Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
А. Р.: Азначэнне ідзе ўслед за з’явай і кожным разам мусіць фармулявацца нанова ці, па меншай меры, дафармулёўвацца і ўдакладняцца.
У сваёй творчай прасторы я дакладна распазнаю і акрэсліваю тое, што напісалася ці хоча напісацца: версэты, вершаказы, зномы, пункціры ці традыцыйныя вершы. Калі па-за ёю — тут усё занадта агульна. Прынамсі, з найменнем «лірыка» я не звыкся і са сваёй творчасцю не суадношу.
«Страла і мэта» — калісьці назваў Уладзімір Калесьнік артыкул пра маю творчасць. Двое — яны адно: і намацаная мэта гэта ўжо і пушчаная страла. Што да медытатыўнай лірыкі, дык гэта страла, пушчаная некуды, — у ноч. Але не ў нікуды, і ноч, у якой усё раствараецца і ўсё прысутнічае, уцягвае яе ў сваё бязмежжа, а здані распачынаюць з ёю сваю размову. Тут шмат зману, і парадай маглі б быць словы Адама Міцкевіча: «Май сэрца і глядзі ў сэрца».
А тое, што вы называеце «пусты розум», — перш за ўсё розум, вольны ад асабовасці, і ён застаецца такім, пакуль страла ляціць ад. Але калі яна са здабыткам досведу (ці, больш дакладна, самім здабыткам досведу) зварачаецца да, «пусты розум» сублімуецца ў логас і здольны ўкладацца ў словы.
— «Гановерскія пункціры» напісаныя ў іншай культурнай, прасторава-часавай сітуацыі. Магчыма, дзеля таго, каб належным чынам успрыняць іх, трэба прынамсі ўяўляць той кантэкст?
А. Р.: «Гановерскія пункціры» маюць сваю спецыфіку і ад айчынных пункціраў адрозніваюцца тым, што ўзніклі ў асяродку, які мне давялося асвойваць і засвойваць, і ім абумоўліваюцца. У іх нешта ёсць і ад нататкі, і ад замалёўкі. Гановер у іх прысутнічае відавочна, а ў прысутным мне важна было заўважыць сутнае. Ці, можа, нават самому заўважыцца ім, і, мабыць, таму, што я быў на гэта настроены, раз-пораз то адзін, то другі гановерскі пункцір кранаў мяне за рукаў.
— Мабыць, самай жанрава нязменнай формай вершу ў Вашай творчасці ёсць версэт. Дастаткова прыгадаць нізку «Заваёўнікі»30, што складаецца з дваццаці твораў, якія пісаліся цягам дваццаці гадоў. Чым Вы тлумачыце такую статычнасьць версэту?
А. Р.: Той змест, што найстойліва падступаўся да свядомасці, ужо не ўкладаўся ў ранейшыя формы. Ён падступаў знутры, як сон, і хацеў урэчаісніцца. Як? Словаў яшчэ не было, а матрыца ўжо намацалася і займела найменне.
Версэт стаўся, прынамсі для мяне, калі не універсальным, то сінтэтычным жанрам. Канцавыя рыфмы традыцыйных вершаў ён развёў па сцежках радкоў і здолеў паказаць, што самыя розныя гукі могуць суадгукацца паміж сабою, калі яны ўведзеныя ў адпаведнае сэнсавае поле, – сэнсарыфмавацца.
Магчыма, у ім нешта ёсць ад Ur-мовы (першамовы). Некалькі разоў — у Швецыі і Нямеччыне — слухачы аб’яўлялі: мы зусім не разумеем беларускай мовы, але нам здаецца, што мы разумеем тое, што чуем...
Што да «Заваёўнікаў», яны пісаліся не цягам гадоў, а наплывамі, і ўсё яшчэ застаюцца дарэшты не выказанымі, хоць я іх і змусіў прыйсці да завяршэння.
— У адным з версэтаў, друкаваных у «Дзеяслове» №17, ізноў з’явіўся архетып шляху. Ці можаце даць дэфініцыю Вашага разумення Шляху? Ці змяняецца яна цягам жыцця?
А. Р.: У «Першай паэме шляху» ёсць радок, які яшчэ не паспеў ад мяне адступіцца: «Я той, хто шлях і хто па ім ідзе». Шлях больш чым архетып. Архетыпы ўтвараюцца са слядоў і з досведу, азначанага гэтымі слядамі. Яны на шляху, а шлях імкне ва ўсё большую наступнасць і ў гэтым сваім імкненні вызваляецца ад усяго, што было, у тым ліку і ад архетыпаў.
— Наколькі ўтульна Вам пачувацца ў сённяшняй літаратурнай сітуацыі — у параўнанні з часамі «Крыніцы», да прыкладу?
А. Р.: Уражанне: айчынная літаратура распалася на паасобныя дзялянкі і латкі, апынулася без стрыжня. Не ведаю, каму ўтульна ў такой сітуацыі, але самой літаратуры — не. Ва ўсе часы яна была Ватыканам у Рыме і ў тым, што пісалася і гаварылася, захоўвала нешта большае за самое тое, што пісалася і гаварылася. Цяпер усё агалілася, таямніцы пазнікалі, і рэалізм — не толькі і не столькі ў нас, але шырэй-шырока — займеў яшчэ адно ўвасабленне.
— Якое?
А. Р.: Умоўна і не ўсур’ёз гэта мушыны рэалізм, ці, калі скарыстацца назвай навэлы Юрыя Станкевіча, рэалізм «ізумрудна-зялёных мухаў». Альбо яшчэ вельмі-рэалізм. Мухі ды чарвякі — найпершыя істоты, якіх вабіць тое, што распадаецца, псуецца, гніе. Ім гэта падабаецца, у гэтым яны знаходзяць спажытак, і — галоўнае — саміх сябе. Яны вельмі-рэалісты, і самою сваёю актыўнай прысутнасцю сведчаць, што з целам рэчаіснасці нешта не так.