Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Тут здарыўся выпадак, які ў каторы раз пагражаў перайначыць мой лёс і, натуральна, дужа мяне занепакоіў.
Зноў, як і тыя разы, паклікалі ў ваенкамат і далі запоўніць вялізныя, на некалькі столак анкеты. Ды яшчэ ў шасьці экзэмплярах. Навошта — тое мне не сказалі, але праз слухі я неўзабаве дазнаўся, што зноў рыхтуюцца прызваць афіцэраў-рэзэрвістаў дзеля перавучэньня іх на ракетчыкаў. Праз мае атэставаныя матэматычныя здольнасьці, засьведчаныя ў асабовай справе, я трапіў у іхні лік. Тое мне зусім не падабалася, але што я мог зрабіць? Адзін наш журналіст быў знаёмы з афіцэрам ваенкамату, падпалкоўнікам і ўвогуле мілым чалавекам, якога мы аднойчы запрасілі ў рэстаран павячэраць. Аматар няблага выпіць яшчэ з часоў мінулай вайны, ён добразычліва паставіўся да нашай праблемы і спытаўся, ці няма каго ў мяне за мяжой? За мяжой, на жаль, у мяне не было нікога. Тады ён папытаў: можа, хто з родзічаў прапаў у вайну бязь вестак? Такіх, вядома, знайшлося, я прыпамятаў стрыечнага брата Міколу і ў адпаведнай графе той анкеты напісаў, што мой брат Мікола жыве ў Заходняй Нямеччыне. Таго хапіла, ад мяне адчапіліся. (Хай мне даруе мой няшчасны брат, які ў 19 год склаў сваю галаву на вайне. Ён, мёртвы, аднак жа паслугаваў мне жывому.)
Адклаўшы капітальную працу — пераклад вялікага раману Мележа, Гарбачоў даволі апэратыўна пераклаў «Баладу» на расейскую, і неўзабаве яна была надрукавана ў некалькіх нумарах часопісу «Огонёк». Iлюстрацыі да яе зрабіў знакаміты графік Пінкісевіч, гэта былі выдатныя ў сваім харастве ілюстрацыі літаратурнага твору, а не сумніўны плён самавыяўленьня мастака, як гэта спрэс робіцца зараз. Ну і, вядома, напомніла пра сябе Беларуская кінастудыя — сказалі, што можна зьняць вельмі прыгожы, рамантычнапатрыятычны фільм міжнароднага гучаньня. Я не знайшоў аргумэнтаў супроць. Мабыць, ранейшыя пакуты з «Трэцяй ракетай» пачалі забывацца, думалася, тут будзе інакш. Мабыць, у кіно, як і ў літаратуры, кожны наступны твор не падобны на папярэдні і мае ўласны лёс.
Як пісаць сцэнары, я ўжо ведаў, нешта даволі хутка накрэмзаў. Здымаць фільм узяўся вопытны рэжысэр Барыс Сьцяпанаў.
Некалі Алесь Адамовіч казаў, што ўсе савецкія рэжысэры аднолькавыя і адрозьніваюцца адзін ад аднаго хіба тым, як адносяцца да сцэнару. Адны бясконца перарабляюць яго самі, змушаюць на тое аўтара, а то і наймаюць памагатых. Другія, атрымаўшы сцэнар, кідаюць яго на сьметнік і здымаюць самі, як хочуць. Хто зь іх лепшы, невядома, але вынік заўсёды аднолькавы.
Мой папярэдні рэжысэр Рычард Віктараў, відаць, адносіўся да першай рэжысэрскай групы, ён выціскаў зь мяне ды іншых, хто да таго меў дачыненьне, усе сокі, дамагаючыся дасканаласьці. Другі ж, Сьцяпанаў, як толькі атрымаў зацьверджаны сцэнар, адразу ж кудысьці зьнік. I толькі калі група выехала на натурныя здымкі, запрасіў аўтара прыехаць, найперш каб адпачыць на прыродзе.
47. Тэберда. Чэкін
Я паехаў. Здымкі рабіліся ў раёне Тэберды, на Паўночным Каўказе. Прырода ўвогуле была прыгожая — парослыя лесам горы, бурная рэчка, хаця і не такая, як у аўстрыйскіх Альпах. Кожныя горы, напэўна, маюць свае адметнасьці, свой асаблівы характар. Несупадзеньне пейзажу было першай уступкай акалічнасьцям на шкоду мастацтву. Другой стала неадпаведнасьць акцёраў, найперш адзін аднаму. На ролю Iвана запрасілі ўжо знаёмага кіраўніцтву «Беларусьфільму» Станіслава Любшына, Джуліі — Любу Румянцаву. Абодва акторы — кожны сам па сабе, можа, і былі беззаганныя, а гарманічны дуэт ня склалі. Тым болей, што на здымках адразу ўступілі ва ўзаемны канфлікт, зь якога так і ня здолелі выйсьці да канца здымак. Натуральна, што тое рабіла свой нэгатыўны ўплыў на ўсю атмасфэру ў калектыве. Зноў жа неўзабаве пачаліся творчыя (перарослыя ў асабістыя) паядынкі характараў рэжысэра і апэратара Толі Забалоцкага. Апэратар, казалі, цягнуў творчую коўдру на свой бок, а рэжысэр спрабаваў не паддацца. Урэшце, здаецца, рэжысэр паддаўся, і фільм атрымаўся ні то, ні сё. А шкада. На маю думку, у тым сюжэце былі закладзены пэўныя кінэматаграфічныя магчымасьці, і пры належных умовах можна было б зрабіць прыгожую, паэтычную трагедыю каханьня. На жаль, таго не адбылося.