Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
Калі тым, хто следам за А. Разанавым пачынаў працаваць на сумежжы паэзіі і прозы даводзілася сцвярджаць права версэта і іншых «маргінальных» жанраў на жыццё, то для паэтаў пазнейшай генерацыі версэт стаецца ўжо даволі-такі звыклым жанрам. Верлібравая творчасць А. Разанава нават сталася аб’ектам для іранічнага пераасэнсавання выдаўцоў часопісу «Nihil» за 2002 г. – друкаванага органу сяброў творчых суполак «Новы фронт мастацтваў» (што пазней эвалюцыянуе ў «Другі фронт мастацтваў») і «Schmerzwerk», дзе пад прозвішчам паэта змешчаныя «Вытрымкі з асноўных правіл вядзення рознічнага гандлю і гандлёва-вытворчай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», графічна разбітыя на радкі на манер верлібру. Гэтым маладыя творцы, большасць з якіх працуе ў жанравым рэчышчы, пракладзеным А. Разанавым, як бы адпрэчвалі «традыцыю».
Сярод прадстаўнікоў суполкі «Другі фронт мастацтваў», што звяртаюцца ў сваёй творчасці да версэтавай формы, найбольш заўважныя дасягненні Змітра Вішнёва, Віктара Жыбуля, Вальжыны Морт, Вольгі Гапеевай і інш., хаця, як правіла, і канцэптуальнай агульнасці з метафізічнай засяроджанасцю версэта А. Разанава тут мы не знойдзем. Названыя творцы распрацоўваюць поле постмадэрновага творчага дыскурсу, дзе адбываецца гульня сэнсаў і кантэкстаў. Дзеля прыкладу прывядзем тэкст З. Вішнёва «Зачараваныя бландзінкі» з кнігі «Фараон у заапарку», які мае толькі фармальныя адносіны да версэта: «Вецер шкрабецца ў посудзе. Рэкі бурбуляцца прасамі. Вакол нас – самалёты. Гэткія маленькія аэрапланы – на лапавых пальцах. На далонях – зігзагі кратаў. На вуснах – ліпавы мёд. // Рукі свецяцца неонам. А вулей – быццам папона. А пад ёй... поні. // Рукі працягваюць белую цукровую цаглінку. // Зачараваную бландзінку». Як бачым, тэкст трымаецца на ўнутранай рыфмоўцы (неона/папона/поні, цаглінку/бландзінку). Рызыкнем выказаць меркаванне, што і сэнсавая яго частка цягнецца за гукапісам і абумоўленая найперш формай.
І нават такі паэт, як Андрэй Хадановіч, які яшчэ ў 2003 г. пазіцыянаваў сябе як прыхільнік выключна сілаба-танічнага вершаскладання [гл.: 130], на сённяшнім этапе сваёй творчасці актыўна карыстаецца верлібравым запісам (гл. яго кнігу «Бэрлібры24» [131]), часам даволі набліжаным да версэ, у чым мы бачым уплыў паэтыкі А. Разанава.
Славацкая даследчыца Івана Джундова ў артыкуле «Жыццё – вандроўніцтва» паспрабавала выявіць «тыпалагічную канфрантацыю» творчасці А. Разанава і Леаніда Дранько-Майсюка, дзе заўважыла некалькі кропак судакранання гэтых, на першы погляд, несудакранальных паэтаў [45].
Вышэй быў прыведзены далёка не вычарпальны пералік творцаў, у творчасці якіх адбываецца наследаванне форме, вынайдзенай А. Разанавым, але нават з прыведзенага можна зрабіць выснову, што версэт займае важкае месца ў сённяшнім паэтычным полі. Такім чынам, разгледзеўшы 25-гадовую гісторыю развіцця разанаўскага версэта, адзначым, што гэты сінкрэтычны эксперыментальна-аўтарскі жанр спалучыў у сабе верш у прозе (версэ) з элементамі верлібра, істотна размыўшы ці пашырыўшы межы паміж паэзіяй і прозай. У гэтым сэнсе сімвалічнай бачыцца памылка выдавецтва, у якім выйшла кніга выбранага «Танец з вужакамі» з серыйнай пазнакай «Беларуская проза ХХ ст.». Нягледзячы на адзначанае перагуканне тэм, вобразаў і матываў, іх перацяканне з твора ў твор, гэты «аўтэнтычны» жанр А. Разанава не падаецца вычарпаным, сведчаннем чаму – з’яўленне новых тэкстаў, якія чакаюць свайго ўдумлівага даследчыка [гл.: 107, 108].