Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Як я пачаў друкавацца, мой сусед па сакратарыяце Валодзя Фрыдрыхсон часьцяком распачынаў гаворку пра літаратуру. Ён няблага ведаў расейскую клясыку ды і заходнюю, асабліва нямецкую літаратуру, успамінаў розныя літаратурныя калізіі 20-х гадоў. Мае вайсковыя апавяданьні ўспрымаў з добраю доляй сяброўскай іроніі, асабліва што да гераізму. I я, можа, упершыню адчуў іншы бок таго, на які разьлічваў ва ўспрыняцьці маіх твораў чытачом. Зрэшты, гэты ўвогуле разумны чалавек ці ня ўсю мінуўшчыну (ды і сучаснасьць таксама) успрымаў зь ледзьве прыхаваным скепсісам інтэлігента, сэнс якога я зразумеў шмат гадоў пасьля. Але ў найбольшай меры таго скепсісу ды іроніі даставалася ягонаму калегу, чые здымкі ён штодня рэтушаваў, — фатографу Віктару Косьціну. Гэты ветэран мінулай вайны, былы танкіст, шмат перажыў на вайне і зусім ня быў настроены на чыю-небудзь іронію ў адносінах да сябе. Не зважаючы на тое, Фрыдрыхсон доўга зьдзекаваўся зь ліста, які атрымаў Косьцін з Масквы ў адказ на просьбу пра мэдаль «За ўзяцьце Бэрліну». Ліст быў такі: «Грамадзяніну Косьціну В. П. На ваш зварот адносна ўзнагароджаньня вас мэдалём „За ўзяцьце Бэрліну“ паведамляем, што N-скі Жытомірска-Фастаўска-Бэрлінскі ордэнаў Леніна, Чырвонага сьцягу, Кутузава і Суворава танкавы корпус удзелу ва ўзяцьці Бэрліну не прымаў, і вы права на ўзнагароджаньне вас указаным мэдалём ня маеце. Начальнік аддзелу ўзнагародаў палкоўнік такі». Во, корпус-самазванец, іранізаваў Фрыдрыхсон. Косьцін абураўся.
Тою парой пазнаёміўся з гродзенскім празаікам Аляксеем Карпюком. Неяк сутыкнуліся на стромкай рэдакцыйнай лесьвіцы, і Карпюк кінуў мне ў яго звычайнай таропкай манэры: «Здароў! Кажуць, аповесьць пішаш?» — «Пішу, ага». — «Правільна, пішы». Сказаў і пабег уніз на падворак. Ён тады ўжо быў аўтарам кніжкі «У адным інстытуце», перажыў не адну жыцьцёвую драму і, здаецца, на той час ня меў працы. Пасьля жыцьцё на шмат год зьвяло нас з гэтым незвычайным чалавекам і пісьменьнікам, шмат гора і клопату было перажыта разам.
Гэтым часам ці трохі раней адбыліся два вядомыя партыйныя зьезды, якія добра ўскалыхнулі ўнутранае жыцьцё краіны. У літаратуры гэта найперш адчулася ў нечаканым узьлёце сатыры, якой за гады савецкай улады (асабліва пасьля вядомай расправы над М. Зошчанкам), здавалася, назаўжды выдралі зубы. У газэтах і часопісах сталі паяўляцца хлёсткія фэльетоны і мініятуры, зьявіліся новыя імёны сатырыкаў. З апошніх мне вельмі падабаўся рана памерлы А. Зьвераў(надпісы на шпіталі: «Савецкія хворыя — самыя здаровыя ў сьвеце», «Памятай: перажоўваючы страву, ты памагаеш дзяржаве» ды інш.). Беларускі «Вожык» неўпрыцям пачаў набываць характар, хаця ягоны крытычны пафас і не ўзьнімаўся вышэй пасады ўпраўдома. Гэты часопіс надрукаваў штось з маіх фэльетонаў, і галоўны рэдактар Павел Кавалёў запрасіў у Менск для знаёмства. (Тады асабістае знаёмства з аўтарам было абавязковым, перад тым вывучалася яго мінулае, сацыяльнае становішча, партыйнасьць.) Прыехаўшы аднойчы па ганарар, пазнаёміўся з Паўлам Нічыпаравічам, а каб замацаваць знаёмства, пайшлі ў рэстаран. Нашай кампаніяй не пагрэбавалі і іншыя працаўнікі «Вожыка», і ня толькі сатырыкі. Вынікам таго супрацоўніцтва празь нейкі час стала кніжачка сатырычных апавяданьняў пад характэрным назовам «Ход канём».
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
Я пісаў апавяданьні, штораз мяняючы тэмы — то браўся за вайну, то за маладзёжныя праблемы. Адно «маладзёжнае» апавяданьне паслаў у Менск на фэстывальны конкурс і атрымаў першую прэмію ў галіне прозы. Такую ж прэмію ў галіне паэзіі атрымаў тады малады пачатковец з Воршы Уладзімер Караткевіч. Неяк у Менску мы зь ім бегла пазнаёміліся, але агульных сяброў у нас не знайшлося, і наступная сустрэча адбылася няхутка. Натуральна, я спрабаваў супрацоўнічаць з «Чырвонай зьменай», празь якую, кажуць, прайшла ўся маладая беларуская літаратура. Але дасланае туды апавяданьне было жорстка раскрытыкавана Iванам Калесьнікам, які па нейкай патрэбе прыяжджаў у Горадню, і я зь ім увогуле пагадзіўся. Затое дасланае ў «ЛіМ» апавяданьне на ваенную тэму было прыязна прынята намесьнікам рэдактара Раманам Сабаленкам, які сказаў, што гэтую тэму мне варта разьвіваць і паглыбляць. Акрылены гэткай парадай, за кароткі час напісаў невялічкую аповесьць «Жураўліны крык», якая неўзабаве была надрукаваная ў «Маладосьці» і выйшла ў маім першым празаічным зборніку. Гэты зборнік прывёз мне ў Горадню загадчык аддзелу выдавецтва Мікола Татур. Ды яшчэ з гасьцінцам — бутэлькай армянскага каньяку, які тады можна было дастаць толькі па блаце. То быў добры знак. Я адчуў сябе амаль шчасьлівым.