Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Між тым, як мне распавёў з крыўдай другі гарадзенскі пакутнік Г. Цьвятніцкі, яўныя агенты хадзілі побач па гарадзенскіх вуліцах, ніхто іх не лавіў. Рэч у тым, што ў 41-м годзе немцы вельмі хутка захапілі Горадню, а слаўныя чэкісты так порстка ўцяклі, што не пасьпелі зьнішчыць картатэку ўласных агентаў. Завалодаўшы ёю, гестапа зусім ня рупілася расстрэльваць савецкіх сэксотаў — яно іх хуценька перавербавала і змусіла працаваць на нямецкія ўлады. Так яны і працавалі аж да вызваленьня ў 44-м годзе. А як прыйшлі «другія саветы» (так мясцовыя жыхары называлі тагачасную рэстаўрацыю савецкай улады), чэкісты прывезьлі з Масквы захаваныя там дублікаты даваенных картак, і тыя самыя людзі зноў пачалі працаваць на старых-новых гаспадароў. Тое доўжылася шэраг гадоў, іх пасьпяхова выкарыстоўвалі без увагі на іх нядаўняе гестапаўскае мінулае, аж пакуль яны былі патрэбны. Пасьля прыбралі патроху — бяз гвалту і шуму. Але ж людзі ўсё бачылі. Толькі не абураліся. Прывыклі за гады ліхалецьця.
У кватэры было малаўтульна і сьцюдзёна, па ваду трэба было хадзіць праз тры двары. Але я ўвесь дзень быў вольны і пачаў пісаць. Пазьней, калі ўжо стаў аўтарам кніжак, у мяне пыталіся: як і чаму сталася тое? Што хацеў сказаць чалавецтву, якой ісьціне яго навучыць? Мабыць, — ніякіх ісьцін; адразу адчуў, што па натуры я не прапаведнік. Тады для мяне важна было намацаць свой шлях у жыцьці, неяк вызначыцца. Мне ішоў 32-гі год, а ў галоўных адносінах — пошуках свайго месца сярод людзей — я быў пачаткоўцам. Пэўнага месца ў жыцьці ў мяне не было, што, безумоўна, не магло не турбаваць мяне, як і кожнага чалавека ў гэткім становішчы. Тое ж, чым я займаўся зь юначых гадоў, аказалася зманам, пустэчай, поўнаю непатрэбнасьцю. Суцяшала хіба меркаваньне, што ўсё тое адбывалася не па ўласнай волі. На тое быў змушаны. Лёсам, жыцьцём, людзьмі — добрымі і злымі. А найбольш уладай, якая ў нас тады намагалася вызначаць усё — ад глабальных мэтаў да лёсу маленькага чалавека.
У тую зіму пісаў шмат, менш перапісваў і амаль усё рваў на шматкі. Мала што даводзіў да фіналу. Звычайна з ахвотай пачаўшы, неўзабаве траціў цікавасьць. Усё здавалася кепска. Даўшы паляжаць зь месяц, выбраў адно апавяданьне, аднёс у рэдакцыю. Міхась Васілёк сказаў, што будзе паседжаньне літгуртка, дзе і абмяркуем.
Toe паседжаньне абласных аматараў літаратуры было першым і апошнім, у якім я ўдзельнічаў. Прыйшло паўтара дзясятка чалавек розных узростаў — студэнтаў і пэнсіянэраў, адна дзяўчына. Галоўным арбітрам быў выкладчык пэдінстытуту, які няшчадна граміў нас, бы ворагаў прыгожага пісьменства, пасягацеляў на літаратурныя асновы. Iншыя раўняліся на кіраўніка. Мне там дасталося болей за ўсіх. Рэдакцыйны супрацоўнік пападкрэсьліваў чырвоным алоўкам усе займеньнікі ЁН, атрымалася дужа страката і ўражліва. Toe і вырашыла прысуд: дрэнна ва ўсіх адносінах. Зрэшты, у іншых было ня лепш. Пасьля Міхась Восіпавіч суцяшаў, што напачатку так бывае заўжды, хаця для мяне тое было слабым суцяшэньнем. Няхутка пасьля таго наважыўся паслаць новае апавяданьне ў часопіс «Маладосць», які нядаўна пачаў выходзіць у Менску.
Дзеля праўдзівасьці мушу зазначыць, што перад «Стратай» напісаў невялікую вайсковую аповесьць пад назовам «Апошні баец», якую паслаў у «Маладосьць». Аповесьць, на мой погляд, была беззаганнай у ідэйных адносінах, але ў друк яе не прынялі. Загадчык аддзелу прозы Іван Навуменка, паморшчыўшыся, сказаў аўтару, што для часопісу не падыходзіць. Тады я быў гатовы пакрыўдзіцца, а неўзабаве стаўся ўдзячны будучаму акадэміку і народнаму. Праўда, каб зразумець тое, спатрэбілася надрукаваць аповесьць — з працягам у «Чырвонай зьмене». Болей яе не друкаваў нідзе.
Па справах падпіскі ў Горадню прыехаў Георгі Шчарбатаў, беларускі пісьменьнік, намесьнік рэдактара часопісу «Маладосьць». Ён ужо чытаў мае першыя апавяданьні, адно зь якіх надрукавала і ягоная «Маладосьць». Увечары мы спаткаліся ў кафэ на Савецкай і добра пагутарылі. Георгій уважліва паставіўся да мяне, папытаўся, дзе, што? Дзе нарадзіўся, дзе вучыўся. Сказаў, што маеш талент, трэба толькі пісаць. Я сказаў, што філялягічнай адукацыі ня маю, ва ўнівэрсітэце не вучыўся. На тое Шчарбатаў заўважыў, што вучыцца, канешне, трэба, але тое не галоўнае. Галоўнае ўсё ж талент. Ні Талстой, ні Горкі, ні Бунін ня мелі ўнівэрсітэцкай адукацыі. У літаратуры ўсё дасягаецца працай. Таксама як нашыя Брыль або Танк. І калі Шамякін скончыў двухгадовую ПШ, дык ці так ужо шмат набраў там у галіне літаратуры. У партыйных школах літаратуры ня вучаць, вучаць зусім іншаму. Тыя ягоныя словы ўвогуле мне запомніліся, хоць Георгі Шчарбатаў зусім ня быў пісьменьнікам першай велічыні.