Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Акерман распавёў сябрам пра змрочнага дзівака з хімічнага факультэту, які можа зрабіць хоць вясёлку нябёсную.
Я тады быў ужо чалавек цалкам самавіты. У свае трыццаць — прафесар, сам меў лабарантаў… Мог пераехаць у вялікую кватэру — але па-ранейшаму жыў у адным пакоі непадалёк ад лабараторыі. За маім вакном рос каштан, ягоная вершаліна была абламаная, ня ведаю, кім… Калі я засяліўся, рана была яшчэ сьвежая. І каштан нават трохі прывяў. І я назіраў год за годам, як ён змагаецца за жыцьцё, каржакаваты, нібыта прыгорблены, няўклюдны, але кожную весну ўсё болей дзівосных белых кветак падымаў да парыжскага неба на сваіх вузлаватых руках.
Каштан гэты, здаецца, таксама быў маім сябрам. І, можа, самым лепшым.
Ён, вядома, ня стаў бы падгаворваць мяне ўзяць удзел у той сюрэалістычнай авантуры. Прызнаюся: аднаму Уладзіміру гэта б і не ўдалося. Але ягоная каляжанка Мары…
Та-ак, Мары была стыхія.
Калі Уладзімір нас пазнаёміў, мне было дваццаць сем, а ёй — дваццаць два. Першы год нашага знаёмства быў страчаны мною на тое, каб прымусіць чароўную птушку-парыжаначку з бліскучым чорнымі вачыма назаўсёды забыцца нават шлях у маю лабараторыю, у мой пакой і ўвогуле, каб яна пры сустрэчы, дрыжучы ад страху, пераходзіла на той бок вуліцы.
Дарэмна. Праз год я здаўся.
Мары здаваліся ўсе.
Яна вырасла ў арыстакратычнай прыстойнай сям’і (яе прозьвішча гучэла з прыдомкам “дэ”, у Правансе можна адшукаць разваліны замка пад тым жа назовам, а герб нагадваў пастку на матылёў, стракаты, як кветкавы луг). Мары скончыла каталіцкі пансіён… Потым састрыгла валасы, паступіла ва універсітэт, зьвязалася з авангардыстамі… А шалёны тэмперамент у яе быў ад прыроды. Хвалілася, што адна з ейных пра-пра-прабабуляў забіла мячом нявернага мужа, а потым узброіла слугаў і адбіла напад каралеўскіх жаўнераў, пасланых зьвяршыць правасуддзе над дзёрзкай кабетай.
Мары як найвялікшую сьвятыню захоўвала парык гэтай пра-пра, якой, здаецца, усё-ткі адсеклі галаву на пласе. Шэры, страшны, але пудра на ім усё яшчэ пахла мелісай.
Мая сяброўка насіла шаравары, цюрбаны і курыла доўгія тоненькія цыгарэты. Яе малявалі Жаан Міро і Андрэ Масон… Абодва сюрэалісты, вядома.
Калі вы лічыце, што я быў яе адзіным каханьнем, ці што я ўвогуле быў яе каханьнем — памыляецеся.
Сям’я, манагамія, вернасьць — гэта лічылася таксама “спарахнелым”. Мары нагадвала мне гераіню беларускай балады пра вайтоўну:
Я пераклаў гэтую баладу на французскую мову, і мадэмуазэль сюрэалістка з задавальненьнем яе расьпявала.
Мары ўдалося па-сапраўднаму раззлаваць мяне абвінавачваньнямі ў баязьлівасьці. І… ўрэшце, я вырас у балагане… І я зрабіў ім піратэхнічнае начыньне, ня без задавальненьня, тым болей, гэта быў выклік маёй прафесійнай годнасьці. Агонь мусіў атрымлівацца цьмяны, густога пунсовага колеру… І нічога не падпаліць. Не хапала мне яшчэ няшчасных выпадкаў па маёй віне! Шляхціц Казімір Семяновіч раіў, каб зрабіць агонь крывавым, выкарыстоўваць сурму… Ну і я ад сябе такія-сякія формулы дадаў…
Мары, вядома, павяла мяне глядзець на мяркуемае бярэджаньне.
Публіка, у прынцыпе, ужо была “пужаная”. Пасьля скандалу, што ўчынілі тут яшчэ ў 1885 годзе імпрэсіяністы, чаго толькі не нагледзелася. Магу паспрачацца на мікраскоп — большасьць прыйшла менавіта ў спадзеве на чарговы скандал.
Як на мой густ, не былі выстаўленыя працы такімі ўжо “спарахнеласьцямі”. Меліся і карціны, цалкам адпаведныя назьве “сучаснае мастацтва”, калі з хаатычных рознакаляровых пісягоў альбо разбэрсаных геаметрычных формаў вымалёўвалася чыясь постаць альбо пейзаж. Я хадзіў пад руку з Мары ад карціны да карціны, на гэты раз асабліва шмат вывесілі сюжэтаў з самалётамі ды авіятарамі, і нават забыўся на злавесныя планы “брэтонаўцаў”. Уладзіміра адсунуў некуды ў бок натоўп, але гэта і лепей — Акерман нерваваў мяне, бо ўсё азіраўся па баках ды па-змоўніцку ўсьміхаўся.
Я разглядаў нацюрморт ва ўсходнім стылі з парушэньнем усіх магчымых законаў персьпектывы ( Леанарда да Вінчы ў труне верацяном круціўся): шклянка з сінім напоем, сіня-зялёна-чырвона-жоўты персідскі дыван, кальян, якім карыстаўся нейкі Геркулес, што не кантраляваў уласнае моцы і таму бязьлітасна пагнуў узорысты метал…
Раптам за нашымі сьпінамі пачуўся гучны хрумст, нібыта нешта зламалася.