Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Часопіс «Маладосьць», зь якім я ўжо наладзіў сталае супрацоўніцтва, неўзабаве надрукаваў аповесьць. Галоўны рэдактар Пімен Панчанка сказаў мне з гэтага поваду трохі ласкавых словаў. Яны, ведама ж, узьнімалі настрой, дадавалі жаданьня пісаць і яшчэ. На нейкай нарадзе да мяне падышоў малады навуковец і пачынаючы празаік Алесь Адамовіч, які павіншаваў з праўдай вайны, што зьявілася на старонках і беларускага друку. Я быў удзячны абодвум.
У краіне паяўлялася новая літаратура з новым бачаньнем сьвету. I, у прыватнасьці, мінулай вайны. Галоўнай ідэйна-мастацкай адметнасьцю гэтай літаратуры стала прызнаньне наяўнасьці на вайне ня толькі зьнешняга, так бы мовіць, ворага — нямецкага фашыста, але і кагось унутранага, мала за немца лепшага. Раней гэта быў проста здраднік, часам трус, дэзэртыр. Цяпер стаў яшчэ і перастрахоўшчык, кар’ерыст, эгаіст. I лепшыя творы гэтага накірунку паказалі, што ва ўласных шэрагах здаралася барацьба, якая па вастрыні мала ўступала барацьбе на перадавой. У вайсковай прозе ўпершыню паявіўся злачынцаасабіст, недацёпа-палітрук. Тое было з энтузіязмам успрынята пэўнаю часткай літаратурнай крытыкі, хаця і ня ўсёй. Партыйная крытыка пагрозьліва прыжмурыла вочы. Такога яна трываць не зьбіралася, яна толькі чакала сыгналу. Хрушчоў сваім рэвізіянізмам падкопваў традыцыйны падмурак культуры, замуціў яе ідэалягічную стэрыльнасьць. Нават дазволіў Твардоўскаму надрукаваць «Адзін дзень Iвана Дзянісавіча», гэтую калядную казачку пра лягернае жыцьцё. Сьпярша належала прыбраць Хрушчова.
Як яго прыбіралі, цяпер шырока вядома, — то была змова членаў палітбюро. Але ў палітбюро абмяркоўваліся і іншыя спосабы. Кіраўнік КДБ таго часу Сямічасны пасьля пісаў, што распрацоўваўся плян тэракту ў паветры, як Мікіта Сяргеевіч будзе вяртацца з Эгіпту. Той варыянт ня быў прыняты толькі таму, што маглі загінуць некалькі дзясяткаў «рабят з КДБ» — ахова Хрушчова. Таму зрабілі інакш — ціха і тайна. Руль дзяржаўнага караблю перакладвалі на іншы курс.
Не было яшчэ ніякіх пастаноў на гэты конт, ды людзі, блізкія да калідораў улады, зразумелі, куды трэба ісьці, і выскачылі, каб не апынуцца ззаду. У Менск на пасаду галоўнага рэдактара «ЛіМу» прыехаў з Маскоўскай ВПШ партыйны журналіст Нічыпар Пашкевіч. Натуральна, яму карцела праявіць сябе, засьведчыць партыйную хэнць, пераацаніць да яго ацэненае. Штосьці не задавальняла яго ў апошняй аповесьці Я. Брыля. Але Брыль ужо быў ляўрэатам Сталінскай прэміі, зноў жа нядаўна выдаў звонкагалосы нарыс «Сэрца камуніста». Мабыць, на ролю хлопчыка для біцьця Брыль мала гадзіўся. Затое цалкам гадзіўся малады празаік з Горадні Васіль Быкаў. I хутка ў «ЛіМе» паявіўся грамадны, на цэлы разварот артыкул пад красамоўным назовам «Героі ці ахвяры лёсу?». Пытаньне ў загалоўку стаяла, вядома ж, рытарычнае. Яшчэ не пачаўшы чытаць, можна было зразумець, што аўтар аповесьцяў — ёлупень і недарэка, а ягоныя героі — ахвяры і сьлюнцяі, зь якіх ні ў якім разе нельга браць прыклад. А калі яны створаны не для прыкладу, дык чаму ж у іх можна навучыцца? Чаму не відно адкрытага аўтарскага асуджэньня ягоных пэрсанажаў ды іхніх учынкаў?
Праўда, былі і іншыя стаўленьні да тых твораў, як і да артыкулу таксама. Некаторыя зь пісьменьнікаў лічылі, што крытыка ўвогуле правільная (браць прыклад няма з каго), але ня трэба было і біць аўтара, як бы абухом па галаве. Тым болей гэткаму крытыку, такога грамаднага аўтарытэту і пры такой высокай пасадзе. Каб хто з маладзейшых, тое было б абгрунтавана. Алесь Адамовіч сказаў пры сустрэчы: «Ты правільна напісаў. Трэба было яшчэ зьлей. I ні ў якім разе не саступай». Прыехаўшы ў Горадню, як заўжды годна і аргумэнтавана сказаў мне добрыя словы Зьмітрок Бугаёў, а таксама гродзенскі выкладчык Аляксей Пяткевіч. Таго мне было даволі.
Апошнім часам ў Горадні сабралася невялікая грамадка пісьменьнікаў, членаў СП Беларусі, і Гродзенскі абкам разам зь пісьменьніцкім кіраўніцтвам зь Менску рашылі стварыць абласное аддзяленьне. Вядома ж, каб зручней было кіраваць, уплываць, каардынаваць і г.д. Нас усіх паклікалі ў абкам, і сакратаром сьпярша прапанавалі быць мне. Але я адмовіўся на карысьць Аляксея Карпюка, які з належнай хэнцю ўзяўся арганізоўваць адзьдзяленьне. Першым чынам ён адваяваў для офісу зальчык у Доме Ажэшкі, абсталяваў яго мэбляй. Пасьля пачаў клапаціцца, каб пісьменьнікаў прымацавалі да спэцпаліклінікі. Тое нам дужа спадабалася, і мы ўсяляк падтрымлівалі Карпюка. А той, набыўшы адпаведны статус, пачаў забіраць вышэй, умешвацца ў жыцьцё гораду, часта па розных справах хадзіў да начальства ў абкам.