Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 213
Перейти на страницу:

Эфект, добра мне знаёмы, бо я сам яго адпрацоўваў.

— Пачалося! — Мары ў захапленьні тузала мяне за руку.

І сапраўды, утварылася маленькае сюрэалістычнае пекла. Згасла сьвятло, у цемры пачалі выбухаць крывавыя фейерверкі, а пад нагамі перапалоханай публікі гучна хрумсьцелі-выбухалі петарды.

Брэтон з кампаніяй выбеглі ў белых балахонах, якія ў сьвятле фейерверкаў здаваліся крывавымі. Нехта з яго каманды стаў ракача і, брэшучы па-сабачы, пачаў ганяць дам і нават якойсьці ўчапіўся ў лытку.

Божухна, які ўсчаўся віскат… Беганіна… Вогненныя водбліскі… Відовішча з Дантэ альбо Босха. Чаму наведнікі не ўцякалі? Як я зразумеў, сябрукі Акермана ня толькі выключылі сьвятло, але й зачынілі ўваходныя дзьверы.

Сказаць вам праўду? Мне гэта спадабалася.

Я ніколі не любіў натоўп. Гэтую шматгаловую, шматногую пачварыну, прагную, бязмозглую, сьляпую, якая намацвае шлях тысячамі маленькіх вусікаў і заўсёды гатовая шарахнуцца ў той ці іншы бок, кагосьці зжэрці, стаптаць, усмактаць у сябе, альбо завібрыраваць ад захапленьня, як рабак, які аб’еўся асабліва тлустага дзярма, і падсадзіць чарговага і часовага куміра на сваю сьпіну… Калі я сядзеў унутры мадам Таро, я часта марыў, каб цікаўныя тубыльцы, што тоўпіліся на пляцы перад балаганам, раптам пачалі вось гэтак жа вішчэць, бегаць, спатыкацца, падаць…

І цяпер я адчуваў, што мае вусны мімаволі расьцягваюцца ва ўсьмешцы, што я, прынамсі, Фауст… Бо Мефістофелем мне не дазваляла назваць сябе нават у думках бабуліна хрысьціянскае выхаваньне. Мары падскоквала ад захапленьня, цалавала мяне і крычала, што я геній…

Я і сам гэта ведаў.

Уладзімір матэрыялізаваўся побач з намі.

— Заўважце, як паводзяць сябе астэнічныя асобы… Вунь тая мадам, напрыклад… Якая прыціскае да грудзей сумачку…

Як ён кагось асобнага мог разгледзець у гэтай змрочна-цьмянай куламесе? Між тым натоўп закрычаў асабліва адчайна — сапраўды як адзін арганізм, і пачаў рассоўвацца далей ад цэнтру.

На імгненьне ўключылася сьвятло… І я пабачыў пасярод залы мерцьвяка.

Малады мужчына ў звычайным, як на многіх з прысутных, чорным касьцюме, чамусьці ў капелюшы, які ад падзеньня не адкаціўся ўбок, глядзеў у столь. І сёньня магу аднавіць у памяці гэты твар з ненатуральна жоўтай скурай, шырока раскрытымі сьветлымі вачыма і сьціснутымі яркімі вуснамі.

Запомнілася яшчэ, што ягоны гальштук-батэрфляй зьехаў набок, нібыта да шыі пад левым вухам прысмактаўся кажан-вампір.

Сьвятло зараз жа патухла. Пасьля гэтага, відаць, дзьверы адчыніліся, таму што людзей пачало менець, нібыта ў цемры рассыпалася, распаўзалася агромністае кубло зьмей.

Я моўчкі стаяў і глядзеў у той бок, дзе ляжаў мёртвы. Я разумеў, што гэта я забіў яго.

Зноў стаўся прычынай гібелі ні ў чым не вінаватага чалавека.

І ад таго, што толькі што перажываў ганарлівае захапленьне, мне было яшчэ горш.

Падчас вайны я бачыў мноства трупаў. І куды болей страшнейшых, чым гэты, рэсьпектабельны… Але яго тут ня мусіла быць!

Мары тузанула мяне за руку:

— Фараоны! Уцякаем!

Я стаяў нерухома. Мне здавалася, што я ператварыўся ў сьвінцовы стод, і мяне можна толькі паваліць — але ня ссунуць з месца.

Спадчыньніца ваяўнічай прабабулі злосна закрычала мне ў вуха:

— Ты што, хочаш нас усіх здаць?

Божухна, усё паўтараецца, як і вучыць нас гісторыя чалавецтва, вучыцца ў якой мы, аднак, ня хочам.

Ня памятаю, як мы апынуліся на вуліцы, як усёй кампаніяй заваліліся ў нейкую кавярню на Манмартры… Я ня мог зразумець, чаму ўсе так весела рагочуць, віншуюць адзін аднаго і мяне — з чым? З тым, што мы сталі забойцамі? Я спрабаваў пытацца, што сталася з тым няшчасным — яго штурханулі, і ён няўдала ўпаў, ці ў яго было слабое сэрца? Але мае роспыты сустракаліся рогатам, Мары абдымала мяне і крычала, што ў душы ейнага змрочнага алхіміка жыве залатое дзіця, а Валодзя Акерман спачувальна ўсьміхаўся…

Як я напіўся тым вечарам! Не прыпомню іншага выпадку, каб я мог у сябе ўліць столькі віна. Чым болей я піў, тым выразьней бачылася мая будучыня: я мушу здацца паліцыі. Узяць усё на сябе. Я прыдумаў, я ўчыніў… І ніхто больш.

Проста я нават п’яны ня ведаў, як жыць далей з гэтым… Акерман зноў нешта казаў пра падсьвядомае жаданьне быць пакараным і суіцыдальныя схільнасьці… Другія ляпалі мяне па плячы ў адказ на мой п’яны блёкат: “Не хвалюйся, Валеры, мы заўтра самі цябе адвядзем у жандармерыю!”

Урэшце Мары завяла мяне ў нейкую кватэру, помню толькі шматлікія ўсходнія статуэткі, якія са звонкім стукам падалі пры маім набліжэньні, і агромністы, як іпадром, ложак, накрыты коўдрай з пунсовага атласу.

1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)