Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Неяк, прыйшоўшы ў рэдакцыю, Валя Чэкін сказаў, што купіў лодку з маторам, запрашаў пракаціцца па Нёмане.
Прыхапіўшы з сабой падрослага сына Васю, пайшлі цераз мост на той бераг Нёману, дзе было багата настаўлена маторак, там жа, на беразе, грувасьціліся мэталёвыя скрынкі з рачным начыньнем. Валя запусьціў свой «вецярок», і мы паціху пачухалі пад чыгуначны мост уверх па Нёмане. З вады я ніколі яшчэ ня бачыў ягоных берагоў, водмеляў, стром, прыбярэжных паселішчаў і бароў, усё мне было новае і прывабнае. Тады ж Чэкін, апроч маторкі, захапіўся рыбалкай і аднойчы паказаў мне фота — сваю «візытную картку»: ён з вудамі каля перакуленай гумовай лодкі, на якой — цэлая гара ляшчоў. «30 штук, — сказаў Валя. — За адзін ранак».
Мабыць, тое зачапіла ў маёй душы паўзабытую дзіцячую хэнць — я ж колісь таксама зь незвычайным захапленьнем вудзіў у сваім возеры плотачак. Празь нейкі час я таксама купіў матор (болей дужы «віхор») і лодку «казанку» з булямі; з пратэкцыі Валянціна займеў на лодачным прычале месца. Удвух зь ім мы пачалі гойсаць па Нёмане, лавіць рыбу. Аднойчы паехалі з начлегам на старыцу пад Масты, ды на юшку налавіў драбязы мой Вася, у нас жа з Валяньцінам нічога не ўзялося. Калі не рыбалка, дык рака нас захапляла, і аднойчы мы запрасілі зь Менску сяброў. Прыехалі Матукоўскі, Гілевіч, Бураўкін з заўсёды юнаю Юляй, мы знайшлі непадалёк на беразе ўтульны лужок і наладзілі пачостку. З шашлыкамі. Рыба ў Нёмане ўпарта не хацела лавіцца, мусіць, яе там і не засталося, асабліва як вышэй па цячэньні збудавалі азотна-тукавы камбінат. Казалі — нічога страшнага, сьцёкі ачышчаюцца. Але аднойчы раніцай на прычале мы ўбачылі мноства рыбін, што плылі ўгару жыватамі; на мэталёвых лодках да паловы аблезла фарба. Да рыбалкі я хутка астыў, зразумеўшы, што рыба мяне ня любіць.
Тады часьцяком даводзілася езьдзіць у Маскву — з выдавецкімі клопатамі і на розныя мерапрыемствы Саюзу пісьменьнікаў. На адным зь іх у Доме літаратараў пазнаёміўся з крытыкам і літаратуразнаўцам Лазарам Лазаравым, пра якога чуў раней, і тады ўпершыню паціснуў яго скалечаную на вайне руку. Пасьля зрэдчасу мы сталі сустракацца ў Маскве, ён прыяжджаў у Менск, я бываў у яго дома, пазнаёміўся зь ягонай мілай разумніцай Наяй. Лазар хутка стаў маім сябрам і праніклівым крытыкам, празь нейкі час напісаў грунтоўную кнігу пра маю творчасьць. Недзе тою ж парой у Маскве, здаецца, у рэстаране ЦДЛ, упершыню спаткаўся зь Юрыем Бондаравым, зь якім мяне пазнаёміў Рыгор Бакланаў. Тады гэтыя аўтары «лейтэнанцкай прозы» сябравалі, і ня можна было нават падумаць, што жыцьцё калі-небудзь іх разьвядзе. Але, як ні дзіўна, атрымліваецца так, што жыцьцё часьцей разводзіць, чым зводзіць.
На чарговым прэзыдыуме СП разглядалася нечарговае пытаньне — выключэньне з СП перакладчыка Васіля Сёмухі.
Васіль Сёмуха быў шмат каму вядомы ў Менску як добры перакладчык зь нямецкай. У свой час скончыўшы Маскоўскі ўнівэрсытэт, ён настойліва перакладаў нямецкую прозу і паэзію, нядаўна скончыў пераклад «Фаўста», але ня меў уласнай кватэры, бадзяўся зь сям’ёй па прыватных кутках. А між тым у час вайны немцы спалілі дом ягоных бацькоў. Шматлікія звароты ў СП наконт кватэры не давалі выніку, і Васіль у адчаі напісаў ліст да нямецкай амбасады ў Маскве. Ён прасіў пасадзейнічаць у выданьні «Фаўста» і ў набыцьці кватэры. Ліст, ведама ж, быў перахоплены КДБ і вернуты ў Менск для прыняцьця мераў.
Перад паседжаньнем прэзыдыуму пісьменьнікі між сабой абмяркоўвалі неардынарны выпадак. Ці ня ўсім было шкада харошага хлопца Сёмуху, які «зрабіў глупства». Хіба ж можна прасіць дапамогі ў ворага? Iван Чыгрынаў сказаў, што ён перад пагрозай сьмерці таго б не зрабіў, бо вораг заўсёды ёсьць вораг. Некаторыя казалі, што на першы раз Васілю трэба дараваць. Бураўкін злосна зазначыў, што гэты нумар з выключэньнем ня пройдзе, — ня тыя часы. Валя Тарас лаканічна зазначыў — усё тыя ж.
Пачалося абмеркаваньне. Пісьменьнікі з партбюро ледзь ня плакалі ад крыўды, якую нанёс партызанцы-рэспубліцы Васіль Сёмуха. Iван Новікаў, што працаваў спэцкорам газэты «Правда», патрабаваў яму самай суровай кары. (Гэта той самы Новікаў, які праз год скажа пра аўтара гэтых радкоў: «Мне б аўтамат у рукі, я б у яго ўвесь магазын…» Піліп Пястрак, які ніколі не служыў у войску, пачуўшы тое, выйшаў у калідор і папытаўся: «Хлопчыкі, а колькі патронаў у магазыне?» — «Пяцьдзясят два», — сказалі яму знаўцы. Пястрак шматзначна падняў палец угору: «Ого!».) У выніку галасаваньня Сёмуха быў выключаны з Саюза амаль аднагалосна. Устрымаўся адзін Васіль Быкаў.