адобрыў, якога ж ражна гэтым трэба?». Віктараў звоніць у ЦК самому сакратару Шауру, кажа: «Во тую сцэну зь нямецкім танкам вы ж адобрылі? А тут нейкая Зусева пярэчыць супраць яе, фільм не прымаюць. Дык як нам быць?» Настала невялікая паўза, пасьля якой таварыш Шаура кажа: «Таварыш Віктараў, зрабіце так, як раіць таварыш Зусева».
Мусілі перарабляць паводле ўказаньняў таварыша Зусевай. Але штосьці ўгледзеў сам Баскакаў і прыёмны акт зноў не падпісаў. Рэжысэр у паніцы — што рабіць? Тады адзін зь яго знаёмых масквічоў-кіношнікаў кажа: «Трэба напаіць Баскакава, і прыме». Тое нам здалося неверагодным — як можна гэткае прапанаваць такому важнаму саноўніку? Але мусілі. Віктараў сабраў у каго колькі было ў кішанях і ўвечары адправіўся на Вялікі Гнезьнікоўскі. Мы засталіся чакаць у гатэлі. Чакалі да ночы і, не дачакаўшыся, паклаліся спаць.
Назаўтра раніцай пастукаліся ў нумар да Віктарава, той яшчэ спаў пасьля ўчарашняга. Не адразу прачнуўся, бесклапотна пацягся і кажа: «О-кей, хлопцы, акт падпісаны. Едзем дахаты…».
Так здалі ўрэшце шматпакутны фільм. На экранах ён прайшоў малапрыкмечаным, і я думаў, што за наступны сцэнар сяду ня хутка. Сталася, аднак, трохі інакш.
Пасьля выхаду «Трэцяй ракеты» асобнай кніжкай і асабліва пасьля выданьня яе ў Маскве крытыка трохі зьмяніла свае ацэнкі аповесьці. Фільм, які б ён ні быў, усё ж дадаў грунтоўнасьці літаратурнай першакрыніцы. Аўтар, аднак, адчуў пэўнае расчараваньне, мабыць, на тое паўплывалі незабыўныя пакуты кінатворчасьці. Тым болей, што наступная аповесьць, напісаная ў ключы папярэдняй, набыла яшчэ больш вастрыні ў сацыяльна-псыхалягічных адносінах. Аднойчы ў прыватнай размове за сталом мой аднагодак акадэмік Iван Навуменка сказаў, гледзячы мне ў вочы: «Я лепшы за цябе пісьменьнік, толькі ты ўмееш завастраць». Што ж, мабыць, доктар і акадэмік меў рацыю, сапраўды ў мяне атрымлівалася востра. Але пасьля «Здрады» я інстынктыўна адчуў патрэбу ў чымсь болей мяккім, нават добрым. Хацелася той дабрыні, якой так мала было ў жыцьці і наўрад ці здаралася на вайне. А можа, гэта адчуваўся пэўны сум па рамантыцы? Той, вядома, якая ішла зь мінулага, з кніжак, прачытаных у юнацтве, і несла з сабой непажаданую ў наш час сэнтымэнтальнасьць. Хацелася вылучыцца з жорсткага натоўпу, кудысь адасобіцца, дзе толькі — ён і яна. Хай сабе ў акопе. У лесе. Тым болей у гарах. Ці ў дарозе.