Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 229
Перейти на страницу:

Між тым чуткі пра маю аповесьць і пра тое, што адбывалася вакол яе, дайшлі да Масквы. Кансультант СП СССР па беларускай літаратуры, перакладчык Міхаіл Гарбачоў прыслаў мне ліст, дзе выказаў намер перакласьці «Трэцюю ракету» на расейскую мову і запрашаў аўтара на госьці. Я паехаў. Міша Гарбачоў аказаўся мілым чалавекам, франтавіком, родам ён быў з Сенна. Мы зь ім смачна паабедалі шашлыкамі ў «Казьбеку», пасьля яшчэ павячэралі ў Доме літаратара. Ён сказаў, што пераклад аповесьці хутка заканчвае, друкаваць будзе ў часопісе «Дружба народов», ужо дамоўлена. Ёсьць, праўда, адна праблема — Iван Мележ, раман якога яшчэ ня скончаны перакладам. Мележ пакрыўдзіўся — як можна дзеля нейкай «павястушкі» затрымліваць пераклад ягонага раману! Але нічога, сказаў Гарбачоў, Мележ пачакае. (Мележ ня стаў чакаць, а забраў раман і, не зважаючы на зробленае, перадаў яго на пераклад расейскаму паэту Д. Кавалёву.)

Хутка пасьля публікацыі аповесьці ў «Дружбе народов» паявілася і рэцэнзія ў «Литературке». Аўтарам яе быў Рыгор Бакланаў, што мяне вельмі ўсьцешыла. Выбар аўтара быў не выпадковы — пра тое паклапаціўся мой новы сябра Валяньцін Аскоцкі, зь якім мяне пазнаёміў у Маскве Алесь Адамовіч. Добрае тое сяброўства доўжыцца да сёньняшняга дня — усё ж, мабыць, лёгкая рука была ў незабыўнага Алеся Міхайлавіча. Бакланаў добра напісаў пра аповесьць, дадаў толькі адну заўвагу наконт перакладу, што, вядома ж, не спадабалася перакладчыку. Можа, аднак, тут была і мая віна, бо перад друкаваньнем тэкст быў мной аўтарызаваны. Але тады я меў недастатковы вопыт расейскай літаратурнай мовы і ня мог выцягнуць тэкст на патрэбны ўзровень. Зноў жа, каб добра перакласьці на расейскую, трэба, каб яна была першаю мовай. Iван Бунін некалі пісаў, што блізкія, «сумежныя» мовы дужа цяжка паддаюцца перакладу, бо надта блізкія да ўласнай прыроды і яшчэ ня страцілі свае першазданнай пекнаты, каб увайсьці ў сям’ю культурна разьвітых моваў.

«Дзьвюх моваў ведаць немагчыма», — катэгарычна заяўляў слынны майстра расейскай літаратурнай мовы. Пасьля я ня раз успамінаў тыя ягоныя словы…

44. Кіно

Беларускае партыйнае кіраўніцтва чарговы раз бралася за ўздым сельскай гаспадаркі і ўласнага кінэматографу. На студыю прыйшоў новы дырэктар — дзейны і тактоўны Iосіф Дорскі, беларускімі пісьменьнікамі Куляшовым і Лужаніным «умацавалі» сцэнарны аддзел. Звычайна сцэнары на студыю прыходзілі з Масквы — тыя, што не знаходзілі ўжытку ў сталіцы. Цяпер вырашылі пашукаць дома. Найперш сярод літаратуры. Нехта параіў студыі новую аповесьць Быкава — амаль гатовы сцэнар. Так сказалі і мне. Трэба толькі папрацаваць з рэжысэрам-пастаноўшчыкам, якім ужо прызначаны малады выпускнік ВГIКу Рычард Віктараў. У тых жа Каралішчавічах ладкуецца сэмінар сцэнарыстаў, прыедуць спэцыялісты з Масквы, можна будзе канчаткова зладкаваць і сцэнар. Я ўзяў у рэдакцыі за свой кошт адпачынак і паехаў у Менск.

Кіно для мяне было справай новаю, вопыту ніякога.

Але на студыі было столькі разумных спэцыялістаў, таленавітых рэжысэраў, што толькі слухай і вучыся. Паводле тых парадаў і пад кіраўніцтвам рэжысэра напісаў штось малапрыгоднае ў літаратурным сэнсе, што называлася сцэнарам, а болей нагадвала сумніўны канспэкт празаічнага твору. Пайшлі доўгія шэрагі паседжаньняў, абмеркаваньняў, кансультацыяў, зацьверджаньняў. Пісалася і перапісвалася — спачатку ў Менску, затым у Каралішчавічах. Тут дарадцаў прыбавілася — прыехаў прафэсар ВГIКу Канстанцін Скварцоў, работніца кінаглаўку Бялова ды іншыя. У другім канцы будыніны працавала некалькі кінадакумэнталістаў і сярод іх малады журналіст Мікола Матукоўскі, ладзілі нейкі фільм.

Несумненнай карысьцю таго каралішчавіцкага мерапрыемства была арганізацыя паказу заходніх фільмаў, якіх не было ў нашым пракаце, — «Верыдыяны» Бюнуэля, «Дыктатара» Чапліна, «Дзяцей Райка» Рэнэ Клера або японскага «Рышамона». А таксама некаторых савецкіх фільмаў 20-х гадоў, як напрыклад, «Кацька — бумажны ранэт» ды іншых. Гэтыя фільмы ашаламлялі нашых кінадзеячаў, якія нават не адважваліся параўноўваць зь імі сучасную савецкую кінапрадукцыю. Госьці дужа разумна і эрудзіравана гаварылі пра кіно — нашае і зарубежнае. Кіно, казалі, мастацтва калектыўнае, ніякі самы геніяльны мастак адзін фільм ня зробіць. А паколькі яно яшчэ і дарагое, а грошы дзяржаўныя, дык натуральна, што ў той справе ўдзельнічаюць, апроч студыйнага кіраўніцтва, яшчэ Камітэт па кіно, Галоўны камітэт у Маскве, Саюз кінематаграфістаў. Ну і, вядома, аддзел культуры ЦК КПБ разам з аддзелам прапаганды. I яшчэ — палітупраўленьне вайсковай акругі — карціна ж вайсковая. Неяк мы падлічылі, атрымалася, што каля 60 асобаў маюць права ўмяшацца ў кінапрацэс, нешта забараніць, зьмяніць, запатрабаваць. Што ўвогуле і рабілі, бо кожны хацеў апраўдаць той хлеб, які еў на сваёй хлебнай пасадзе. Пакуль доўжыўся падрыхтоўчы працэс, рэжысэр-пастаноўшчык схуднеў, падобна, пачаў вар’яцець, ня ведаў, на якім сьвеце жыве. Аўтар сцэнару таксама. Просьценькая сцэнка салдацкага побыту ў акопе ператваралася ў прадмет складанага эстэтыка-палітычнага дыспуту — як было, як трэба, як ня трэба і што скажа начальства. Мы перасталі лічыць напісаныя і адкінутыя варыянты сцэнару, спыніліся нарэшце на апошнім, прынятым умоўна. Лета канчалася, зь ім пагражала скончыцца патрэбная для карціны натура, і група нарэшце ад’ехала на здымкі пад Ветку за Гомлю.

1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)