Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Ну, але тут, можа, іншая справа. Можа, хоць з увагі да Паўла, калі не да мяне, дадуць дажыць да вясны. Злавіў на вуліцы машыну і перавёз свае клумкі.
Кватэрка ўвогуле аказалася самая занядбаная, пакойчык зь сяньмі, дзьверы ў двор. Замок без ключа, заткнуты дужкай за прабой. Няспраўная грубка, тэлефон на падаконьніку. Тэлефон выклікаў у мяне падазрэньне — чаму ён тут? Да таго ж нявыключаны.
Чаму і для чаго, высьветлілася ранкам, як у дзьверы моцна пастукалі. Завіталі двое і ветліва пацікавіліся, хто тут пасяліўся. Я патлумачыў, яны моўчкі выйшлі. Праз пару гадзінаў прыйшлі зноў, але ўжо зь міліцыянтам і дамаўправам. «Немедленно освободить квартиру! Почему? А потому. Иначе выбросим сами».
У абед прыбягае жончына сястра Вера — у іх таксама скандал. Выклікалі Паўла, пагражалі адказнасьцю. Куды выклікалі? Ды ў КДБ, ён жа там працуе. А гэта ж іхняя тайная кватэра, дзе яны спатыкаюцца з кім трэба. Во дык справы, сказаў сабе Быкаў, во дык улез. Мала што сам улез, дык яшчэ і чалавеку нашкодзіў.
Яшчэ некалькі дзён стукалі ў дзьверы, пагражалі і папярэджвалі. I я ня вытрываў, пайшоў у пошукі іншай кватэры. Спаткаў на вуліцы даўняга знаёмага мастака Блізьняцова, і ён кажа: ёсьць кватэра, нядаўна вызвалілася. Праўда, халодная і без вады. I без туалету. Ня ведаю, ці падключана да электрасеткі. Кватэра аказалася на вуліцы Падгорнай, паблізу ад Нёмана, куды я і пераехаў пад новы 1956 год.
Найбольшы клопат быў вырашаны, заставаўся наступны — праца. Жонка ўладкавалася ў школу хутка, а мне давялося чакаць. У рэдакцыі, куды, вядома ж, неўзабаве завітаў, людзі памяняліся, зьмяніўся і галоўны рэдактар. Новы, Васіль Булай, найперш папытаўся пра маю партыйнасьць і, учуўшы адказ, моўчкі разьвёў рукамі. Ён наогул не любіў свае думкі выказваць словамі. Відаць, засвоіўшы пэўныя ўрокі 30-х гадоў, у гутарцы аддаваў перавагу жэстам, якія можна было разумець як заўгодна. Але тут я зразумеў правільна — працы няма.
Нейкі час падзарабляў у майстэрні мастацкага фонду, дзе таксама амаль усе мастакі былі ўжо новыя. Мой сябра Віктар Марозаў зьехаў на Украіну, Дзешка памёр. Кох сядзеў у лягеры. (Неўзабаве прыехаў рэабілітаваны. Выкрыты КДБ як аўтар карыкатур на Сталіна, аказаўся невінаваты, карыкатуры маляваў іншы.) Я набыў у камісійнай лаўцы радыёпрыёмнік і, застаўшыся ранкам у кватэры з сынам, пачынаў слухаць «Свабоду» ці Бі-Бі-Сі. Апантана працавалі глушылкі, але часам што-нішто можна было ўчуць. Апроч інфармацыйных праграмаў падабаліся шмат якія перадачы на культуралягічныя тэмы — лекцыі В.Вэйдле і Гольдбэрга. Toe было новым і вельмі ўражвала. На Далёкім Усходзе нічога з тых станцыяў учуць было немагчыма.
Там жа, на Падгорнай, напісаў першае пасьля звальненьня апавяданьне, якое аднёс у рэдакцыю. Там у адзьдзеле культуры пазнаёміўся з літкансультантам Міхасём Васільком і аднавіў колішняе знаёмства з літсупрацоўніцай гэтага аддзелу Iрынай Суворавай. Трохі знаёмы з ёй быў з 49-га, калі яна студэнткай прыязджала на газэтную практыку ў Горадню. Пра Міхася Восіпавіча я ведаў няшмат. Да нядаўняга часу гэты заходнебеларускі паэт жыў у Баброўні за Скідалем і за год перад тым перабраўся ў Горадню. Выглядаў ён дужа змарнелым, пакамячаным жыцьцём чалавекам, зрэдчас пісаў юбілейныя вершы, што зьмяшчаліся на першай старонцы газэты. З выпадку знаёмства мы выпілі зь ім на рагу Савецкай і Цэткін, я папытаўся, як яму жывецца, і ён заплакаў. На ўсе мае пытаньні чаму, у чым справа, — ён толькі махнуў рукой. Ужо пасьля стала вядома, што ў той час (як, зрэшты, і пасьля) яго ці ня кожнага дня цягалі ў КДБ, чагось дамагаліся. Але чаго — Міхась Восіпавіч так і не сказаў да самай сваёй сьмерці ў шасьцідзясятым годзе.
Ужо пасьля сьмерці Міхася Васілька стала вядома яго ваенная драма. Змабілізаваны ў польскае войска напачатку Другой сусьветнай вайны ён разам са шматлікімі жаўнерамі трапіў у нямецкі палон, адкуль выбавіўся пасьля нападу гітлераўцаў на Савецкі Саюз. Вядома, як папулярны ў народзе беларускі паэт, ён ня мог прамінуць увагі да сябе нацыянальных сілаў, таксама як і савецкай партызанкі. Міхась Васілёк ухіляўся ад абодвух бакоў, хацеў заставацца нэўтральным, жыць разам зь сям’ёй у сваёй роднай Баброўні. Але тое не ўдавалася. Як ён мне распавёў аднойчы, зь «вялікай зямлі» за ім быў прысланы самалёт, каб вывезьці яго ў Маскву, дзе на той час жылі ягоныя сябры-пісьменьнікі Максім Танк, Піліп Пястрак ды іншыя. Але Васільку позна паведамілі пра тое, ён спазьніўся на партызанскае лётнішча, замест яго ў Маскву паляцеў іншы. З таго моманту ў паэта-селяніна пачаліся вялікія беды. Яго змусілі прыняць удзел у мясцовым зьезьдзе БЦР, які адбываўся ў Беластоку, што стала падставай для арышту Васілька сьмершам пасьля вызваленьня, і ён дужа пашкадаваў, што разам зь іншымі не падаўся на захад. Нейкі час патрымаўшы ў Лідзкай турме, пасьля допытаў і катаваньняў яго, аднак, выпусьцілі. Але не пакінулі без увагі цераз увесь час да самае сьмерці, падазраючы ў ім калябаранта, нямецкага агента.