Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 229
Перейти на страницу:

Праз колькі гадоў Я. Еўтушэнка напіша, што вялікія мала чым могуць дапамагчы пачаткоўцам, якім звычайна плённа дапамагаюць сярэднія таленты. Тое — праўда.

Першага жывога пісьменьніка-празаіка я пабачыў у Гародні, то быў Піліп Пястрак.

Неяк, будучы на Савецкай, згледзеў, як пажылы чалавек у саламяным капелюшы штось прыпыніўся на ходніку і азіраецца. Прытым з замілаваньнем вымаўляе адно толькі слова «кошык». Сапраўды, непадалёк пераходзіць вуліцу вясковая кабета з пустым лазовым кошыкам. У тым чалавеку я пазнаў знакамітага на той час пісьменьніка Піліпа Пестрака.

То быў ці не апошні з арыгіналаў — заходнебеларускіх пісьменьнікаў-камуністаў, шмат год сядзеў у Гродзенскай турме, дзе, дарэчы, студыяваў марксізм, выхоўваючыся як пралетарскі рэвалюцыянер. Ім ён і застаўся на ўсё жыцьцё.

Аднойчы, у час чарговае дэкады беларускай літаратуры, група беларускіх пісьменьнікаў езьдзіла па раёнах, дзе іх вадзілі па жывёлагадоўчых комплексах, паказвалі новыя сіласныя вежы. Як група ў белых халатах пайшла ў чарговы сьвінарнік, Піліп Сямёнавіч прытрымаў мяне за крысо — што, ты не нанюхаўся гаўна? Пойдзем у аўтобус.

Мы зайшлі ў пусты аўтобус, і Піліп Сямёнавіч адразу выпаліў: парадку ня будзе. — Чаму? — Бо ўладу захапілі ворагі. — Якія ворагі? — Клясавыя.

Пястрак памаўчаў. — У гэтага ж І. было аж 80 гектараў зямлі. А ў Б. — 40. А ў вашага Карпюка — 30. Во яны і кіруюць. Да чаго дакіруюцца…

Гэта быў даўні пункцік Піліпа Сямёнавіча. А ўвогуле ён быў чалавек прыстойны, нават чалавечны. На пісьменьніцкіх мерапрыемствах заўсёды выступаў у абарону слабых і пакрыўджаных. Ня ладзіў з начальствам. Любіў Барадуліна — можа, ня так за вершы, як за ягоную апалітычнасьць. У паездку заўжды выпраўляўся з старым пацертым партфелікам, зь якога, як толькі займаў месца ў купэ, выстаўляў бутэльку, клаў ладны шмат сала, пару цыбулінаў. І пачынаў пачостку з размовай. Калі здаралася наведаць рэстаран, замаўляў гарэлку на вагу — але не па 200 грамаў, а адразу на ўсіх — 800. Заўжды плаціў сам.

Ягоны канфлікт з уладамі пачаўся ў 39-м. Адразу пасьля вызваленьня з Гродзенскай турмы Пястрак кінуўся ствараць рэвалюцыйны камітэт, каб помсьціць палякам. Але чырвонаармейцы прывезьлі ў Горадню свой рэўкам, а шматгадоваму вязьню сказалі — асадзі назад. Ён, натуральна, пакрыўдзіўся, ды стрываў. Пасьля яшчэ шмат разоў крыўдзіўся, бо яго асаджвалі ўсё ніжэй і ніжэй. Памёр ён на адзіноце, ці ня ўсімі забыты, аўтарам ці не аднаго, хоць і таўстога, раману «Сустрэнемся на барыкадах».

41. «Гродзенская праўда»

Тым часам настала вясна, на Савецкай вуліцы ў Горадні зацьвіталі каштаны. Я перабраўся на іншую кватэру — таксама нехуцавую, але з водаправодам. Сталай працы ўсё яшчэ ня меў. Неяк ідучы па вуліцы, спаткаў намесьніка галоўнага рэдактара Андрэя Салаўёва, які папытаўся пра мае справы і сказаў зайсьці ў рэдакцыю. То быў удалы візыт: неўзабаве я заняў месца ў сакратарыяце — тое самае, якое пакінуў сем год таму. Маім новым начальнікам — адказным сакратаром — тады стаў Андрэй Колас, які незадоўга перад тым пераехаў з Ваўкавыску. За сталом побач працаваў мастак-рэтушор Валодзя Фрыдрыхсон, выкрутлівы лёс якога закінуў з Архангельску на Беларусь. Ён нарадзіўся ў сям’і абруселага немца, але як пачалася вайна, каб пазьбегнуць пэўных праблемаў, выдаў сябе за яўрэя, ды быў выкрыты і апынуўся ў працоўных лягерох на Паўночным Урале. Будучы па адукацыі кінаапэратарам (скончыў ВГІК), ня мог уладкавацца ў Расеі, а ў Горадні яго прыгрэла ўсё тая ж добрая душа Андрэя Абрамавіча Салаўёва. Георгій Цьвятніцкі, як і раней, за сталом насупраць мераў лінейкай набор ды маляваў макеты газэтных старонак.

Я на той раз меў шмат сакратарскіх абавязкаў. Найперш вычытваў тасаўскія і белтаўскія стужкі, што перадаваліся па тэлетайпе, пасьля правіў тэксты перакладаў зь беларускай на расейскую і наадварот. Вычытваў таксама расейскія матар’ялы. Для таго давялося грунтоўна заняцца стылістыкай. Андрэй Абрамавіч неяк уручыў мне тоўстую кнігу — курс газэтнай стылістыкі для завочнікаў, які я добрасумленна праштудыяваў. Газэтная практыка, вядома ж, куды як адрозьнівалася ад пурытанскай тэорыі, і маёй праўкай журналісты былі незадаволеныя. Усе так пішуць, казалі яны. Сапраўды, менскія газэты, у тым ліку «Советская Белоруссия» і «Звязда» (ды і «Правда» таксама), кіраваліся ўласнымі партыйнымі правіламі стылістыкі. Чаму «Гродзенская праўда» павінна кіравацца інакшымі? I я махнуў рукой. Хай ідуць, як ішлі дагэтуль, гэтыя несьмяротныя выразы накшталт: вядуць барацьбу, вядуць уборку, вядуць нарыхтоўку. Ды шмат іншых. Колішняга строгага раўніўца літаратурна-газэтнай мовы Міколы Аўчарова ўжо не было ў рэдакцыі. Зь яго «падазроным» мінулым ён тут працаваў нядоўга і, звольнены, зьехаў у Таганрог, дзе паступіў на камбайнавы завод рабочым. А то быў выдатны мовавед, якія ў рэдакцыях здараюцца нячаста.

1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)