Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
А ў рэдакцыі «Гродзенскай праўды» адбылася сумная падзея — раптоўна памёр Міхась Васілёк. Хавалі яго прынародна, з Дому-музею Элізы Ажэшкі. Быў цёплы дажджлівы дзень, народу сабралася надта шмат. Цяпер, калі ён памёр, аказалася, што гарадзенцы яго дужа любілі, некаторыя нават плакалі на паховінах — асабліва старэйшыя людзі, што памяталі сялянскага паэта з польскіх часоў. Мяне як члена СПперавялі на ягонае месца ў рэдакцыі, і я перасеў з тлумнага сакратарыяту ў зацішны аддзел культуры. Toe было зручней для творчасьці, вольнага часу пабольшала.
У той час я захварэў. На апэндыцыт. Але каб тое вызначыць, спатрэбіўся час, а «хуткая» прывезла мяне ў бальніцу позна ўначы. Дзяжурны хірург пад той час ужо «хлопнуў» сваю дозу сьпірытусу і лёг спаць. Рэзаць мяне ўзяўся, як праспаўся, мабыць, час быў упушчаны. Як выпісаўся, пачаліся ўскладненьні. Дактары не маглі даўмецца, думалі, што брушны тыф. Добра, што папыталіся ў старога гарадзенскага лекара Нічыпарука, які адразу паклаў мяне на хірургічны стол і разрэзаў другі раз. Тым і ўратаваў, бо я ўжо не ўставаў.
Як і шмат для каго з нашых чытачоў, для мяне ў той час было дужа важным адкрыцьцё Э. Хэмінгуэя. У друку паявіліся ягоныя творы («Бывай, зброя», «Сьвята, якое заўсёды з табой», аповесьці і апавяданьні), ягоны «Стары і мора». Мне дужа імпанавала ягонае жыцьцялюбства, непадробны рамантызм лепшых старонак ягоных твораў, яго публіцыстыка, выказваньні пра літаратуру і літаратурныя справы. «Нешчасьлівае дзяцінства — лепшая школа для пісьменьніка», — прачытаў я ў ягоным артыкуле, і тое бы вытлумачыла штосьці ў маёй схільнасьці да літаратуры. А ён яшчэ пісаў: «Проза — гэта архітэктура, а не майстэрства дэкаратара» і «Вайна пакідае ў пісьменьніка рану, якая дужа марудна зажывае». Зноў жа і ягоны выкрутлівы літаратурны лёс. Пісаў вялікі раман з жыцьця на моры ў час сусьветнай вайны, ды спатрэбіліся грошы. Тады Хэм вылучыў з раману больш-менш скончаны разьдзел пра рыбака, які злавіў вялікую рыбіну і змагаецца зь ёю. Назваў той урывак «Стары і мора», які нечакана прынёс яму Нобеля. Не раман, ня ўся безумоўна выдатная творчасьць, а толькі невялікі ўрывак.
Не любіў тэатру, кіно… Дужа мкнуўся да натуральнага жыцьця простых людзей, да якіх і сам хацеў бы належаць. Калі б ня стаў пісьменьнікам. На пачатку творчасьці ня ўмеў засвоіць тагачасны літаратурны стыль, пісаў «не стылёва», па-свойму, што, аднак, дало падставу ўбачыць у ягонай мове асаблівасьць нейкага запачаткаванага ім хэмінгуэеўскага стылю.
Здавалася, у краіне ажывела ўся літаратура наогул, другое дыханьне набывала вайсковая проза. Пасьля «У акопах Сталінграду», «Валакаламскай шашы», дзьвюх аповесьцяў Эм. Казакевіча, адна зь якіх («Двое ў стэпе», яна ж самая лепшая) была разгромлена партыйнай крытыкай, можна было думаць, што тэма вайны вычарпана і не адновіцца. Аж аднавілася ды зазьзяла яшчэ з большым, чым раней, бляскам, галоўным чынам высілкамі маладых, аўтараў т. зв. лейтэнанцкай прозы. Сьпярша гэта былі Юры Бондараў зь ягонымі «Батальёнамі», затым Рыгор Бакланаў зь «Пядзьдзю». Увогуле там былі ня Бог ведае якія адкрыцьці, але была праўда і боль вайны, ад якіх савецкае грамадзтва амаль адвыкла. (Калі толькі і прывыкала.) Недзе ў гэты час мне давялося прачытаць невялічкую кніжку Р.Бакланава «На поўдзень ад галоўнага ўдару», якая мяне амаль аблавушыла. Рэч у тым, што аўтар падрабязна і праўдзіва апісаў там некалькі момантаў зь вядомых мне па ўласным вопыце баёў пад венгерскім горадам Секешфехерварам, дзе мяне параніла. Я быў зьдзіўлены, як простая праўда вайны рабілася высокім мастацтвам, якія, аказваецца, магчымасьці нясе з сабой банальны кавалак жыцьця. (Хаця вайна, канешне, не банальны кавалак…) А прачытаўшы ў «Новом мире» ягоную «Пядзь зямлі», адклаў усё, што на той час пісаў, і з жарам сеў за «Трэцюю ракету».
Скончыць яе за вясну не ўдалося, а на пачатку лета — зноў вайсковыя зборы. Ваенны гарадок пад Наваградкам, заняткі. Зноў — статуты, палітпадрыхтоўка, артылерыя, якую я пастараўся забыць. Але там усё напомняць. I ўсё ж болей захапляла мая няскончаная аповесьць. Мабыць, ніводную я не пісаў з такой апантанасьцю, як «Трэцюю ракету», сам ня ведаю, зь якой прычыны. Бывала, як толькі наставала пасьляабедзьдзе і па звыклым распарадку дня вайскоўцы клаліся спаць, я бег у ціхманы куток салдацкай курылкі і пісаў — алаўком у сшытку. Самапісак жа тады не было, тэхнічны прагрэс нашую аргтэхніку яшчэ не кранаў. Немалой праблемай было перадрукаваць напісанае. Друкаркі меліся толькі ва ўстановах, іхні ўжытак строга кантраляваўся кіраўніцтвам і КДБ. На выхадныя і сьвяточныя дні машбюро звычайна апячатвалася. Даводзілася неяк выкручвацца, перадрукоўваць амаль нелегальна. I тут мяне выручала машыністка Станіслава Фадзееўна, а пасьля Iрына Міхайлаўна, якая прытым стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся.