Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
- Автор: Івашчанка Анатоль
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: БНТУ
- ISBN: 978-985-525-021-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:
2.3. Паэтыка «гукасэнсу»: тыпалогія і жанравая спецыфіка вершаказаў
Вершаказ – апошні па часе з’яўлення ў паэтычных зборніках (акрамя зномаў25, якія намі асобна не даследуюцца, а выкарыстоўваюцца толькі як тэарэтычны базіс з прычыны знаходжання па-за тэматычнымі межамі працы) і фармальна найбольш празаізаваны аўтарскі жанр А. Разанава. Упершыню яны з’явіліся ў кнізе «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), змест якой амаль цалкам і склалі. На нашую думку, гэта самая арыгінальная эксперыментальная форма паэта, яго творчая візітоўка.
Калі пры аналізе версэтаў мы, следам за А. Разанавым, казалі пра «сэнсарыфмаванне» складовых элементаў, то ў дадзеным выпадку маем справу з мастацкім феноменам «гукаадлюстравання» (Е. Лявонава [гл.: 70, с. 33]), – суадгукання на фанетычным узроўні, што з’яўляецца таксама тэкстастваральнай рысай квантэм. Сам паэт абазначае вобласць, у якой працуе, «сферай гукасэнсу», якая вырастае з «гульні на гуках» у квантэмах да нечага больш канцэптуальнага, таго, што складае рытміка-інтанацыйны падмурак яго паэтыкі: «... менавіта з увагі да гуку, з патрэбы гуку стаць сэнсам, відаць, і ўзніклі такія мае аўтарскія жанры, як квантэмы і вершаказы... Унутры вызначаных рытмаў, а мы ведаем са школьных яшчэ гадоў: ямб, харэй, дактыль, амфібрахій, анапест – існуюць больш тонкія рытмы. І гэтыя рытмы спалучаны якраз з чалавечым голасам, з чалавечай інтанацыяй... У вершы важны не сам па сабе рытм, а якраз інтанацыя рытму, колер рытму... Вершы, мабыць, і ўзнікаюць як патрэба гэтай інтанацыі прабіцца, выявіцца, сказаць пра сябе» [134, с. 6]. Аўтар называе свой падыход да паэтычнай матэрыі новым станам мыслення, праз які выяўляецца «пачуццё, якое думае, разумее».
Нярэдка вобразы, запачаткаваныя ў квантэмах, выступаюць як творчы матэрыял для далейшых вершаказаў. Гэта добра ілюструецца, напрыклад, праз супастаўленне квантэмы («руіны запарушваюцца / рунь / уваскрашае руны / неба блізка» [95, с. 120]) і страфы з ранняга вершаказу пад назвай «Рунь»: «Рунь – руны зямлі, карункі грунту. / Яна зялёная, але ў яе «турме» ляжыць залатое руно» [101, с. 20]).
На прыкладзе гэтага ж твора добра відаць, што вершаказы (асабліва з кнігі «У горадзе валадарыць Рагвалод») маюць структуру, блізкую да іншай разанаўскай формы – версэта: тая ж падзеленасць на строфы, версэйная арганізацыя тэксту, наяўнасць сказу-выніку. У вершаказе «Рунь» сказ-вынік завязаны на дзеяслоўным аказіяналізме «рунлівее». Для тлумачэння яго этымалогіі прывядзем усю заключную страфу твора: «Аб ёй рупіцца Ярыла. / Яе жагнае вогненым заклёнам Пярун. / І чалавек, пазіраючы на яе, рунлівее норавам» [101, с. 20]. Гукаспалучэнне «рунь», якое абыгрываецца ў творы, і дзеяслоў «рупіцца» складаюць новае, кантэкстуальна абумоўленае паняцце. Падобны прыём рэгулярна скарыстоўваецца ў вершаказах.
Прыклад аказіянальнай словаформы назоўніка знаходзім у вершаказе «Птах» (прыгадаем разгледжаны вышэй версэт з той жа назвай). Тут аказіяналізм «птахчымасці» утвараецца на сутыку слоў «птах» і «магчымасці» [101, с. 113]. У вершаказе «Дым» аказіяналізм «невідзімнасць» створаны праз узаеманакладанне ключавога слова і рускай словаформы «невидимость».
Цяпер падрабязней спынімся на прыёмах, звязаных з алітэрацыяй і асанансам. Так, сярод найбольш характэрных спосабаў гукапісу ў вершаказах умоўна можна вылучыць наступныя: «просты», «адваротны», «анаграмны». Сутнасць самага распаўсюджанага, «простага», спосабу гукапісу ў скарыстанні кораня ключавога слова вершаказа ў нязменным выглядзе. Ключавое слова, якое сам аўтар называе «дамінантнай рыфмай» [134, с. 7], заўжды вынесена ў загаловак і з’яўляецца аб’ектам апісання-асэнсавання, яно «задае адпаведную інтанацыю, вызначае гучанне твора ў цэлым… яно валадарыць, пануе, сцягвае, збірае вакол сябе ўсе астатнія словы» (Е. Лявонава [70, с. 34]).
Словы,што«суадгукаюцца»здамінантнайрыфмай,нез’яўляюцца аднакарэннымі – іх карані на цяперашні момант аманімічныя (хаця магчыма, што пры гістарычна-параўнальным моўным аналізе яны вывядуць да нейкага аднаго старажынага кораня). Прадэманструем гэта на прыкладзе такіх словаў з вершаказу «Рунь»: «Грунвальд, руны, карункі грунту, руно, Пярун».
Слова, якое «рыфмуецца» простым спосабам, не абавязкова цалкам паўтарае корань ключавога і можа ўтрымліваць чаргаванне зычных і галосных. Напрыклад, у вершаказе «Горад»: градучае, ўзнагарода, гуртуе, агарод, пагарда (у словах узнагарода і агарод мае месца анаграмнае змяненне рыфмавай дамінанты); «Крыга»: Рыга, рыгво, Рыгведа, Грыга, крызіс (у апошнім слове [г]/[з] чаргуюцца згодна з правілам пераходу заднеязычнага ў шыпячы пры ў родным склоне назоўнікаў). Чаргаванне зычных пры простым спосабе часта не звязана з прынцыпамі глухасці – звонкасці, шыпячасці – свісцячасці і да т.п.: «дуб26» – «дужы», «парог» – «дарога». Не абавязковае і паўтарэнне ўсіх гукаў ключавога слова: алітэрацыя можа дзейсніцца ужо праз адзін склад (падобнае мы назіралі пры разглядзе квантэмаў): «жалеза» – «іржа», «пачатак» – «час», «нашча», «роспач»; «ступа» – «пуп» і інш. Рэалізуецца таксама рыфмаванне, дзе галосны чаргуецца ў пазіцыі паміж двух паўтаральных зычных: «дым» – «эдэм», «дыядэма», «крыга» – «харугвы» і інш.