Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Напрыканцы года я атрымаў ад Саюзу пісьменьнікаў запросіны на ўдзел у штогадовым сэмінары маладых, што адбываўся ў Каралішчавічах пад Менскам. Мілы той маёнтачак апальнага партыйнага функцыянэра шмат год служыў і спрыяў беларускаму пісьменству, празь яго прайшлі ці ня ўсе тагачасныя маладыя. Старыя там шэраг гадоў мелі магчымасьць перавесьці дых ад партыйнай задухі на месцах свае працы, ідэалягічных пасадах. Там сярод елак і хвой усе бы рабіліся роўныя, заглыбляліся ва ўласны мастакоўскі сьвет і тварылі, тварылі… Як і што — гэта ўжо іншая справа, мабыць, кожны сваё. Meлеж тварыў ня тое, што тварыў Пасьлядовіч, Броўка інакш, чым Куляшоў. Дапушчаныя туды на тыдзень, мы назіралі і слухалі. Прафэсар Гутараў палымяна ўводзіў нас у прагрэсіўны, на ягоную думку, сьвет сацрэалізму, марксісцка-ленінскую эстэтыку, Шамякін з уласным вопытам партыйнага раманіста націскаў на адлюстраваньне авангарднае ролі партыі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Уладзімер Карпаў завастраў нашу ўвагу на прошуках заходніх агентаў, былых калябарантаў, якіх трэба было выкрываць. Брыль тае ўвагі не завастраў, болей гаварыў пра лірызм у літаратуры, прыкладам маючы ўласнае апавяданьне «Галя». Брыль тады падабаўся маладым, у той час як Мележ быў мала знаёмы і ніхто не чакаў ад яго неспадзяваных «Людзей на балоце». Мы, паўтара дзясятка ўдзельнікаў, што прыехалі з правінцыі, чыталі і абмяркоўвалі прывезенае з сабой, хаця ўсё тое было так сабе і не запомнілася. Апроч хіба «Зоні» маладога Вячаслава Адамчыка. Адамчык быў прызнаны несумненным талентам, казалі: малады, а глядзі, як апісвае старых. Тое было праўдай. Мае вайсковыя апавяданьні надта ня ганілі, але і не хвалілі. Мабыць, мелі на тое рацыю.
Тады, як, зрэшты, і заўжды, літаратуру арыентавалі на сучаснасьць, датэрміновае выкананьне чарговай пяцігодкі. I яшчэ — на ўслаўленьне перадавікоў, стаханаўцаў, ударнікаў камуністычнай працы. Вайна зь яе «бясконцым гераізмам» усё болей зьнікала ў мінулым. Зрэшты, па тым асабліва не бедавалі…
Недзе на гэтым часе ў часопісе «Маладосьць» зьявілася новая аповесьць яе галоўнага рэдактара Аляксея Кулакоўскага пад назовам «Дабрасельцы». Твор гэты быў вельмі рэалістычны ў сваім паказе існаваньня беларускай вёскі пасьля вайны. Ва ўсякім разе паводле сваёй праўдзівасьці нічога падобнага ў беларускай літаратуры не было. Але менавіта тым аповесьць, мабыць, і напалохала партыйнае кіраўніцтва, якое не замарудзіла паказаць сваю ўладу. У партыйных газэтах зьявіліся разгромныя артыкулы на аповесьць, рэдактар быў зьняты з ягонай пасады. Аднойчы, будучы ў Менску, мы з Карпюком надумалі зайсьці ў «Маладосьць», каб выказаць аўтару сваё захапленьне ягоным творам і паспачуваць. Кулакоўскі сядзеў адзін у сваім кабінэце (час быў на сконе дня), і мы сказалі яму, што думалі. І раптам Кулакоўскі выказаў нам сваю нязгоду, заявіў, што ідэя аповесьці памылковая і ён дужа шкадуе, што яе напісаў. Ён шчыры камуніст і прагне ва ўсім памагаць партыі.
Тады мы з Карпюком выйшлі з «Маладосьці», бы зьеўшы мыла, і Карпюк доўга пляваўся ад таго спатканьня.
«Ну, ведама ж!.. На вайне быў камандзірам штрафной роты…» Я ўжо ведаў, што Карпюк шмат каго мераў меркамі вайны, і ў дадзеным выпадку, мабыць, меў рацыю… А можа, Кулакоўскі так гаварыў толькі нам, бо якую ён меў падставу шчыра прымаць нашае спачуваньне? Зьняты з пасады галоўнага рэдактара часопісу, ён год ці ня болей пісаў партызанскія ўспаміны старшыні Вярхоўнага савету, што, мабыць, яго ўратавала. Замаліў творчы грэх.
Пасьля сэмінару з усяго, што ў мяне сабралася, склаў першы зборнік, адаслаў у выдавецтва. Празь нейкі даволі працяглы час яго далі на падрыхтоўку да друку выдавецкаму рэдактару, якім аказаўся Уладзімер Дамашэвіч. Таму давялося ня толькі рэдагаваць тэкст, але і адстойваць мае літаратурныя ідэі, якія былі не ва ўсім традыцыйныя і не задавальнялі выдавецкае начальства. Асабліва тое адносілася да аповесьці «Жураўліны крык». Але Валодзя меў характар, а галоўнае — уласны пагляд на літаратуру, адрозны ад казённага пагляду шматлікага начальства.
Нарэшце займеў больш-менш нармальную кватэру, праўда, з падсяленкай, адзінокай бухгалтаркай Еўдакіяй Васільеўнай, разам зь якой пражыў гадоў дзесяць. Тады ўжо меў двух сыноў — другі, Вася, нарадзіўся якраз на мой дзень народзінаў, таму яго так і назвалі — Васіль Васільевіч. За домам быў неблагі дворык з дрэвамі, на заходні манэр мошчаны пліткамі. Калісь тут было манастырскае падвор’е, агульнае з суседнім рэдакцыйным будынкам. I рэдакцыйны будынак мне падабаўся. Меў ён два паверхі, на першым разьмяшчалася друкарня зь яе лінатыпамі, вярстальным цэхам, цынкаграфіяй, тэлетайпнай. Другі абапал калідору займалі габінэты аддзелаў. Столь ва ўсіх была высокая, вокны таксама. Паркетная падлога. Адна нязручнасьць — кафельныя грубкі, якія ня надта грэлі зімой.