Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Добрыя водгукі на аповесьць прыслалі шмат якія чытачы, звычайна скупы на пахвалы Янка Брыль, маладзейшыя пісьменьнікі. Атрымаў добры ліст з Зэльвы ад мала каму знаёмай тады Ларысы Геніюш, яна была ў захапленьні ад Iвана, пакутнага і шчырага беларуса, які сваёй ахвярнасьцю выратаваў эўрапейскага чалавека. А яе муж, доктар Iван Пятровіч Геніюш, неўзабаве завітаў да мяне ў Горадню, распавёў пра свой і жончын гаротны лёс. З таго часу ён часьцяком наведваўся да мяне на вуліцу Кашавога, калі прыязджаў па сваіх доктарскіх справах. Працаваў ён у Зэльве дэрматолягам. Увогуле ён мне падабаўся сваёй непадробнай беларускай шчырасьцю. З нашых гаворак я пазнаў нямала новага і нават неспадзяванага з жыцьця на акупаванай тэрыторыі, пад немцамі, а таксама ў Празе. Факты, пра якія распавядаў Геніюш, ня надта ўлагоджваліся з тымі, што мы засвоілі з савецкай прапаганды. Распавёў, як пасьля вайны Геніюшаў «бралі» ў Празе, як Ларыса Антонаўна не адчыняла кадэбістам дзьверы і абяцала выкінуцца ў вакно, а тыя расьцягвалі ўнізе брызэнт, каб яна не забілася. I м дужа патрэбна была яна жывая, бо празь яе мелі намер дазнацца пра архівы апошняга прэзыдэнта БНР Абрамчыка.
Было і яшчэ прыкрае здарэньне, якое прычынілася да лёсу Геніюшаў. Тут праявіўся яго вялікасьць выпадак. Ці правіць ён сьветам, як казалі французы, я ня ўпэўнены, а ўжо лёсам чалавека — пэўна. У маім лёсе было нямала лёсавызначальных выпадкаў, але болей за іншыя ўражвае выпадак з Іванам Пятровічам Геніюшам.
Іван Пятровіч — доктар, працаваў у Празе, быў далёкі ад палітыкі, якой болей займалася жонка Ларыса Антонаўна. Але, натуральна, будучы беларусам, належаў да беларускай абшчыны, якая часам наладжвала свае імпрэзы. Як пачалася вайна, ніхто зь беларусаў, вядома, не шчыраваў за Гітлера, але і ўхіліцца ад нейкай хоць бы сымбалічнай падтрымкі таксама не выпадала. Праводзілі сход, на які сабралася трохі народу. А Іван Пятровіч спазьніўся і прыйшоў, як ужо ўсе былі сабраныя. Хітры Ермачэнка, які кіраваў абшчынай, спытаўся, хто будзе старшынёй сходу. І нехта падказаў: «А во Геніюш, усё роўна яму няма дзе сесьці, апроч як у прэзідыюм».
А як зь ініцыятывы Ермачэнкі прынялі славутую тэлеграму Гітлеру, спатрэбілася яе падпісаць. Каму? Вядома ж, старшыні сходу. Іван Пятровіч казаў, што ў той момант у яго пацямнела ўваччу. І было з чаго. Тая тэлеграма пасьля вайны абышлася старшыні сходу ў 8 гадоў Варкуты і да сьмерці абвінавачваньнем у прыслужніцтве Гітлеру.
Геніюшаў зьвезьлі ў Варкуту, дзе адбылі восем год, але архіваў ня выдалі. I дагэтуль, кажуць, архівы ў надзейным месцы. Геніюшы ў Зэльве жылі ў рэжыме рэгулярнай аблогі, пад няспынным наглядам КДБ ды суседзяў. I ня дзіва. Ларыса Антонаўна адмаўлялася прыняць савецкае грамадзянства і прасілася адпусьціць яе з мужам у Чэхію, пісала лісты за мяжу. Iхні сын Юрка, якога яны знайшлі, вярнуўшыся з Варкуты, жыў у Беластоку, быў польскі падданы, і бацькі доўга ня мелі магчымасьці нават наведаць яго. (Пасьля сьмерці бацькоў ён таксама загінуў загадкавым чынам. Добра, што маці ўжо ня суджана было дазнацца пра тое.) Так зьвёўся некалі вялікі і слынны род беларускіх Геніюшаў.
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
Рэдакцыйныя справы на тую пару мяне ня надта даймалі. Звычайна на дні прымаў маладых паэтаў зь іх вершамі, пісаў адказы на іхнія допісы, рабіў агляды паэзіі, што дасылалася ў газэту. Раз у месяц або ў квартал газэта друкавала літаратурную старонку, на якую трэба было падабраць тузін вершаў і адно-два апавяданьні. Увогуле тое было няцяжка і не рабіла клопату. У Горадні няблага пісалі маладыя. Са сваім адметным голасам ішла ў літаратуру студэнтка Данута Бічэль і яе таварышы Ул. Шурпа, Ул. Васько. У дзіцячым доме падрастала спрытненькая школьніца Вольга Iпатава, на якую мы з Карпюком надта ж спадзяваліся. Часам у рэдакцыю заходзіў разважлівы менскі асьпірант Сяргей Габрусевіч, вершы якога сталі паяўляцца і ў рэспубліканскім друку. У Наваградку пачаў пісаць вершы ўласны карэспандэнт газэты Валянцін Блакіт. Аднойчы прынёс неблагую падборку на рускай мове выкладчык музычнага вучылішча Валянцін Чэкін, тым запачаткаваўшы наша зь ім працяглае таварышаваньне. Праўда, здаралася, што даймалі і некаторыя дужа актыўныя вершатворцы, асабліва зь ліку адстаўнікоў, былых вайскоўцаў. Адзін зь іх — падпалкоўнік Е. кожны панядзелак прыносіў два-тры вершы, напісаныя за выхадныя пад пэўныя даты наступнага тыдню. Ён не спазьняўся, тое было добра, але газэта не магла рэалізаваць усёй ягонай вершаванай прадукцыі, якая да таго ж была ня надта высокай якасьці. Часьцяком я ня ведаў, што яму адказаць, усе мае аргумэнты даўно былі вычарпаны. Тады я сказаў аднойчы: «Нашто вам харошыя вершы друкаваць у нашай правінцыйнай газэце? Пашліце куды ў Маскву». — «А што, думаеце, пройдуць?» — «Напэўна!» — «I ў „Правду“ падыдуць?». Ён забраў вершы і пабег, а я першы раз уздыхнуў з палёгкай — ужо адтуль яму дадуць адказ! I якое ж было маё зьдзіўленьне, калі праз даволі кароткі час Е. прынёс мне «Правду» са сваім вершам на першай старонцы. Выгляд ён меў трыумфатара і вельмі дзякаваў мне за параду. Праўда, болей ягоных вершаў у «Правде» не зьявілася. На вялікі мой жаль.