1. Ваколіцы. Возера
Родная мая мясьціна, мабыць, ня надта тыповая для раўніннай поўначы Беларусі — дужа зрыты рэльеф, пагоркі і лагчыны, раўкі, балацявіны і азёры. Азёраў дык нават зашмат — палявых і лясных, круглых, крывулястых, часам з голымі, а ў бальшыні з аброслымі трысьнягом берагамі. Ну і, вядома, лясы. Чырвоных бароў, праўда, засталося няшмат[: ], бары высякалі, асабліва пасьля войнаў — на будоўлю, дровы, на продаж. Палі амаль паўсюль цесныя, лапікамі на пагорках, нізінах, часьцяком парэзаныя раўчукамі з алешнікам на схілах. На тых лапіках пад лесам, каля балотаў, па-над рэчкамі ці азёрамі рассыпаліся вёскі — невялікія, з крывымі вуліцамі, а то і зусім бяз вуліцаў, — з дарожкай ад хаты да хаты. Не хутары і ня вёскі, але так, мабыць, было зручней гаспадарыць, бо гаспадарка ахоплівала хату, хлявы, сьвіран, варыўню, гумно з токам, паветкай і пуняй. Нават невялікая вёска здалёку рабіла ўражаньне немалой забудоўкі. Цягам часу будынкаў усё менела[: ] гарэла, бурылася, пераносілася да калгасных падворкаў — абораў ды канюшняў. Менела і людзей. Цяпер у маіх Бычках два дзясяткі самотных хатаў, палова зь якіх стаяць пустыя. У астатніх дажываюць свой век нямоглыя пэнсіянэры.
Наш падворак у вёсцы быў крайні, далей — поле і парослы алешнікам ды ляшчыньнікам роў. З тым ровам найперш зьвязанае маё маленства; у ім, асабліва ўлетку, было безьліч зманлівага і цікавага. Там зьліваліся дзьве ручаіны, утвараючы вадзяныя запруды на камянях, сьцежку заўжды перакопвалі кратовыя норы, крыху далей, на схіле, зеўрала барсукова нара, а ўнізе, пад абрывам, бруіла з-пад камянёў крынічка. Усе даваенныя гады мы бралі зь яе ваду, якую, аднак, ня дужа лёгка было цягаць па крутых сьцежках, асабліва ўзімку. Але калодзежу на падворку мы ня мелі, а вада з крынічкі была дужа добрая — чыстая, заўжды сьцюдзёная і смачная, як казала маці. У калодзежах такой не бывае.
Над ровам удалечыні відаць былі цёмныя купкі ельніку, то — Гаі, Бліжнія і Дальнія, куды дзятва пачынала хадзіць зь Вялікадня, калі падсыхалі сьцежкі. Там мясьціўся зусім ужо інакшы сьвет — лясны, змрочны і таямнічы. У Піліпаўку чулася, як там выюць ваўкі, хаця адмысловае ваўчынае месца звалася Ваўкоўшчынай, яно было збоч і далей ад Гаёў, за іншым, яшчэ глыбейшым ровам. Увогуле равоў у нас хапала, усе зарослыя хмызьняком, з крутымі, галаваломнымі схіламі.
Пачаў сябе памятаць, можа, гадоў зь пяці. Першыя мае ўражаньні ад навакольнага сьвету, аднак, зьвязаныя з возерам.
Мой сябра Валодзя Галавач, старэйшы за мяне на тры ці чатыры гады, аднойчы сказаў: пойдзем на возера. Канешне, гэта было дужа зманліва, але ж далёка — можа, кілямэтры два. Для пяцігадовага то сапраўды цэлы сьвет. Прытым усё самавольна, без дазволу бацькоў. I вось мы пайшлі. Трэба было перайсьці поле, ільняную ніву, пералезьці цераз глыбачэзную, страшную аўражыну, узьлезьці на крутую гару [ — ] і ўжо зь яе бачным рабілася возера, якое няроўным блішчастым лапікам разьлеглася ў лесе. Той бераг таксама гарысты, круты, парослы ельнікам ды дубамі; а на гэтым — хмызьняк, драбналесьсе. Перад самым возерам такі спрытны беражок зь пясчанай водмельлю, збоч вялізная крутая гара з дубамі. Казалі, там некалі было паганскае капішча. I вось я ўпершыню ўбачыў гэткі цуд. Надвор’е было ціхае, летняе, дык той бераг спакойна вісеў у вадзе ўніз галавой — і елкі, і дубы. Toe захапляла. Усё самае рамантычнае ў маім дзяцінстве зьвязанае менавіта з тым возерам. Пасьля там купаліся, вудзілі рыбу, лавілі ракаў, — тыя яшчэ вадзіліся. Калі трохі падрос, памятаю, хадзілі ноччу са смаляком. Смаляк запаліш, а яны вакол выпаўзаюць на водмель, нават страшнавата робіцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявішча на беразе, а ён — цоп за палец, і цягнеш яго. Трохі далей на балоцістым беразе ў хмызьняку жылі бабры, ладзілі свае хаткі. Часам можна было бачыць (асабліва ўвечары), як яны плывуць, што-небудзь цягнучы да свайго жытла.