Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Не, Даліла мае рацыю — прафесар сапраўды яшчэ не разьвітаўся з падлеткавым узростам.
За гэтыя два тыдні, што я не бачыла Скаловіча, ён не выходзіў у мяне з галавы. І ўрэшце я вырашыла наведаць дом на могілках. Божа, як я сябе ненавідзела… Але ўсё-ткі рушыла.
Калісьці мы зрабілі на ўсіх ключы ад дамка. Я ціха, нага за нагу, зайшла на двор, у соты раз уяўляючы, што мяне чакае за вокнамі, пад якімі тырчэлі высокія ссохлыя мальвы, нібыта інквізітары пад дзьвярыма ерэтыка. Зазірнула ў вакно…
Даліла сядзела на краі ложку, на якім ляжаў Скаловіч, і павольна гладзіла прафесара па твары рукой, схіліўшыся над ім, як мне падалося, з пяшчотай.
У мяне ў грудзях заварушылася вострая ільдзінка. Гэтага проста ня можа быць.
Ня-можа-быць...
Вядома, першае, што падумалася — дарэмна я сюды іду.
Але я ўсё-ткі штурхнула дзьверы з пафарбаваных аблезлай зялёнай фарбай дошак і ўвайшла ў дом, у якім пахла падгнілай бульбай, лекамі і нечым гарэлым.
Даліла пры маім зьяўленьні неяк хутка паднялася і выглядала надзвычай разгубленай. Я перавяла позірк на ложак. І…
Прафесар ляжаў, прывязаны, як у класічным фільме пра кіднэпінг. Відаць, тыя, хто гэта зрабіў, хапалі ўсё, што траплялася пад руку — разарваная прасьціна, вяроўка для бялізны, нават баваўняныя калготкі Вікі ярка-бэзавага колеру. Бледны скамянелы твар, пагардліва падціснутыя вусны, заплюшчаныя вочы.
Я не пасьпела задаць пытаньне, як Даліла загаварыла сама. Божа ж мой, ды ў яе сапраўдная істэрыка — са сьлязьмі і панікай.
— Я ня ведаю, што рабіць! Ён ня слухае! Ён хоча сысьці!
Аказалася, што сёньня раніцай Скаловічу распавялі падрабязнасьці наконт нашых падарожжаў у ягоны час. Ён падышоў сам памацаць сьцяну, абклееную шпалерамі з выцьвілымі ружамі. І… на яго раптам спрацавала. Рука зьнікла ў сьценцы… І, каб Даліла ня кінулася на хіміка, як хорт на лася, ён цяпер быў бы, відаць, зноў у кабінеце таварыша Касіянава.
Прафесар ірваўся ў сьцяну, і добра, што Макс не пасьпеў сысьці на працу — ён жа мажны, як шафа, кілаграмаў сто, — і неяк удалося ўтрымаць госьця…
Макс таксама ня супраць пакінуць тут каштоўную крыніцу інфармацыі пра мінулае… Але ж гэта подла!
— Зараз жа адвяжы яго! — выціснула я скрозь зубы. — Хто ты пасьля гэтага? Ну!..
Мая сяброўка пакорліва апусьцілася на калені ля ложка і пачала разблытваць вузлы. Я дапамагала з іншага боку… Даліла на хвілю прыпынілася і, намагаючыся гаварыць з ранейшай звыклай мне безапеляцыйнасьцю — але сьлёзы перашкаджалі — прамовіла:
— Спадар Валяр’ян! Прашу вас, толькі ня трэба — адразу туды… Прашу… Добра, вам усё роўна, што вас там чакае. Што вас заб’юць. Разумееце — заб’юць! Пакутліва, нерамантычна… Але пабудзьце яшчэ дні тры… Толькі тры дні… Вы ня маеце права мне адмовіць!
Скаловіч нават вачэй не адплюшчыў. Я з недаўменьнем паглядзела на сяброўку.
— А што за тры дні зьменіцца?
— Ня ведаю… — адвяла вочы Даліла.
Скаловіч узьняўся з ложку, і, ня гледзячы на нас, падышоў да вакна. Даліла рушыла за ім, апусьціўшы галаву.
— Ну прабачце мяне…
Я ня верыла сваім вушам. Даліла просіць прабачэньня!
— Валяр’ян… Спадар Валяр’ян…
Даліла глядзела ў ягоную сьпіну, абцягнутую чорнай Максавай кашуляй, нібыта ў сьцяну, за якой схавана нешта дарагое. Мяне нават трохі скаланула: зусім як калісьці Антаніна.