Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
У вершаказах выявіўся і гумарыстычны пачатак, не вельмі характэрны для эстэтычнай сістэмы Разанава. Напрыклад, пры чытанні вершаказу «Муха», пасля страфы: «Беларуская м у х а прымхлівая: яна пільнуецца сваіх Сёмухаў і сваіх Дзесятухаў, дзе можа ўволю павесяліцца, – пабыць «пад мухай», – праз таўталогію з ужываннем прастамоўнага выразу ствараецца камічны эфект.
Звернем увагу на тое, што, хаця форма (г. зн. гукапіс) у вершаказах шмат у чым і абумоўлівае змест твора (ад пачатку зададзены падпарадкавальныя адносіны), але мы не знойдзем «прахадных» супастаўленняў, словаў, што аказаліся поруч выпадкова, толькі праз фанетычнае падабенства. Гэта не «эксперымент для эксперымента», чым папікалі паэта за квантэмы. Змест, які адкрываецца праз вершаказы, магчыма, разыходзіцца са звыклым разуменнем гэтага паняцця. Можна сказаць, што ў іх мадэлюецца метазмест, звышсэнс. Вось, як пра гэты феномен, затоеныя ў словах інтэртэкстуальныя і міжмоўныя мажлівасці, разважае сам паэт: «У слове заўсёды прысутнічае таямніца. У ім закадзіравана нешта вельмі істотнае, цэлы пласт рэчаіснасці. Вершаказы па меры магчымасці расшыфроўваюць гэты код, дазваляюць слову, каб яно расказала, з кім яно сябруе, як яно адчувае іншыя словы... Часам вершаказы выходзяць на такія памежжы, дзе пачынаюць адгукацца блізкія словы з іншых моў... Гэта пэўным чынам як родзічы, як сваякі, якія апынуліся ў розных краях, ужыліся ў свае абставіны, краявіду, у сваё наваколле, але, аднак жа, яны адзін аднаго пазнаюць здалёк» [134, с. 7].
Такім чынам, вершаказ – аўтарскі жанр29, які скандэнсаваў у сабе шырокі спектр творчых набыткаў А. Разанава і мае вялікі патэнцыял. Як мы пабачылі, галоўным адрозненнем паміж версэтам і вершаказам, апроч названай скразной гукапісальнасці апошніх, з’яўляецца адсутнасць у вершаказах рытміка-інтанацыйных і сінтаксічна-інтанацыйных прыёмаў (паралелізмаў, градацыі, паўтораў, рытарычных фігур і інш.). З фармальнага п. гледжання вершаказ уяўляе чаргаванне пэўных сінтаксічных канструкцый (строф) як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў з рознымі адносінамі (як правіла, – дапаўнення, альбо, як у бінарных вершаказах, – проціпастаўлення). Пры гэтым, нягледзячы на адсутнасць традыцыйных рытміка-метрычных складнікаў творы гэтай эксперыментальнай формы гарманічна ўкладаюцца ў эстэтычную сістэму А. Разанава як паэтычныя праз такія прыёмы, як алітэрацыя і асананс, унутраную рыфмоўку, шырокае выкарыстанне аказіянальнай лексікі, таксама адмысловую монастрафічную пабудову. Яшчэ раз адзначым, што архетыповыя ідэі, якія даследуюцца-распрацоўваюцца ў вершаказах, паслужылі падмуркам для такіх канцэптуальна значных для эстэтычнай сістэмы А. Разанава паэм, як «Гліна», «Камень», «Жалеза», кожная з якіх мае свой вершаказавы прататып.
Ірына Шаўлякова звязвае з’яўленне вершаказаў А. Разанава з «актуалізацыяй у найноўшым мастацтве знаку як неаб’ёмнага квазісімвалу, што змушае некаторых беларускіх літаратараў аднаўляць свой сімвалічны ўніверсум, будаваць наноў свет вакол сябе, складаючы з самых звычайных «рэчаў» своеасаблівую анталогію сутнасцяў». Даследчыца канстатуе, што следствам падобнага засваення рэчаіснасці становіцца тое, што «шараговы «фрагмент» рэчаіснасці, яе знак набывае аб’ёмнасць, глыбіню і важкасць, пераўтвараецца ў частку быційнага грунту, іначай – набывае абрысы і статус сімвала, плоці культуры» [135, с. 102 – 103].
Творы гэтай эксперыментальнай формы бачацца арганічным працягам-вынікам усёй творчасці А. Разанава. У іх ён здолеў ярка і арыгінальна прыкласці свой досвед у розных мовах, а таксама паэтычныя здольнасці. З іншага боку, узнікненне вершаказаў мае гістарычную абумоўленасць: яны запоўнілі пэўны жанраватэматычны вакуум у айчыннай паэзіі, адначасна спрыяючы ўпісанню беларускай паэзіі ў больш шырокі, агульнаеўрапейскі, кантэкст. На сёння творы А. Разанава перакладзеныя больш як на дваццаць моў свету. Праз вершаказы, як і праз іншыя эксперыментальныя жанры, А. Разанаў здолеў раскрыць і паказаць для чытача і цэлай плеяды паслядоўнікаў затоены патэнцыял беларускага паэтычнага слова, яго сугучнасць і генетычную блізкасць з іншымі існымі і мёртвымі мовамі індаеўрапейскай сям’і. Ці, як слушна адзначаюць аўтары падручніка «Беларуская літаратура і свет», «не паэт актыўна выкарыстоўвае залежы народнага маўлення, а само маўленне гаворыць яго вуснамі пра сябе, сваіх носьбітаў, пра тое, што тоіцца ў глыбіні беларускай гісторыі і беларускай свядомасці» [19, с. 240].
Паказальна, што гэтая форма займела свой працяг у кнізе, ад пачатку створанай на нямецкай мове – «Wortdichte» («Словавершы»), 2003 г [142]. Кожны словаверш у ёй мае друкаваны і рукапісны варыянты. Усе творы выкананы з ужываннем графічных сродкаў – «лесвічак», перагорнутых літараў, колцаў, падкрэсліванняў, што, ствараючы кактэйль сэнсаў і алюзій, мае на мэце зрабіць тэкставы адбітак пэўнай рэчы (люстэрка, гузік, талерка, мост і інш.) [гл.: 8–А.]. Паэт здолеў увайсці ў літаратурны кантэкст іншай нацыі і застацца верным свайму прынцыпу – заўжды рухацца далей, ведучы жывы дыялог з рэаліямі сённяшняга дня, бо «паэзія мае справу з рэчаіснасцю ва ўсім яе маштабе» [134, с. 7], і той, хто адначасна пачуваецца шляхам і «тым, хто па ім ідзе», у каго няма загадзя падрыхтаваных адказаў і фармулёвак, магчыма, найперш і варты высокага звання паэта – даследніка рэчаіснасці, які, даследючы, адначасна і якасна трансфармуе яе ў сваёй эстэтычнай сістэме.