Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Мы адсюль, напэўна, ня выйдзем…— прашаптала я.
— Глупства, — сурова прамовіў прафесар, які сядзеў паміж мною і Далілай, быццам сапраўды старасьвецкі дзядзька з пляменьніцамі, якіх вывез на баль, і цяпер сочыць за іх добрапрыстойнымі паводзінамі.
— Руслана, не кідайце ўвесь час жаласьлівыя позіркі ў бок вакна. А пэўная ваяўнічая асоба, якую, як высьветлілася, насамрэч завуць Дар’я Сымонаўна... — прамовіў Скаловіч у мой бок, ігнаруючы прысутнасьць Далілы, — павінна пакінуць карбанарскія планы. І ўспомніць, што яна — маці, хаця й вельмі нядбайная, і нясе адказнасьць яшчэ і за ўласнае дзіця. Думаю, хату трэба прадаваць, бо іначай ад вас не адчэпяцца.
Даліла падала раздражнёны голас.
— А я пану прафесару параіла б завучваць версію пра Узьбекістан. Як там Руслана агучыла? Плантацыі бавоўны? А можа, лепей — амнезія?
І спытала з уяўнай абыякавасьцю:
— І чаму вы не сышлі? То вас да ложка трэба было прывязваць, каб затрымаць, то не выпхнуць адсюль…
Скаловіч па-ранейшаму ігнараваў яе прысутнасьць.
— Цікавыя асобы трапляюцца мне на жыцьцёвым шляху. Напрыклад, самаўпэўненыя, ня вельмі разумныя, затое агрэсіўныя кабеты, якія мараць застацца ў пастарунку выключна ў дзявоцкай кампаніі.
— Можа быць, я ня надта разумная! — Даліла пачала злавацца.— А вы… Разумны… Вы ж бясконца просіцеся на той сьвет! Дыскі, бачыш, вашы… Яшчэ крыху, і прызнаецеся, што вы нас з Русланай скралі і гвалтам трымалі ў дамку, даючы волю брутальным эратычным фантазіям.
Скаловіч пасьміхнуўся, гледзячы на шэрую, у пісягах, столь.
— Надзвычай цікавая ідэя! Асабліва наконт “брутальных эратычных фантазіяў”… Мой сябра Уладзімір, псіхіятр, сьцьвярджае, што ў экстрэмальных абставінах чалавек хоча самога сябе пераканаць у тым, што ён моцны, і таму намагаецца пераймаць паводзіны грубых, агрэсіўных людзей, якіх баяўся сам. Брыдкасловіць, думае пра сэкс, робіць разьвязныя рухі. Называецца — знайсьці свайго тыгра. Калі за сьпінаю мышаняці тыгр, чаго баяцца? Нават калі няма — варта ўявіць.
— Вы ўжо колькі разоў згадвалі свайго сябра псіхіятра, — прамовіла я, абы ня думаць болей пра тое, што нас непазьбежна чакае. — Распавялі б пра яго, ці што… Абстаноўка — дарэчы…
Відаць, экстрэмальныя абставіны дзейнічалі на характар хіміка станоўча, таму што пабурчэў ён зусім нядоўга, і пачаў распавядаць:
— Пасьля адной з публікацыяў у французскім навуковым часопісе я атрымаў запрашэньне працаваць асістэнтам у хіміка-фізічнай лабараторыі Жака Перэна ў Сарбоне. Ехаў я ў Парыж бяз жалю — мне не было чаго пакідаць. А Уладзімір Акерман вучыўся там на медыцынскім факультэце, ён дужа цікавіўся псіхіятрыяй. Родам з Растова, мой аднагодак. Яму распавялі, што я захоўваю пад ложкам грымучую іртуць. Тым жа вечарам Акерман пастукаў у дзьверы майго пакойчыка. Валодзя сам нагадваў, дарэчы, грымучую іртуць — не было такой паэтычнай вечарыны альбо цікавай аперацыі ў анатамічным тэатры, каб там не мільгала ягоная чарнавалосая галава.
Знаёмства пачалося з таго, што няпрошаны госьць пачаў угаворваць мяне прайсьці адмысловыя тэсты — як зьмяняецца псіхіка чалавека, які жыве ў сьмяротнай небясьпецы. Дзівак! Каб ён бачыў, што ляжала пад маім ложкам у бабуліным флігелі альбо на чым я спаў падчас вандровак у балагане! Мы напачатку трохі… гучна паразмаўлялі. Але потым Уладзімір, як ні дзіўна, са мной пасябраваў. Можа, мой характар уяўляў для яго прафесійную цікавасьць — ён сапраўды псіхіятр ад Бога, са сваімі тэорыямі і скандальнымі манаграфіямі. Дый і я паступова прывык да ягоных візітаў і доўгіх спрэчак. Карацей, пра мае суіцыдальныя схільнасьці і комплексы, закладзеныя ў дзяцінстве, я хутка мог і сам распавесьці на памяць. Да таго ж, хоць я дрэнна ладзіў з расійцамі — для большасьці з іх беларускага народу не існавала, — Валодзя разумеў мае мары пра Альбарутэнію. Ён і сам належаў да народу, якому ў Расійскай імперыі забаранялася жыць у вялікіх гарадах.
Ня буду ппадрабязна пераказваць пра тое, што перажылі разам. А была і вайна — нямецкія цэпеліны над Парыжам, бамбардзіроўка 1918 году, параза французскіх войскаў на Дамскай дарозе, страйкі, мабілізацыя, бітва на Марне… Я тры месяцы працаваў санітарам у вайсковым шпіталі ў Морэё, непадалёк ад лініі фронту… Але гэта асобная гісторыя. Памятаю, як французскія таксаматоры, чырвона-зялёныя, дапамагалі хутка перавезьці войскі да месца галоўнай бітвы. І пасьля перамогі над “бошамі” паўсюль прадаваліся чырвона-зялёныя цацачныя машынкі… Я прыехаў у Парыж з краіны, дзе сьмерць — справа звыклая, дзе на могілках адбудоўвалі гарады, і мільёны палеглых заставаліся такімі ж безыменнымі, як скошаная трава. Калі я вярнуўся на Беларусь, пра ахвяраў першай сусьветнай ужо ня памяталі. Гаварылі толькі пра рэвалюцыю. А вось у Францыі пасьля перамогі ў 1918 годзе было вырашана ўзьвесьці трыццаць тысячаў помнікаў загінулым. Калі я зьехаў, яны яшчэ ўзводзіліся, але я не сумняюся, што помнікаў ня будзе меней за аб’яўленую колькасьць, бо будаваліся яны па пятнаццаць у дзень. Вялікія, маленькія, у гарадах, паселішчах… Вас цікавіць іншае? Ну як жа, Парыж… Было і іншае — сезоны дзягілеўскага балету. І “Пошукі страчанага часу” Пруста… І кабарэ “Бык на даху”…Чарлстон, уанстэп, шымі… Навамодная амерыканская штука — джаз. Дзіўная музыка, але нешта ў гэтай дзікай хаатычнасьці ёсьць, нібыта ў накіданым хваляй друзе — ракавінкі, водарасьці, чорныя, амаль скамянелыя галінкі… А ўгледзішся — асаблівая прыгажосьць і гармонія.